Ёсць падзеі, якія прымушаюць нас запаволіць тэмп жыцця, успомніць аб мінулым і задумацца пра вечнасць. Такім важным «пасляслоўем» да нядаўна адсвяткаванага Дня Перамогі стаў памятны мітынг, які прайшоў у панядзелак каля брацкай магілы вызваліцеляў на гарадскіх могілках у рамках міжнароднага праекта па ўвекавечанні памяці 52 малдаўскіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні Беларусі. Пяцёра з іх пахаваны на пружанскай зямлі — у вёсках Вялікае Сяло, Слабудка, Парасляны і ў Пружанах.
Падобныя мерапрыемствы з удзелам Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь спадара В.В. Сарачана адбыліся ўжо ў Віцебску, Мінску, Брэсце і іншых рэгіёнах краіны. Нарэшце, каб ушанаваць памяць аб сваіх загінулых земляках і ажыццявіць забор зямлі з іх магіл, Віктар Васільевіч прыбыў на Пружаншчыну.
Разам з кіраўніцтвам раёна, прадстаўнікамі працоўных калектываў і ваеннага камісарыята пасол усклаў кветкі на магілы тых, хто цаной уласнага жыцця здабыў мір і свабоду Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Са слоў падзякі беларусам, якія годна захоўваюць памяць пра герояў той вайны, даглядаюць брацкія магілы і манументы, ствараюць мемарыяльныя музеі, пачаў сваю прамову ганаровы госць.
— Велізарны крывавы след пакінула вайна на беларускай зямлі. Яна спустошыла многія вашы гарады і вёскі. Вы, беларусы, прынялі на сябе самыя страшныя яе ўдары. Але самае галоўнае: калі б усе народы Савецкага Саюза тады не былі разам, увесь свет сёння стаяў бы на каленях перад фашыстамі. Подзвіг, які здзейсніў савецкі народ у Вялікай Айчыннай вайне, не згасне з гадамі. У нас з вамі сёння вельмі важная роля — навучыць наступныя пакаленні беражліва ставіцца да светлай памяці салдат, якія аддалі жыцці за наша светлае неба і шчаслівае жыццё, — з непрыхаваным хваляваннем закончыў сваё выступленне Віктар Сарачан.
Аб велічы і значнасці Вялікай Перамогі, якая была здабыта, дзякуючы адзінству народаў і нязломнай волі духу савецкіх салдат, аб неабходнасці захавання памяці пра нашых слаўных дзядоў і прадзедаў казаў і старшыня райвыканкама М.М. Крэйдзіч.
— Мы ганарымся тым, што менавіта савецкі салдат узняў сцяг Перамогі над рэйхстагам, як знак непахіснасці многіх народаў. Менавіта пра гэта адзінства людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў мы павінны гаварыць з падрастаючым пакаленнем, каб падобнай бяды ніколі не паўтарылася. Схілім галовы ў памяць аб героях, — заклікаў прысутных кіраўнік раёна.
Адзначыў подзвіг пахаваных у Пружанах 250 воінаў 28-ай арміі Першага беларускага фронту і настаяцель Свята-Праабражэнскай царквы протаіерэй Ігар Мрыхін. У суправаджэнні хору храма святар правёў памінальную ліцію па загінулых.
Пасля заканчэння памінальнага набажэнства была праведзена ўрачыстая цырымонія забору зямлі з прахам малдаўскіх салдат, капсула з якой будзе закладзена сёлета восенню ў крыпце царквы Усіх Святых у г. Мінску ў рамках мерапрыемстваў з нагоды асвячэння гэтага храма-помніка. Такім чынам будзе пакінуты яшчэ адзін памятны знак нашай гісторыі
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.