Вторник, 13 мая 2025

В Новых Засимовичах состоялась встреча руководства района с местными жителями

923

У сераду старшыня Пружанскага райвыканкама Ю.Ю.Бісун правёў сустрэчу з жыхарамі вёскі Новыя Засімавічы.


На сходзе, які прайшоў у мясцовым Доме культуры, акрамя кіраўніка раёна, прысутнічалі і прадстаўнікі шэрага арганізацый і службаў, якія функцыянуюць у вёсцы.


Трэба адзначыць, што сустрэчы з працоўнымі калектывамі і жыхарамі розных населеных пунктаў Пружаншчыны мясцовай уладай практыкуюцца не першы год. Такім чынам да насельніцтва не толькі даводзіцца інфармацыя аб стане спраў у рэгіёне, развіцці эканамічнай і сацыяльнай галін, але і агучваюцца набалелыя пытанні, уздымаюцца праблемы, што непакояць людзей. Гэтак жа быў пабудаваны і сход у Новых Засімавічах.


Юрый Юр’евіч расказаў пра дасягненні ў аграпрамысловым комплексе, чым жыве прамысловасць раёна, малы бізнес, сацыяльная галіна, якія задачы стаяць перад працоўнымі калектывамі па выхадзе на новы ўзровень работы.
—Так, цяжкасці ёсць, але яны аб’ектыўныя і пераадольныя, — падагульніў ён у сваёй прамове.

Але найбольш увагі было нададзена праблемам, якімі жывуць вяскоўцы. А пытанняў да прадстаўнікоў розных службаў сапраўды было шмат — ад работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі да добраўпарадкавання былога ваеннага гарадка. Усе яны насілі грамадскі інтарэс: пытанняў асабістага характару амаль не было.
У прыватнасці, у чарговы раз было ўзнята пытанне якасці пітной вады: станцыя абезжалезвання ў вёсцы з’я-вілася, але якасць вады жадае быць лепшай. Каб не быць галаслоўнай, адна з жанчын перад выхадам з дома прыхапіла з сабой ёмістасць з вадой, якую набрала з-пад крана. «Кожны раз, калі робяцца пробы вады, камунальная служба робіць выснову, што яна прыдатна для ўжывання, — абураліся людзі. — Але ж ці можна гатаваць ежу на такой жоўтай вадзе, піць яе?». Старшыня райвыканкама палічыў заўвагу слушнай і патрабаваў нарэшце знайсці прычыны праблемы і вырашыць яе. Пытанне ўзялі на кантроль.

Сярод прэтэнзій да камунальшчыкаў былі і неналежны стан хлявоў, якімі карыстаюцца жыхары некалькіх дамоў, і адсутнасць капітальнага рамонту ў шэрагу шматпавярховак… І калі з аднымі заўвагамі: напрыклад, прывядзенне ў належны стан дарог пасля правядзення водаправодна-каналізацыйных работ — старшыня райвыканкама пагаджаўся, то на некаторыя адказваў катэгарычнай адмовай. Сваю пазіцыю ён абгрунтоўваў з пункта гледжання нарматыўна-прававой базы, якая прадугледжвае, у якіх выпадках і што ад жыллёва-камунальнай службы могуць патрабаваць спажыўцы іх паслуг.

—За стан хлявоў павінны адказваць тыя, хто іх эксплуатуе, а не камунальная служба, на балансе якой яны да таго ж не лічацца, — рэзюмаваў Юрый Юр’евіч. — Што да капітальнага рамонту дамоў, то разлічваць на ўцяпленне можна толькі на тарцавых сценах, астатнія работы — выключна за сродкі жыльцоў… Іншага ў дачыненні да прыватызаванага жылля існуючая нарматыўная база не прадугледжвае.


Тое ж тычылася і пытанняў пашырэння аўтамабільнай стаянкі, паляпшэння дзіцячай пляцоўкі: такія работы сёння таксама павінны аплачвацца з кішэні жыльцоў.


Што ж да добраўпарадкавання населенага пункта, Ю.Ю.Бісун хаця і згадзіўся з заўвагай, але заклікаў жыхароў і самім не быць староннімі назіральнікамі. «Новыя Засімавічы — вёска невялікая па памерах. Сёння тут налічваецца больш за 2400 жыхароў. І вы маглі б і самі іншы раз навесці парадак там, дзе жывяце», — выказаў сваё меркаванне Юрый Юр’евіч.

Шмат нараканняў жыхароў было і на работу права-ахоўных органаў. Праўда, начальнік Пружанскага РАУС А.В.Гук пагадзіўся з імі часткова. «Вы павінны і самі праяўляць больш актыўную грама-дзянскую пазіцыю і сігналізаваць у праваахоўныя органы пра выпадкі парушэння правапарадку: участковы не можа ведаць, калі і ў якой кватэры дэбашыраць, хто займаецца самагонаварэннем, хто распівае спіртное ў грамадскім месцы…» — адказаў ён. А вось на прапанову арганізаваць у Новых Засімавічах міліцэйскі патруль Аляксандр Васільевіч выступіў з прапановай у адказ: «Чаму б актыўным і ініцыятыўным не аб’яднацца ў атрад дружыннікаў? У райаддзеле іх афіцыйна зарэгіструюць і надзеляць адпаведнымі паўнамоцтвамі». Праўда, сярод прысутных жадаючых уступіць у рады дружыннікаў не знайшлося.


Быў і яшчэ шэраг разнастайных заўваг і прапаноў. У прыватнасці, з мэтай выхавання і аздараўлення насель-ніцтва папрасілі разгледзець магчымасць усталявання ў вёсцы варкаўт-пляцоўкі (разам з тым, была звернута ўвага, што на школьны стадыён у выхадныя дні трапіць немагчыма). Увагі патрабуе дзіцячая пляцоўка мясцовага дзіцячага садка. Гаворку заводзілі нават пра перавыхаванне людзей, якія вядуць амаральны лад жыцця.

Пасля сходу жадаючыя мелі магчымасць узняць перад кіраўніком раёна і праблемы прыватнага характару.
Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).