Вторник, 21 января 2025

В Пружанах открылась комната боевой славы воинов-интернационалистов

1 009

У гарадскім Палацы культуры ўрачыста адкрыўся пакой баявой славы воінаў-інтэрнацыяналістаў. Значнасць гэтай падзеі неацэнная для жыхароў Пружаншчыны, за-цікаўленых у гісторыі роднага краю і лёсах землякоў. Створаны пакой баявой славы, які мае вялікае значэнне і ў плане патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, — гэта спроба захаваць памяць пра тых, хто не вярнуўся з афганскай вайны. Аб гэтым у мінулы аўторак падчас урачыстага адкрыцця экспазіцыі гаварыў старшыня раённай арганізацыі «Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане» («БСВВА») В.М. Гарахавіцкі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел таксама старшыня райвыканкама М.М. Крэйдзіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў М.П. Кудравец, прадстаўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў горада, ветэраны, зацікаўленыя гараджане і школьнікі.


Як расказаў Валерый Мікалаевіч, ствараўся пакой баявой славы даволі працяглы тэрмін. Нямала часу спатрэбілася на вырашэнне арганізацыйных пытанняў, звязаных з пошукам падыходзячага памяшкання, са зборам патрэбнай сумы грошай… У гэтым істотную дапамогу аказалі мясцовыя службы і ведамствы, грамадскія аб’яднанні і, вядома ж, кіраўніцтва раёна. Вялікі ўклад у гэтую справу зрабіла і сама раённая арганізацыя «БСВВА», члены якой на працягу многіх гадоў праводзілі маштабную работу па зборы і сарціроўцы экспанатаў, а таксама па распрацоўцы стратэгіі экспазіцыі.


— Словам, ад ідэі да яе рэальнага ўвасаблення прайшлі доўгі цярністы шлях, што толькі павялічвае каштоўнасць зробленага,— адзначыў старшыня раённай ветэранскай арганізацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў.
І вынік гэтай работы змаглі пабачыць усе жадаючыя ў дзень адкрыцця пакоя баявой славы. На паліцах спецыяльных шаф размясцілася больш за дзве тысячы экспанатаў, хаця, на самай справе, іх значна больш, дзякуючы чаму выстава пазней будзе паступова папаўняцца і абнаўляцца.


Кожны з экспанатаў кранае за душу. Многія рэчы «рэальныя», бо яны прайшлі разам з іх уладальнікамі полымя афганскай вайны. Зброя савецкіх салдатаў і душманаў, форма абодвух бакоў, абмундзіраванне і абсталяванне, якое сапраўды выкарыстоўвалася ў баях. Побач размешчаны макеты, якія адлюстроўваюць асаблівасці той мясцовасці і паказваюць, якім чынам ладзіліся засады на савецкія калоны тэхнікі. Ілюстрацыі, шмат літаратуры таго перыяду, пісьмы, газетныя выразкі і іншыя друкаваныя матэрыялы. А яшчэ фота-здымкі, сотні фотаздымкаў нашых землякоў, якія выконвалі ў Афганістане інтэрнацыянальны абавязак: дэмбельскія альбомы, здымкі на памяць з сябрамі, некаторыя з якіх загінулі або не дажылі да гэтага ўрачыстага моманту. Цэлая гісторыя ў асобах. Гісторыя, якая хоць і адбывалася вельмі далёка ад Беларусі, але закранула многія пружанскія сем’і.


Пра ўсе экспанаты вельмі падрабязна расказаў В.М.Гарахавіцкі. З цікавасцю ветэрана слухалі і дарослыя наведвальнікі, і дзеці, многія задавалі ўдакладняльныя пытанні, прасілі патрымаць у руках тую ці іншую гістарычную рэч. Няма ніякага сумнення, што многія з тых, хто ўпершыню трапіў у пакой баявой славы, абавязкова вернуцца сюды яшчэ не адзін раз. А таксама параяць зрабіць гэта сваім знаёмым.
Напрыканцы экскурсіі старшыня райвыканкама М.М. Крэйдзіч пакінуў запіс у кнізе водгукаў. Міхаіл Мікалаевіч падзякаваў усім, хто праявіў актыўнасць у такой патрэбнай справе.
Пакуль рэжым работы пакоя баявой славы не ўстаноўлены, бо ён будзе дзейнічаць па грамадскай ініцыятыве і па заяўках устаноў адукацыі і выхавання, якія зацікаўлены ў правядзенні экскурсій. Таму В.М.Гарахавіцкі раіць адпаведныя пытанні вырашаць з ім па тэл.8-033-331-24-52.
Алег СІДАРЭНКА, фота аўтара.