У хворага чалавека толькі адно жаданне, у здаровага — іх тысячы… Урачыстасць, якая праходзіла ў мінулую пятніцу ў вялікай зале гарадскога Палаца культуры, сабрала тых, хто дапамагае людзям клапаціцца пра ўласнае здароўе. Дзясяткі медыцынскіх спецыялістаў з розных куткоў вобласці, а таксама ганаровыя госці з Мінска прыехалі ў Пружаны на традыцыйны абласны форум аптэчных работнікаў, у рамках якога святкавалася і 190-годдзе з дня адкрыцця першай аптэкі ў нашым горадзе.
На форуме прысутнічалі паважаныя ветэраны аптэчнай службы, маладыя спецыялісты, якія толькі скончылі навучальныя ўстановы, а таксама неабыякавыя жыхары горада, якія разумеюць, што, пакуль ёсць аптэкі, будзе падтрымлівацца на пэўным узроўні і самая галоўная каштоўнасць у іх жыцці — здароўе. Сапраўды, якім бы дасведчаным ні быў урач, без лекаў у многіх выпадках ён бяссільны вылечыць хворага чалавека. Вось тут на дапамогу яму і спяшаюцца сучасныя “алхімікі” — правізары і фармацэўты.
Першым са сцэны вітаў галоўных віноўнікаў урачыстасці намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч, які падкрэсліў важнасць пераемнасці пакаленняў у аптэчнай справе, якая, насамрэч, налічвае не сотні, а нават тысячы гадоў.
— Колькі часу на зямлі існуе чалавек, столькі ён імкнецца знайсці лепшыя сродкі для падтрымання свайго здароўя. У авангардзе гэтага “пошукавага” атрада заўсёды ішлі роданачальнікі аптэчнай справы, якія садзейнічалі развіццю чалавечай цывілізацыі. Менавіта вам, правізарам і фармацэўтам, нашчадкам шматвекавой вялікай справы, хочацца сказаць словы шчырай падзякі за самаадданую працу на карысць чалавецтва і за гатоўнасць прыйсці на дапамогу ўрачам і іх пацыентам, – сказаў Руслан Васільевіч і разам з галоўным урачом раённай цэнтральнай бальніцы В.М.Дараневічам уручыў адміністрацыі цэнтральнай раённай аптэкі каштоўныя падарункі.
Цёплыя словы віншавання адрасавалі аптэкарам розных пакаленняў генеральны дырэктар Брэсцкага РУП “Фармацыя” Алена Ламека і старшыня Савета моладзі гэтай установы Кацярына Клімовіч.
Загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі №7 І.С.Крац запрасіла на сцэну выпускнікоў рэспубліканскіх медыцынскіх універсітэтаў і каледжаў і кожнаму з іх уручыла памятныя падарункі і імянныя чырвоныя стужкі, якія гарманічна дапоўнілі святочныя ўборы маладых людзей.
— Маладосць — гэта лепшая пара для мар і пошуку свайго жыццёвага шляху. Дзейнічайце, здзіўляйце свет сваімі смелымі ідэямі і дасягненнямі! Шукайце – і вы абавязкова знойдзеце свой “філасофскі камень”, свой рэцэпт эліксіра жыцця, які дапаможа чалавецтву жыць доўга і шчасліва, – такі наказ дала Іна Сяргееўна маладым спецыялістам з Брэста і Баранавіч, Пінска і Высокага, Камянца і Лунінца, Кобрына і Ганцавіч.
Вельмі пазнавальным для прысутных аказалася выступленне старшыні рэспубліканскага клуба па гісторыі фармацыі Валянціны Фёдараўны Сасонкінай, якая, выкарыстоўваючы мультымедыйную прэзентацыю, правяла для пружанскай публікі віртуальны экскурс у мінулае аптэчнай справы на Пружаншчыне. Госця прадэманстравала старыя фотаздымкі знакамітых пружанскіх аптэкараў, а таксама выявы цікавых аптэчных рэчаў і прылад, якія сёння захоў-ваюцца ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”.
Шчыра віталі на свяце і ветэранаў аптэчнай справы, якія працавалі на карысць насельніцтва нашага горада і раёна: Н.І. Ільяшэвіч, Я.М. Лук’янчык, Я.С. Ляўчук, Г.М. Брашчук, Т.А. Самайлюковіч, В.М. Самасюк, М.В. Пятрань і, вядома, былую загадчыцу ЦРА А.Ф. Башкірцаву. Гэта іх рукамі гатаваліся лекі, акуратнымі радамі выкладваліся ўпакоўкі і выстаўляліся на вітрыны флаконы, гэта іх увагай саграваліся сэрцы тых, хто страціў надзею на выздараўленне. На жаль, не ўсе ветэраны прысутнічалі на свяце, але аб кожным з іх гучала свая гісторыя, кожнаму з іх былі сказаны словы падзякі.
Дарэчы, менавіта ветэранам прысвяцілі сваё выступленне ўдзельніцы конкурсу “Місіс Залаты ўзрост”, які нядаўна ўпершыню прайшоў у Пружанах. Прызнацца, дэфіле пажылых прыгажунь было феерычным. Свае цудоўныя музычныя віншаванні падарылі ўдзельнікам урачыстасці і артысты Палаца культуры: Віктар Тарасюк, Ірына Курусь, Дар’я Казмярчук, Валерыя Пудоўкіна, Марына Кадука, Валянціна Іванцова і іншыя салісты ўзорнай студыі “Меладзін”. Замілавалі гледачоў і прыгожыя танцавальныя нумары ад народнага ансамбля танца “Спадчына”. Адным словам, кожны госць панёс з сабой неабходную для здароўя дозу галоўнага жыццёвага вітаміну — добрага настрою, радасці і шчасця.
Алена Зялевіч.
Фота Сяргея Талашкевіча.