Понедельник, 9 декабря 2024

В Пружанах будут дооборудованы площадки для выгула собак, а также усилится контроль за регистрацией животных

746

З’явіліся добрыя навіны для ўладальнікаў сабак у Пружанскім раёне.
КУВП “Камунальнік” плануе да 15 ліпеня даабсталяваць пляцоўкі для выгулу сабак (нагадаем, што на дадзены момант вызначана тры тэрыторыі: па вул. Ракасоўскага (за дамамі новай забудовы), вул. 8 Сакавіка (на пустцы), вул. Юбілейнай (на пустцы за гаражамі). Таксама будуць абсталяваны вальеры для часовага ўтрымання безнаглядных жывёл, якія будуць змяшчацца туды пасля адлову. У той жа час будуць праведзены мерапрыемствы па выяўленні незарэгістраваных сабак і кошак.


Каго трэба рэгістраваць?
Як паведаміў спецыяліст па рабоце з насельніцтвам КУВП «Камунальнік» В.Г.Халецкі, наша заканадаўства прадугледжвае абавязковую рэгістрацыю для сабак і катоў. Зрабіць гэта можна ў жыллёва-камунальнай службе па месцы жыхарства. Не забудзьце ўзяць з сабой пашпарт і ветэрынарны пашпарт жывёлы (калі ёсць). Дарослых жывёл трэба зарэгістраваць у трохдзённы тэрмін з моманту іх набыцця, шчанят і кацянят — ва ўзросце ад 3 да 3,5 месяцаў. Вам выдадуць спецыяльнае пасведчанне і жэтон з індывідуальным нумарам, які прымацоў-ваецца да ашыйніка жывёлы. Пры гэтым гаспадар павінен будзе азнаёміцца з Правіламі ўтрымання хатніх сабак, кошак, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь, санітарнымі і ветэрынарнымі правіламі.
Майце на ўвазе, што рэгістрацыя сабак, чыя парода лічыцца патэнцыйна небяспечнай, магчыма толькі пры наяўнасці даведкі аб праходжанні адпаведнага навучання.
Рэгістрацыя бясплатная.

Для чаго гэта рабіць?
Найперш, каб не парушаць дзеючае заканадаўства. Важна і тое, што сабаку з жэтонам пра-йсцей вярнуць гаспадару, калі ён па нейкіх прычынах згубіўся. Сабак з ашыйнікам і жэтонам не адстрэльваюць (у адваротным выпадку гаспадар мае права звярнуцца ў суд).

Ці давядзецца пасля рэгістрацыі плаціць падатак?
Гаспадарам катоў адназначна не. А вось за сабак, якія пражываюць у шматкватэрных жылых дамах, давядзецца заплаціць – 0,3 базавай велічыні (сёння 1 БВ складае 27 рублёў) у квартал. Для ўладальнікаў сабак патэнцыйна небяспечных парод стаўка вышэйшая – 0,75 базавай велічыні. Падатак бярэцца адначасова з аплатай жыллёва-камунальных паслуг.
Непрацуючым пенсіянерам, інвалідам I або II груп можна не плаціць за чатырохлапага сябра ў сваёй кватэры, калі там не прапісаны працуючыя члены сям’і. Таксама ад платы падатку вызваляюцца інваліды па зроку, для якіх сабака з’яўляецца павадыром.


Асноўнае з Правілаў, што павінен ведаць кожны гаспадар:
*у кватэры шматкватэрнага дома можна трымаць не больш за двух сабак, катоў;
*усе сабакі, акрамя шчанят і тых, чый рост у карку менш за 25 см, на прагулцы павінны быць у намордніку і на кароткім павадку;
*нельга прыводзіць сабак, катоў у магазіны, на прадпрыемствы грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання насельніцтва, у школы і дзіцячыя дашкольныя ўстановы;
*забаронена непаўналетнім выгульваць сабак патэнцыйна небяспечных парод;
*нельга ўтрымліваць незарэгістраваных жывёл.
З астатнімі Правіламі вас пазнаёмяць пры рэгістрацыі. Звяртайцеся на адрас: вул. Свабоды, 73А. Тэл. 9-30-99.

Даведка “Рб”:
У 2019 годзе ў Пружанскім раёне было зарэгістравана 53 жывёлы (44 кошкі і 9 сабак). За 2020 год – 10 сабак і адна кошка.
За 2019 год было знішчана 307 сабак і 30 катоў. 222 — па заяўках сельвыканкамаў, астатнія ў горадзе.

Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч. Фота Сяргея Талашкевіча.