Воскресенье, 13 октября 2024

В поликлиниках республики начали вести прием врачи общей практики. Готовы ли к этому в Пружанах?

1 244

На бэйджыку, прымацаваным да халата маладога спецыяліста, што вядзе прыём у Пружанскай паліклініцы, пазначана: «Ліцкевіч Вікторыя Аляксандраўна, урач агульнай практыкі».

Нехта з пацыентаў пацісне плячыма: маўляў, меркаваў трапіць да тэрапеўта. Іншы спытае: а што змянілася, акрамя назвы? Але ж на самай справе змянілася многае…

З 2020 года замест участковых тэрапеўтаў прыём у паліклініках Беларусі пачалі весці ўрачы агульнай практыкі. Навошта спатрэбілася падобная «змена шыльды», якім чынам гэта паўплывае на абслугоўванне пацыентаў?
Менавіта гэтыя пытанні мы задалі загадчыцы аддзялення агульнаўрачэбнай практыкі Пружанскай ЦРБ Ж.Ж.Ісакавай.


Фармат — не новы
— Адразу адзначу, што такі фармат медыцынскага абслугоўвання для многіх жыхароў нашага раёна не з’яўляецца навінкай,— гаворыць Жанна Жанаўна.— Напрыклад, фельчары вясковых ФАПаў і ўрачы амбулаторый даўно ўжо асвоілі гэты накірунак, і ў сельскай мясцовасці людзі прывыклі, што яны звяртаюцца па дапамогу да спецыялістаў шырокага профілю. Ва ўсіх развітых краінах прымяняецца такі падыход, і ўрач агульнай практыкі лічыцца найбольш запатрабаванай спецыяльнасцю ў медыцыне.
— Якія абавязкі ўскладваюцца на ўрачоў агульнай практыкі?
— Менавіта абавязкамі яны і адрозніваюцца ад звычайных тэрапеўтаў. Наяўнасць базавых ведаў па кожным з раздзелаў медыцыны — асноўная прыкмета ўрача агульнай практыкі. Іншымі словамі, такога спецыяліста можна назваць тэрапеўтам, які прайшоў паглыбленую прафесійную падрыхтоўку. У выніку ад яго патрабуецца валодаць рознабаковымі ведамі і навыкамі ў афтальмалогіі, хірургіі, дэрматалогіі, фтызіятрыі і іншых абласцях медыцыны, умець аказваць неадкладную дапамогу.
Гэта відавочна і па іх дзейнасці. Напрыклад, раней тэрапеўт, які выявіў якое-небудзь захворванне на пачатковай стадыі, адразу накіроўваў да вузкіх спецыялістаў — хірурга, акуліста, эндакрынолага ці іншых. Цяпер жа ўрач агульнай практыкі дапаможа зэканоміць час і самастойна акажа пацыенту першасную дапамогу ў большасці выпадкаў. Зразумела, пры ўмове, што гэта хвароба не дасягнула таго стану, калі толькі вузкі спецыяліст зможа прыняць неабходныя меры.
Такім чынам, урач агульнай практыкі зможа праводзіць многія медыцынскія працэдуры і абследаванні, ажыццяўляць дыспансернае назіранне хранічных хворых, праводзіць лячэбна-дыягнастычныя, рэабілітацыйныя і прафілактычныя мера-прыемствы ў большым аб’ёме, чым гэта здольны зрабіць звычайны ўчастковы тэрапеўт. Дзякуючы гэтаму, магчымасці абслугоўвання пярвічнага звяна, якое раней складалася толькі з участковых тэрапеўтаў, істотна павялічваюцца.
— Якім чынам падобная практыка будзе дзейнічаць у сферы аховы здароўя нашага раёна?
— Патлумачу гэта на наступным прыкладзе. Усе пацыенты, якія пакутуюць на цукровы дыябет ІІ тыпу (неінсуліназалежныя), перададзены ўрачу агульнай практыкі. Бо такім пацыентам часцей за ўсё патрэбна медыцынскае назіранне з выдачай адпаведных кансультацый адносна прыёму неабходных прэпаратаў і іх дазіроўкі, пры неабходнасці — вырашэнне пытання шпіталізацыі. Калі ўзнікне патрэба ў кансультацыі эндакрынолага, то хворы атрымае такое накіраванне.
Падобны фармат істотна разгружае вузкага спецыяліста, які зможа больш аператыўна аказваць дапамогу хворым, якія пакутуюць на цукровы дыябет І тыпу (інсуліназалежныя). Такая дзейнасць у нашай бальніцы была ўкаранёна даўно, і зараз «шырака-профільныя» ўрачы абслугоўваюць больш пацыентаў, чым самі вузкія спецыялісты.

Патрэбна высокая кваліфікацыя


— Жанна Жанаўна, ці не абернецца гэта новаўвядзенне простай «зменай шыльды», у выніку чаго звычайных тэрапеўтаў «нагрузяць» дадатковымі абавязкамі?
— Загадзя была праведзена прафесійная падрыхтоўка тэрапеўтаў, што практыкавалі ў нашай бальніцы. І цяпер я магу з упэўненасцю сказаць, што яны могуць працаваць урачамі агульнай практыкі. Дакладней адзначу, што іх здольнасці ўжо атрымалі пацвярджэнне «ў палявых умовах».
Працяглы час дзевяць спецыялістаў у цэнтральнай бальніцы, тры — у Ружанах і два — у Шарашэве ажыццяўляюць амбулаторны прыём і хатняе наведванне, аказваюць неадкладную дапамогу, праводзяць комплекс прафілактычных, лячэбна-дыягнастычных і рэабілітацыйных мерапрыемстваў, садзейнічаюць у вырашэнні медыка-сацыяльных праблем у сем’ях.
Яны аказваюць бесперапынную першасную медыка-санітарную дапамогу пацыентам незалежна ад іх полу і характару захворвання. Спецыялісты праводзяць агляд і ацэньваюць дадзеныя фізічнага абследавання наведвальніка, складаюць план лабараторнага ці інструментальнага даследавання, нават інтэрпрэтуюць вынікі лабараторных аналізаў: прамянёвых, электрафізіялагічных і іншых метадаў назірання.
Увогуле нашы ўрачы агульнай практыкі падрыхтаваны да самастойных абследаванняў без прыцягнення (неапраўданага) вузкіх спецыялістаў, дыягнастуюць і, калі трэба, лечаць, рэабілітуюць пацыентаў, прызначаюць дадатковыя даследаванні, кансультацыі ці шпіталізацыю з далейшым назіраннем за найбольш распаўсюджанымі захворваннямі.
У кола абавязкаў урачоў агульнай практыкі таксама ўваходзяць:
— акушэрская дапамога і лячэнне дзяцей — у сельскай мясцовасці;
— дапамога пацыентам з прафесійнымі захворваннямі;
— медыцынскае ўмяшальніцтва пры вострым ці неадкладным стане арганізма, які патрабуе рэанімацыйных мерапрыемстваў або інтэнсіўнай тэрапіі;
— аналіз стану здароўя замацаванага за спецыялістам кантынгенту;
— прафілактыка захворванняў і мерапрыемствы па ўмацаванні здароўя насельніцтва, уключаючы фарміраванне здаровага ладу жыцця, скарачэнне злоўжывання алкаголю і тытуню;
— вядзенне ўлікова-справаздачнай медыцынскай дакументацыі.
Яшчэ раз адзначу, што ў практыцы падобных «шыракапрофільных» спецыялістаў выяўленне ранніх і схаваных формаў захворванняў, сацыяльна значных хвароб і фактараў рызыкі шляхам дыспансерызацыі ва ўстаноўленым парадку, у тым ліку дзяцей, інвалідаў, асоб старэйшай узроставай групы.

Праблемы ўкаранення?


— А калі пацыент будзе настойваць, што яму патрэбны не ўрач агульнай практыкі, а вузкі спецыяліст?
— Гэта поўнае права наведвальніка медыцынскай установы, але трэба ўлічваць, што такая загрузка вузкага спецыяліста часам перашкаджае іншым хворым. Навошта адрываць вузкапрофільнага ўрача ад аказання дапамогі тым, каму яна неадкладна патрэбна, з пытаннем, да прыкладу, прамывання вушной поласці? Гэта зможа зрабіць і ўрач агульнай практыкі.
Разам з тым, урачы агульнай практыкі бяруць на сябе абслугоўванне пацыентаў у амбулаторных умовах, на дзённым стацыянары або пры хатнім лячэнні. Арганізуюць і праводзяць супрацьэпідэміялагічныя мерапрыемствы, імунапрафілактыку ва ўстаноўленым парадку. У падобных спецыялістаў можна аформіць заключэнне аб неабходнасці накіравання пацыентаў па медыцынскіх паказаннях на санаторна-курортнае лячэнне ці ў іншыя ўстановы аховы зда-роўя, з якімі наладжана ўзаемадзеянне. У дадатак у такіх урачоў таксама ў абавязках правядзенне экспертызы часовай непрацаздольнасці, накіраванне пацыентаў з прыкметамі працяглай страты працаздольнасці для асведчання.
— Існуе меркаванне, што ўвядзенне ў медыцынскі фармат урачоў агульнай практыкі звязана, у першую чаргу, з эканамічнай мэта-згоднасцю.
— Яна таксама прысутнічае, але наўрад ці настолькі заўважна для звычайных наведвальнікаў устаноў аховы здароўя. Па-першае, у якасці пераваг новай методыкі абслу-гоўвання адзначу павышэнне аператыўнасці і неадкладнасці медыцынскай дапамогі. Неяк мы падлічылі, што за змену вузкі спецыяліст зможа абслугоўваць не больш 35 пацыентаў. І калі вы па спісе 36-ы і далей, то займайце месца ў чарзе. Працуючая штодня брыгада ўрачоў агульнай практыкі (4-5 чалавек) за змену можа прыняць больш за 150 чалавек, што даказвае перавагу новага падыходу: пацыент атрымае дапамогу ў пяць разоў хутчэй.
Наконт неадкладнасці таксама ў якасці пацвярджэння прывяду просты прыклад: сваёй чаргі на прыём да вузкага ўрача чакаюць наведвальнікі — адзін, напрыклад, па рэцэпт, а другі — па неадкладную дапамогу. Пры гэтым першым па талоне ідзе чалавек з больш простым пытаннем, а іншы павінен чакаць і пакутаваць ад болю. Навошта прымушаць чалавека цярпець боль і марнаваць каштоўны час?
Па-другое, ва ўрача агульнай практыкі ёсць свая каманда, у якую ўваходзяць яшчэ памочнік і медсястра, дзякуючы чаму можна пераразмеркаваць функцыі і паскорыць аказанне дапамогі. Напрыклад, памочнік бярэ на сябе частку абавязкаў урача: выпісвае рэцэпты, накіраванні на аналізы і флюараграфію, назначае дадатковае абследаванне. Шэраг функцый пад кантролем урача выконвае медсястра, у выніку чаго прыём пацыентаў яшчэ больш паскараецца.
А вось трэцяя перавага такой методыкі звязана са шматпрофільнай падрыхтоўкай адпаведных спецыялістаў. Дзякуючы гэтаму, яны могуць бачыць праблему ў цэлым, праводзіць комплексны агляд, што толькі павялічвае праўдзівасць дыягназу. Напрыклад, да неўролага звярнуўся пацыент з галаўным болем і падчас агляду высветлілася, што яму на самай справе патрэбна дапамога хірурга або акуліста. Значыць, час страчаны і чалавеку давядзецца чакаць прыёму ў іншага спецыяліста. А ўрач агульнай практыкі зможа хутчэй высветліць прычыны скаргаў, аказаць неадкладную дапамогу ці, у патрэбным выпадку, даць накіраванне да вузкага ўрача.
Гутарыў Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.