Вучэнні МНС: з ліквідацыяй катастрофы справіліся «добра»
Дзякуючы наладжанаму кантролю за бяспекай на вытворчасці, а таксама сур’ёзнай увазе, якая надаецца правядзенню адпаведных прафілактычных мерапрыемстваў, у Беларусі не здараюцца маштабныя тэхнагенныя катастрофы. Але гэта не з’яўляецца падставай расслабіцца і не рыхтавацца да надзвычайных сітуацый. Тым больш, што не абавязкова яны могуць здарыцца з-за «чалавечага фактару».

Негатыўныя змены ў прыродзе і клімаце апошнія гады нярэдка закранаюць і наш рэгіён, усё часцей рэгіструюцца пагодныя катаклізмы з ураганамі і навальніцамі. Таму штогод ў краіне праходзяць вучэнні службаў, якія павінны прымаць удзел у ліквідацыі надзвычайных сітуацый. На гэтым тыдні падобная трэніроўка абласнога маштабу, якая доўжылася два дні, была праведзена на тэрыторыі Пружанскага раёна.

Усё магчымае для выратавання людзей
Найбольш відовішчная частка вучэнняў прайшла ў аграгарадку Стараволя. Па легендзе пры правядзенні земляных работ экскаватар закрануў газаправодную нітку паблізу ад шматкватэрнага дому. Адбыўся выбух і частка будынка абрушылася, у суседнім пад’ездзе пачаўся пажар. Менавіта такія ўмовы былі створаны для аварыйных і выратавальных службаў, пры гэтым вельмі блізкія да рэальнасці. Не было толькі рэальна пацярпелых: у якасці статыстаў выступалі навучэнцы аграрна-тэхнічнага каледжа.

Першымі на месца здарэння прыбылі пажарныя падраздзяленні. Частка работнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях прыступіла да пошуку і эвакуацыі пацярпелых, іншыя адразу пачалі разгортваць абсталяванне для тушэння пажару. Асобная група з выкарыстаннем інструментаў праводзіла ратаванне пацярпелых у аўтамабілі, які трапіў ва ўмоўную зону паражэння.

З адставаннем літаральна ў хвіліны на месцы прыбывалі і іншыя аварыйныя службы: міліцыя, медыкі, спецыялісты філіяла «Пружанскія электрасеткі», брыгады газавікоў і камунальшчыкаў, прадстаўнікі арганізацый, якія задзейнічаны ў эвакуацыі насельніцтва.

Трэба сказаць, што пры трэніроўцы былі распрацаваны самыя складаныя ўмовы, паводле якіх зруйнавалася ўсё, што толькі магло. Напрыклад, газавая служба займалася ліквідацыя ўцечкі газу, камунальнікі працавалі над аднаўленнем водазабеспячэння, энергетыкі — святла для правядзення ліквідацыйных мерапрыемстваў. У задачу праваахоўных органаў уваходзіла забеспячэнне парадку на тэрыторыі населенага пункта, інфармаванне вяскоўцаў і ахова тэрыторыі правядзення выратавальных работ.

Для выратавання пацярпелых была задзейнічана спецыяльнае абсталяванне — маскі і апараты штучнага дыхання, каб вывесці людзей з задымленых памяшканняў. Таксама ў палатку да медыкаў былі дастаўлены на насілках тыя, хто атрымаў траўмы рознай ступені цяжкасці.

Аказаннем ім дапамогі займаліся дзве брыгады хуткай медыцынскай дапамогі і псіхолаг раённай бальніцы. Дзейсную падтрымку ім аказвалі валанцёры раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа на чале з яе старшынёй Л.А.Лелікоўскай.

Тым часам выратавальнікі працягвалі пошук пацярпелых, якія маглі знаходзіцца пад заваламі. У гэтай працэдуры таксама быў задзейнічаны службовы сабака аддзела аховы. Кожную гадзіну ладзіліся мінуты цішыні, калі поўнасцю спынялася тэхніка, каб можна было пачуць просьбы аб дапамозе з-пад руін.

З прылеглых дамоў эвакуяваліся мясцовыя жыхары, ролю якіх таксама адыгрывалі навучэнцы. Пад пункт часовага размяшчэння быў выкарыстаны будынак Старавольскага Дома культуры. Як зазначылі работнікі МНС, у якасці эвакапункта магла выкарыстоўвацца любая ўстанова, якая мае адпаведную плошчу.

Згодна з правіламі, тут павінны быць створаны ўсе ўмовы для таго, каб эвакуяваныя з месца здарэння маглі адчуць сябе ў поўнай бяспецы і пераканацца ў адсутнасці пагрозы іх жыццю і здароўю. Пры гэтым трэба ўлічваць, што людзі ў прыстасаваным памяшканні могуць правесці не адну гадзіну, а значыць, неабходна арганізаваць спальныя месцы, а таксама работу псіхолагаў, якія павінны выводзіць пацярпелых з шокавага стану і процістаяць магчымай паніцы.

На гэты раз з адпаведнымі абавязкамі спраўляліся работнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і іх калегі са Старавольскага ДК і гарадскога Палаца культуры, гаспадарчай групы, клубнай і бібліятэчнай сістэм. Яны арганізавалі рэгістрацыю дастаўленых, месцы для іх размяшчэння з выдачай пасцельных прыналежнасцей і ахову парадку ў памяшканнях. Там жа быў адведзены і асобны пакой для жанчын з немаўлятамі.

За харчаванне, асабліва гарачую ежу, актуальную ў халодны перыяд года, адказвалі работнікі райспажыўтаварыства. Менавіта яны даставілі ўсё неабходнае абсталяванне разам з перасоўным пунктам, у якім, як паведаміў старшыня раённай спажыўкааперацыі Д.П.Карпей, можна за адзін прыём накарміць да 30 чалавек. Што было адразу прадэманстравана назіральнікам вучэнняў. Пры гэтым стравы былі не ўмоўнымі, а сапраўднымі.
Пад кіраўніцтвам штаба

Варта адзначыць, што ўсе апісаныя падзеі адбываліся не адна за адной, як у артыкуле, а адначасова. Пажарныя дастаўлялі ў медыцынскую палатку пацярпелых і за лічаныя секунды перадавалі іх урачам, каб тут жа адправіцца за тымі, хто яшчэ чакаў дапамогу.

Паралельна праводзілася інфармаванне насельніцтва і тушэнне пажару, ліквідацыя наступстваў катастрофы, наладжвалася падача святла. Кожная служба дзейнічала дакладна, як гадзіннік, без мітусні і марнавання часу на лішнія дзеянні. Безумоўна, у асноўным усе ведалі, з рашэннем якіх задач ім давядзецца сутыкнуцца падчас вучэнняў, але падобная трэніроўка вучыць правільна дзейнічаць у рэальнай абстаноўцы.

Менавіта ў гэтым можна было заўважыць адну акалічнасць, якая засталася «за кадрам». Такую дакладную работу аварыйных службаў, кантроль за іх дзеяннямі і наяўнасцю сіл і сродкаў у неабходным аб’ёме арганізоўваў спецыяльна створаны штаб. У яго ўваходзілі кіраўнікі адпаведных арганізацый, а таксама кіраўнікі раёна, якія ўваходзяць у камісію па надзвычайнай сітуацыі пры райвыканкаме.

Штаб вучэнняў сачыў за дзеяннямі аварыйных брыгад і іх забеспячэннем, займаўся зборам інфармацыі аб наступствах і маштабе катастрофы, а таксама аб прыкладнай колькасці пацярпелых. Сюды ж паступалі і звесткі аб дасягнутых выніках і магчымыя прагнозы па развіцці падзей. Таксама ствараўся рэзервовы запас сіл і сродкаў для таго, каб своечасова рэагаваць на негатыўныя змяненні і забяспечваць бяспеку і падтрыманне парадку па ўсёй тэрыторыі раёна.

На працягу двух дзён вучэння з членамі камісіі праводзіліся тактычныя заняткі з рознымі «ўводнымі». Напрыклад, разглядаліся магчымыя дзеянні падчас прыроднай катастрофы, пачатку ваенных дзеянняў з арганізацыяй грамадзянскай абароны. На апошнім этапе да трэніроўкі далучыліся і спецыялісты райваенкамата. Таксама ў гэты дзень праводзілася абследаванне аб’ектаў, якія будуць задзейнічаны ў такіх выпадках. А ў рамках правядзення вучэнняў тэрытарыяльнай сістэмы папярэджання надзвычайных сітуацый раніцай у г.Пружаны і па раёне ўключаліся электрасірэны і ажыццяўляўся FM-перахоп на хвалі 105.6 FM з перадачай тэкста папярэджання.

С.М.Гук, старшыня камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме:
— У тэорыі і на практыцы, лічу, удалося вырашыць усе пастаўленыя задачы. Трэба сказаць, што з моманту правядзення апошніх падобных вучэнняў у нашым раёне мінула 7 гадоў, і нам трэба было праверыць дзеянні новага саставу аварыйных службаў, узгодненасць іх дзеянняў. А таксама функцыянаванне каардынацыйнага органа, які павінен быў стварыць належныя ўмовы для калектыўнай работы.
Прызнаюся, што былі некаторыя недакладнасці, але ў цэлым усе арганізацыі і асобныя работнікі, задзейнічаныя ў комплексных вучэннях, атрымалі выдатную «пракачку». І новыя мэты, над дасягненнем якіх трэба працаваць у далейшым. Таму і выказваю задаволенасць работай усёй раённай сістэмы па ліквідацыі надзвычайных здарэнняў.
Больш фота тут: https://ok.ru/budni/album/893760248968
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.