Вторник, 14 января 2025

В ОАО «Мурава» в разгаре сев сахарной свеклы

816

Сёлетняя вясна выдалася ранняй, але зусім не шчодрай на цяпло і дажджы. Таму, каб пакласці насенне ў вільготную глебу, сельскія працаўнікі вымушаны, як заўсёды, працаваць з напружаннем.
У ААТ «Мурава» сёлетняй вясной яравыя культуры неабходна пасеяць на плошчы 1720 гектараў. Першы этап пасяўной ужо паспяхова завершаны: раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя пасеяны на плошчы 520 гектараў.
— Пад аўсом у нас занята 50 гектараў, ячменем — 300, а зернебабовыя пасеяны на плошчы 170 гектараў, — гаворыць галоўны аграном таварыства М.М.Гаўра.

Механізатар В.С.Рудчык уносіць глебавы гербіцыд.


Паколькі ААТ «Мурава» з’яўляецца гаспадаркай, якая спецыялізуецца на вытворчасці элітнага насення збожжавых і зернебабовых, то пасяўная тут мае свае адметныя асаблівасці.
Неабходна закладваць гадавальнікі, з якіх атрымліваецца суперэлітнае насенне. Высяваючы яго, атрымліваецца элітны насенны матэрыял, які і рэалізуецца гаспадаркам нашай вобласці і рэспублікі. Дарэчы, пад сёлетнюю веснавую пасяўную было рэалізавана 300 тон элітнага насення збожжавых і зернебабовых культур.
— Паколькі мы з’яўляемся элітгасам, то захаванне тэхналогій для нас выходзіць на першы план, — кажа Міхаіл Міхайлавіч.
У гэтыя красавіцкія дні ў таварыстве ў разгары сяўба цукровых буракоў. Вырошчваннем гэтай тэхнічнай культуры ў ААТ «Мурава» займаюцца на працягу многіх гадоў. Вельмі ўдалым для буракаводаў быў 2017 год, калі з аднаго гектара атрымалі 779 цэнтнераў салодкіх караняплодаў. У мінулым годзе не ўдалося наблізіцца да такога паказчыка па прычыне засушлівага летняга надвор’я. Валавы збор караняплодаў склаў 9629 тон пры ўраджайнасці 401 цэнтнер з гектара.

В.Р.Каралькевіч заняты на прыкачванні глебы.

Ад рэалізацыі караняплодаў была атрымана грашовая выручка ў памеры 573 тысячы рублёў, а чысты прыбытак склаў 2 тысячы рублёў.
— Цукровыя буракі вельмі патрабавальныя да глебы, — зазначае падчас гутаркі Міхаіл Міхайлавіч. — Найбольш у нашых умовах для іх падыходзяць суглінкі, а пры добрым угнаенні — і супясчаныя глебы.
Пры вырошчванні цукровых буракоў гаспадарка цесна супрацоўнічае з ААТ «Жабінкаўскі цукровы завод», куды і рэалізуе сваю прадукцыю. У прыватнасці, завод забяспечвае пастаўку высакаякаснага насеннага матэрыялу вядомых у свеце фірмаў «Штрубе», «КWS», «Марыба Сід». Прыкладна на 15% плошчаў высяваюцца раннія гібрыды, а на 10% — познія. Астатнія 65% займаюць гібрыды сярэдніх тэрмінаў выспявання.
Таксама завод забяспечвае і мікраўгнаеннямі. У абавязковым парадку ўносяцца марганцавыя і борныя. Апошнія абараняюць караняплоды ад гнілі.
Зразумела, што самыя значныя затраты ў буракаводаў прыходзяцца на набыццё ўгнаенняў і сродкаў аховы, а рэнтабельнасць вытворчасці залежыць ад ураджайнасці і якасці сабраных караняплодаў. Акупнасць затрат пачынаецца ў тых гаспадарках, якія атрымліваюць з гектара не менш за 400 цэнтнераў караняплодаў. Добра ведаюць пра гэта і буракаводы ААТ «Мурава».

Не першы год сее цукровыя буракі механізатар І.У.Карунас.


Мы наведалі гаспадарку, калі сяўба цукровых буракоў толькі пачыналася. На палетку паміж Навасёлкамі і Бакунамі завіхаліся механізатары І.У.Карунас, В.С.Рудчык і В.Р.Каралькевіч. В.С.Рудчык самаходным штангавым апырсквальнікам «BOXER» уносіў глебавы гербіцыд. В.Р.Каралькевіч АКШ-6,0 прыкачваў глебу, а І.У.Карунас сеяў буракі.
Як лічыць М.М.Гаўра, сёлета ўсё павінна атрымацца ў буракаводаў, паколькі вопыт вырошчвання гэтай культуры назапашаны багаты. Вядома ж, каб толькі надвор’е яшчэ ім паспрыяла.
Пасяўная ў ААТ «Мурава» практычна дасягнула свайго экватара. Наперадзе сяўба галоўнай кармавой культуры — кукурузы, якая зойме 650 гектараў.
Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча.