Іканапіс з даўніх часоў традыцыйна лічыўся мужчынскай справай. Але ў ХХ стагоддзі ўсё змяшалася настолькі, што сёння гэтае мастацтва немагчыма ўявіць без такіх вядомых асоб, як Ксенія Пакроўская, сястра Юліянія, і многіх іншых жанчын. Ёсць свае імёны і ў Беларусі, сярод іх яркай зоркай свеціць імя Ядзвігі Сянько, якая прадставіла свае іконы на выставе ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”. Гэтая вельмі прыемная і прыгожая жанчына атрымала спецыяльную адукацыю ў Маскоўскім інстытуце мастацтваў. Першую ікону “Сэрца Марыі” яна напісала для касцёла ў вёсцы Краснае, калі ёй было 20 гадоў. З 1997 года па блаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі Ядзвіга пачала пісаць і праваслаўныя іконы. Сярод яе работ ёсць усім вядомыя абразы Божай Маці “Казанская”, “Астрабрамская”, “Уладзімірская”, “Жыровіцкая” і “Чанстахоўская”.
Яна малюе і вобразы Ісуса Хрыста, лікі святых і архангелаў.Спачатку многае не атрымлівалася. Халоднае шэрае палатно доўга заставалася пустым і непрыступным. Потым мастачка зразумела: без любві вобраз, на які адгукнулася б душа, не напішаш. І толькі ўсведамленне духоўнага фундамента, які заклалі ў дзяцінстве яе бацькі, прыблізіў мастачку да заняцця іканапісам. “Трэба ўзвесці храм у сваёй душы”, – вось, на думку Ядзвігі Сянько, залог паспяховай работы любога іканапісца.
Сёння работы мастачкі знаходзяцца ў прыватных калекцыях многіх краін: Арменія, Украіна, Расія, Польшча, Германія, Італія, Францыя, Бельгія і інш. Яе работы – гэта не толькі плод індывідуальнай фантазіі, але і царкоўнае асэнсаванне вялікіх святынь, асноў шанавання ікон, якія нясуць людзям праўду веры. Гэта адначасова і подзвіг мастацтва, і подзвіг рэлігійны, які перадае малітвенна-аскетычнае напружанне мастака.
Палатно, алей, пазалота і… напоўненае вялікім сэнсам жыццё, багатая і адкрытая душа, вельмі чулая да гэтай прыгажосці, – вось галоўны арсенал жанчыны-мастачкі.
У прыгажосці, якую перадае мастачка праз свае іконы, ёсць вялікая гаючая сіла. Яна суцяшае і надае бадзёрасць духа чалавеку, які кожны дзень свайго жыцця вядзе цяжкую барацьбу. Іконы Ядзвігі Сянько нясуць чалавеку святло і радасць, дораць надзею, што міласэрнасць, вера і любоў выратуюць свет.
Валянціна Нідзелька, навуковы супрацоўнік музея-сядзібы “Пружанскі палацык”.