Вторник, 8 октября 2024

В ОАО «Мурава» все читают «Раённыя будні» и другим советуют

5 801

Раённая газета з самага пачатку свайго існавання з’яўляецца адной з асноўных крыніц асвятлення ўсіх аспектаў жыцця нашага раёна, а таксама актуальных падзей у вобласці і рэспубліцы. Ведаючы аб папулярнасці “Раённых будняў” сярод жыхароў нашага раёна і, у прыватнасці, сярод работнікаў нашага акцыянернага таварыства, як старшыня прафкама дазволю сабе зрабіць кароткі водгук аб газеце.

Асноўнае, што прагучала ад кожнага з прысутных, — гэта тое, што газета сапраўды карыстаецца папулярнасцю сярод людзей, бо асвятляе ўсе аспекты жыцця раёна, а інфармацыя даво-дзіцца не толькі зразумела, але і цікава. На старонках выдання кожны знаходзіць для сябе нешта карыснае, нягледзячы на тое, малады гэта чалавек ці пажылога ўзросту, кіраўнік ці просты працаўнік, гарадскі ці вясковы жыхар. Дастаткова ўвагі надаецца эканамічнай тэматыцы, рабоце прадпрыемстваў раёна і асабліва сельскагаспадарчых, што найбольш актуальна аўдыторыі з ліку нашых работнікаў.
Вось як выказваліся некаторыя з іх:
—Раённую газету выпісваю пастаянна. Чытаю практычна ўсе артыкулы, — кажа галоўны эканаміст Раіса Сяргееўна Кандрукевіч. – Цікавыя для мяне інтэрв’ю з кіраўніцтвам раёна, спецыялістамі аддзелаў райвыканкама, асабліва ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Надзвычай карыснай лічу інфармацыю аб новых нарматыўных актах. А паколькі я родам з Ружаншчыны, асабліва цікаўлюся артыкуламі аб гэтым рэгіёне. Прыемна, калі сустракаеш знаёмыя імёны і даведваешся аб дасягненнях сваіх землякоў, заўсёды захапляюць гістарычныя факты аб сваёй малой радзіме. Таксама з нецярпеннем чакаю парад для садаводаў і агароднікаў, якія друкуюцца на тэматычнай старонцы “Фазэнда”, і знаходжу там шмат чаго карыснага для сябе.
—Газета сапраўды нясе шмат актуальнай, запатрабаванай і аб’ектыўнай інфармацыі аб падзеях у раёне, — лічыць прараб Мікалай Іванавіч Ефімовіч. – У мяне заўсёды выклікаюць цікавасць артыкулы аб прадпрыемствах і арганізацыях раёна, палітыцы, якую праводзяць органы ўлады, шмат цікавага можна знайсці ў матэрыялах аб аўтамабілістах і дзейнасці Дзяржаўтаінспекцыі. Лічу карыснымі і неабходнымі для людзей нават аб’явы ў газеце.
Як прызнаўся дырэктар сельгаставарыства П.М.Білецкі, ён заўсёды з нецярпеннем чакае “раёнку” і чытае яе з першай старонкі па апошнюю, бо для яго цікавая любая сфера жыцця раёна.
—Асабліва хачу адзначыць, — заўважыў Пётр Мікалаевіч, — што інфармацыя ў газеце заўсёды падносіцца максімальна карэктна, нават пры асвятленні такіх негатыўных з’яў, як надзвычайныя здарэнні і недапрацоўкі ў рабоце. Артыкулы журналісты пішуць так, каб не зневажаць чалавечую годнасць. І гэта датычыць нават тых асоб, якія ўчынілі недаравальнае. Калі чытаеш раённую газету, заўсёды пераконваешся ў высокім прафесійным узроўні супрацоўнікаў рэдакцыі.
—З асаблівай цікавасцю, — дзеліцца сваім меркаваннем галоўны бухгалтар Антаніна Антонаўна Таразевіч, — чытаю ў “Раённых буднях” артыкулы на гістарычныя тэмы. Заўсёды цікава даведацца аб тых падзеях, якія адбываліся ў нашых мясцінах у мінулым. Як актыўны чытач “раёнкі” хачу пажадаць, каб на старонках газеты было больш матэрыялаў аб гісторыі і адметных мясцінах нашага краю, замалёвак аб людзях, якія пражылі тут свой век, а таксама аб жыцці вядомых дзеячаў, якія працавалі на тэрыторыі раёна.
Акрамя гэтага, прагучала і шмат іншых пазітыўных водгукаў аб газеце. Напрыклад, аб карысці інфармацыі, аб якой можна даведацца са зводак аб выніках работы сельскагаспадарчых арганізацый раёна, аб людзях, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у працы. І тым больш прыемна, калі сярод іх сустракаюцца твае знаёмыя і блізкія, якія зарэкамендавалі сябе, у тым ліку, і ў культуры, і ў спорце. Пры разнастайнасці меркаванняў людзі былі адзіныя ў тым, што газета “Раённыя будні” займае лідзіруючыя пазіцыі ў справе інфармавання насельніцтва нашага раёна сярод іншых сродкаў масавай інфармацыі. І сакрэт просты: піша пра блізкае і роднае нам, чытачам.
Сяргей Сцяпанаў, старшыня прафкама ААТ “Мурава”.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *