Вторник, 18 февраля 2025

В ОАО «Журавлиное» прошли районные «Зажынкі-2020»

1 331

У сераду на Пружаншчыне афіцыйна стартавала жніво. Месцам правядзення традыцыйнага свята «Зажынкі-2020» быў выбраны адзін з палеткаў ААТ «Жураўлінае», паблізу аграгарадка Клепачы. Удзельнікамі свята стала кіраўніцтва раёна, кіраўнікі, галоўныя аграномы і інжынеры сельгаспрадпрыемстваў, спецыялісты райсельгасхарчу.


На залацістым палетку ў шарэнгу выстраіліся камбайны. Побач з імі — галоўныя віноўнікі ўрачыстасці, камбайнавыя экіпажы.


Удзельніцы фальклорнага гурта «Бабіна лета» сярпамі нажалі сноп збожжа новага ўраджаю і выканалі абрадавую песню.


Першы сноп быў уручаны старшыні райвыканкама Ю.Ю.Бісуну. Як адзначыў Юрый Юр’евіч, правядзенне свята «Зажынкі» стала добрай традыцыяй у нашым раёне. На палетках раёна сёлета вырашчаны добры ўраджай, і важна ўбраць яго хутка і без страт. Да ўборкі ў раёне гатова 137 збожжаўборачных камбайнаў.


Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што жніво — гэта вынік працы сельскіх працаўнікоў за цэлы год і тут неабходна правільна арганізаваць уборачны канвеер, што залежыць, у першую чаргу, ад кіраўнікоў гаспадарак.


Са словамі прывітання да прысутных звярнулася першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Т.А.Вараб’ёва, якой таксама быў уручаны сімвалічны сноп.

Такія ж снапы атрымалі кіраўнікі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў — як напамін пра тое, што менавіта на земляробстве трымаецца жыццё.
Кіраўніцтву раёна і кіраўнікам гаспадарак, камбайнерам традыцыйна былі ўручаны караваі.


Падчас мерапрыемства адбылася цырымонія ўручэння дыпломаў і грамат пераможцам раённага спаборніцтва сярод сельгаспрадпрыемстваў і механізатараў на веснавой сяўбе бягучага года. Сярод сельгаспрадпрыемстваў пераможцамі прызнаны ААТ «Агра-Калядзічы» і ААТ «Велікасельскае Агра». Ю.Ю.Бісун таксама ўручыў узнагароды механізатарам, якія вызначыліся на сяўбе і падрыхтоўцы глебы. Асобна былі адзначаны маладыя механізатары.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Д.У. Чайкоўскі ўручыў Падзячнае пісьмо абкама прафсаюза механізатару ААТ «Роўбіцкае» Ю.А.Лукшы і райкама прафсаюза — механізатару ААТ «Радзіма» С.В.Янушку.


Настаяцель Мокраўскай Свята-Петрапаўлаўскай царквы айцец Аляксандр правёў малебен і асвяціў палетак і тэхніку, а таксама ўсіх прысутных і пажадаў сельскім працаўнікам раёна добрых намалотаў.

На працягу ўсяго мерапрыемства радавалі прысутных сваімі выступленнямі народнае аматарскае аб’яднанне «Смаляначка» Навасёлкаўскага СДК і фальклорны гурт «Бабіна лета» Аранчыцкага Дома фальклора, вакальны гурт «Дзявочнік» Мокраўскага СДК, вакальны гурт «Вечарына» Ліноўскага СДК.


Мікола АРХУЦІК, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).