Воскресенье, 20 апреля 2025

В Пружанах определили лучших продавцов Брестчины

2 181

На базе Пружанскага райспажыўтаварыства прайшоў ХХХ абласны конкурс прафесійнага майстэрства сярод прадаўцоў харчовых і нехарчовых тавараў. Памерацца сіламі ў прафесіяналізме, знаходлівасці і нават творчых здольнасцях прыехалі прадстаўнікі Бярозаўскага, Пінскага, Баранавіцкага, Іванаўскага, Камянецкага, Івацэвіцкага, Маларыцкага і іншых райспажыўтаварыстваў — усяго 26 чалавек, сярод якіх былі  толькі два прадстаўнікі моцнага полу.

Пружанскае райспажыўтаварыства прадстаўлялі прадавец Наталля Грышкевіч, якая працуе ў прадуктовым магазіне «Шанц» г.Пружаны, і работніца парфумернага аддзела «Гандлёвага цэнтра» Ганна Маркечка.

20160728_2983_измен.размер

Адметна, што шоу-праграма «Лепшы па прафесіі» прайшла напярэдадні Дня работнікаў гандлю. Як зазначыла намеснік старшыні праўлення Брэсцкага аблспажыўтаварыства Л.М.Казлова, якая адкрыла конкурс, падобныя мерапрыемствы — новая прыступка ў прафесійнай дзейнасці работнікаў прылаўка: дзякуючы падрыхтоўцы да конкурсу, прадаўцы ўдасканальваюць сваё майстэрства, даказваюць прафпрыдатнасць, павышаюць прафесійны ўзровень і, як вынік, ствараюць станоўчы імідж усёй сістэмы спажывецкай кааперацыі.

Конкурсанты былі пастаўлены ў роўныя ўмовы, і, мяркуючы па строгім падыходзе журы да адзнакі заданняў, вызначалі лепшага па прафесіі не фармальна. На што здольны ўдзельнікі, журы выяўляла з дапамогай заданняў, якія патрабавалі не проста творчага падыходу, але, у першую чаргу, ведання гандлёвай справы.

Бадай, адзіны  конкурс,   які абапіраўся выключна на творчыя здольнасці работнікаў гандлю, — «Візітоўка». Але і ў ім улічвалася паўната раскрыцця тэмы: «Чаму я абраў прафесію прадаўца?».

Вершы, песні, танцы, відэа- і фотапрэзентацыі — формы выступленняў былі разнастайнымі. І, канешне, хочацца падзяліцца сваім уражаннем наконт таго, што адбывалася на сцэне. Прыемна, што некаторыя канкурсанты расказвалі пра сябе на роднай беларускай мове.

Разам з тым, на жаль, давялося канстатаваць той факт, што сёння, дзякуючы інтэрнэту, лёгка можна чужыя творчыя ідэі выдаць за свае. Так, здарыўся канфуз у двух удзельніц: тэкст вершаванага расказа пра свой шлях у прафесію аказаўся… аднолькавым.

Што тычыцца прадстаўніц  Пружаншчыны, сорамна за іх не было — вельмі крэатыўныя дзяўчаты, не абдзеленыя творчымі задаткамі, падрыхтавалі запамінальныя і тэхнічна складаныя нумары.

20160728_2281_измен.размер

Не абышлося без заўваг журы падчас другога задання — зрабіць рэкламу тавараў: шэраг канкурсантаў грашылі тым, што карысталіся падказкамі, у тым ліку таксама звяртаючыся да сусветнага павуціння. Затое гэта  дапамагло вылучыць з 26 чалавек самых граматных і арыгінальных піяршчыкаў.

Веданне правілаў гандлю і заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў правяралі з дапамогай тэсціравання.

У перапынках паміж конкурсамі забаўлялі шматлікіх балельшчыкаў мясцовыя артысты — Валюша Іванцова, народны ансамбль танца «Спадчына», Таццяна Паласьмак.

Напэўна, столькі прадаўцоў адначасова ніколі не абслугоўвала пакупнікоў пружанскіх «Універсама» і «Універмага»: на завяршальным этапе конкурсу ўдзельнікі і журы перамясціліся ў гэтыя магазіны, каб  даць адзнаку прафпрыдатнасці з дапамогай практычных заданняў. На падрыхтоўку адводзілася адна гадзіна, а заданне складалася з дзвюх частак: афармленне рабочага месца і зносіны з пакупнікамі.

Выкладка перапрацаванай рыбы,  кандытарскіх вырабаў, каўбас і мясных паўфабрыкатаў, мікракомплексу для дзіцячага харчавання… Прадаўцам харчовых тавараў аказалася на дзіва лёгка з’арыентавацца ў афармленні прылаўкаў, за якімі яны стаяць штодзень, і абслужыць пакупнікоў.

20160728_2467_измен.размер

20160728_2493_измен.размер

20160728_2550_измен.размер

Тым жа, хто працуе з таварамі прамысловымі, было складаней. Напрыклад, Уладзімір Церашчук, удзельнік конкурсу з Маларыты, на працоўным месцы мае справу з будаўнічымі і гаспадарчымі таварамі. Але ў білеце, які выцягнуў, яму прапанавалася аформіць таварна-дэкаратыўную экспазіцыю цацак «Расцем і развіваемся» і абслужыць пакупніка, які выбірае бялізну для немаўляці.

20160728_2561_измен.размерА вось Кацярына Кіцель з Брэсцкай міжрайбазы заявіла, што ёй пашанцавала з заданнем: хаця  яна і дэманструе сваім пакупнікам пераважна посуд, з’арыентавацца дзяўчыне ў ювелірных вырабах і парфумерна-дэкаратыўнай касметыцы аказалася прасцей простага.

20160728_2586_измен.размер

Пры выстаўленні адзнак канкурсантам улічвалася літаральна любая дробязь: не толькі правільнасць выкладкі тавараў, але і прывабнасць вітрыны, выкарыстанне прынцыпаў мерчандайзінгу; не толькі ветлівасць з пакупнікамі, але і ўменне пераконваць, хутка і якасна абслугоўваць.

Каб вызначыць лепшых  прадаўцоў Брэстчыны, спатрэбілася каля васьмі гадзін. Адзнакі, выстаўленыя журы, падлічыў камп’ютар. Праўда, без падзяк, дыпломаў у асобных намінацыях і падарункаў спонсары конкурсу — пастаўшчыкі-партнёры КУВП «Манькавічы», ТАА «БелГлобалГарант», ААТ «Брэсцкі мясакамбінат», ААТ «Белалка», ААТ «Маларыцкі кансервава-агароднінасушыльны камбінат», СП «Санта Імпэкс Брэст» і іншыя — не пакінулі нікога. Лепшым рэкламшчыкам, напрыклад, быў прызнаны Ягор Селях (Камянецкае райспажыўтаварыства),

20160728_2909_измен.размер

самым эрудыраваным прадаўцом — Кацярына Міжыгурская з Баранавіч, самым крэатыўным — Аляксандра Трушко з Брэста. Без падзякі не засталося нават кіраўніцтва Пружанскага райспажыўтаварыства, якое па-за спаборніцтвам адзначылі за высокую падрыхтоўку конкурсу «Лепшы па прафесіі».

Перш чым назваць імёны пераможцаў і падоўжыць інтрыгу, выконваючая абавязкі старшыні праўлення аблспажыўтаварыства Т.У.Чэрапава зазначыла, што на гэты раз узровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў прыемна парадаваў, — канкурсанты больш адказна паставіліся да задачы, чым у папярэднія гады. «І памятайце: прадаўца будуць паважаць да тых пор, пакуль ён будзе прафесіяналам у сваёй справе, — звярнула ўвагу Таццяна Уладзіміраўна. — А добра развіты калектыў — рухавік гандлю: менавіта на гэтую галіну прыходзіцца каля 75% ад агульнага аб’ёму дзейнасці сістэмы спажыўкааперацыі».

І вось нарэшце настаў час назваць імёны пераможцаў.

Сярод канкурсантаў нехарчовай групы тавараў самым лепшым прадаўцом стала Ганна Маркечка з Пружан, другое месца заняла Таццяна Кішкевіч з Лунінца, трэцяе — Людміла Янушчык з Драгічына.

У другой групе абсалютнай пераможцай стала прадавец Лунінецкага райспажыўтаварыства Марыя Арэхва,

20160728_2975_измен.размер

а другое месца раздзялілі Наталля Грышкевіч (Пружаны) і  Кацярына Цімашук (Івацэвічы), якія набралі аднолькавую колькасць балаў.

20160728_2948_измен.размер

20160728_2963_измен.размер

Пружанскія дзяўчаты прызналіся, што падчас падрыхтоўкі да конкурсу давялося пакарпець — прыйшлося амаль што напамяць вывучыць дапаможнік прадаўца, нарматыўныя дакументы і спецыялізаваную літаратуру. Да конкурсу ім былі пашыты стыльныя  касцюмы. Але ўсе прыкладзеныя намаганні  аказаліся таго вартыя.

Наступным этапам для Ганны і Наталлі стане ўдзел у рэспубліканскім конкурсе, з якога на рабоце іх чакаюць з перамогай.

 

Марына ВАКУЛЬСКАЯ

Фота аўтара і Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *