Напярэдадні Новага года ў гарадскім Палацы культуры ўпершыню прайшоў Калядны турнір па інтэлектуальных гульнях. У спаборніцтвах прыняло ўдзел сем падлеткавых каманд з розных адукацыйных і культурных устаноў раёна.
Арганізаваў турнір аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама пры садзейнічанні ўзорнага падлеткавага клуба “Юніёр-эрудыт-клуб”, якім кіруе Ганна Солад. Яна ж выступіла ў якасці вядучай, а яе падапечныя – у ролі галоўных ахоўнікаў дысцыпліны ў гульнявой зале.
Турнір складаўся з 6 тураў, якія змяшчалі самыя розныя пытанні. Правільныя адказы ацэньвала журы пад старшынствам намесніка начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Т.І.Пура.
У першым туры — размінцы пад назвай «Веру — не веру» — гульцам трэба было пацвердзіць або абвергнуць шэраг агучаных фактаў, накшталт таго, ці праўда, што самая кароткая вайна ў свеце доўжылася 38 сутак і што самыя вялікія крышталі ў свеце дасягаюць 5,5 м у вышыню. Лепш за ўсіх “размяліся” каманды “Хуткія кактусы” з гімназіі і “220 V” з каледжа: юныя знаўцы набралі па 3,5 бала, адказаўшы на 7 з 10 пытанняў.
Калі ў першым туры спрацавала эрудыцыя ўдзельнікаў, то ў другім, даволі суб’ектыўным на мой погляд, туры ў бой уключыліся яшчэ і логіка, і інтуіцыя знаўцаў. Тут патрабавалася падабраць да пэўнай фразы аналагічную па сэнсе прыказку ці прымаўку. А паколькі такіх падобных устойлівых выразаў у рэчаіснасці магло быць некалькі, то пераможцам стала тая каманда, якая абрала версію, прапісаную ў пратаколе журы. Такім чынам, каманда гімназістаў палічыла за лепшае “дастаць зорку з неба”, а не “скокнуць вышэй за галаву” і мела рацыю. А хтосьці з удзельнікаў “прапусціў міма вушэй” тое, што “ў адно вуха ўляцела — у іншае вылецела”. Такім чынам, па выніках двух тураў перамогу зноў святкавалі “кактусы”. На другой пазіцыі апынуліся навучэнцы каледжа. Замкнула тройку лідараў каманда «Пазітыўчык» з СШ № 1.
У трэцім туры пад назвай «Чароўная скрыначка» знаўцам неабходна было назваць прадмет, схаваны ў чорнай скрыні. Самымі кемлівымі на гэты раз аказаліся члены каманды «220 V», якія набралі 6 балаў, правільна адказаўшы на 4 пытанні.
Чацвёрты тур быў цалкам прысвечаны «зімовай» тэматыцы. Растлумачыць з навуковага пункту гледжання шэраг «зімовых» з’яў (напрыклад, такіх, як кіонафобія, што значыць сур’ёзная боязь снегу, холаду і лёду) атрымалася адразу пяці камандам: да ўжо ўзгаданых вышэй шчасліўчыкаў з гімназіі і СШ № 1 далучыліся каманды «Школьцы» (СШ № 3), «Бліцкрыг» з СШ № 5 і «Тарнада» з Ліноўскай сельскай бібліятэкі.
Самы «музычны», пяты, тур, у якім, праслухаўшы фрагмент музычнага твора, патрабавалася адгадаць аўтара (інструмент, акцёра фільма і г.д.), скарыўся «Хуткім кактусам» з гімназіі.
Шмат пытанняў у саміх удзельнікаў і гледачоў выклікаў VI тур, у якім на экран выводзіўся відэазварот ад знаўцаў, у ролі якіх выступілі вядомыя людзі раёна (ад дырэктараў школ да намеснікаў старшыні райвыканкама). Гэта быў самы «дарагі» тур, у якім за кожны правільны адказ прысуджалася па 3 балы (дарэчы, за правільны датэрміновы адказ гульцы атрымлівалі яшчэ дадатковы бонус – падарунак ад знаўцы).
Вынікі шостага, фінальнага, тура кардынальна паўплывалі на выніковую табліцу. У выніку, каманда «Пазітыўчык» з СШ № 1, правільна адказаўшы на два пытанні, абышла на 0,5 бала каманды з каледжа і гімназіі, якія лідзіравалі на працягу папярэдніх тураў, і была прызнана пераможцай турніру, а каманды «220 V» і «Хуткія кактусы» занялі адпаведна 2 і 3 месцы.
Усе пераможцы і прызёры турніру атрымалі ад арганізатараў дыпломы і прызы, астатнія каманды — сертыфікаты ўдзельнікаў. А хвілінкі магчымага расчаравання былі падсалоджаны тартамі.
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.