Стагоддзе таму жанчына за рулём аўтамабіля або ў форменным адзенні была сапраўдным цудам і абавязкова прыцягвала позіркі прахожых. У паўсядзённым ужытку мы і цяпер выкарыстоўваем назвы мноства прафесій, якія маюць толькі мужчынскі род: вадзіцель, урач, токар, праграміст, прафесар і нават кіраўнік. Хаця зараз лёгка можна ўбачыць жанчыну, якая сядзіць за рулём камбайна, наладжвае станкі або кіруе прадпрыемствам ці арганізацыяй. І нават служыць следчым.
У райаддзеле Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь зараз следчымі служаць тры жанчыны на пастаяннай аснове і яшчэ адна праходзіць практыку. Здаецца, гэта нялёгкая работа па ўсіх параметрах — не жаночая справа, але ж…
Наталія Гурская прыйшла на гэту службу амаль тры дзесяцігоддзі таму. Як яна ўспамінае, пачынала служыць у даволі вялікім аддзеле міліцыі, але і там сярод некалькіх сотняў супрацоўнікаў жанчына «ў пагонах» была рэдкасцю. Сёння яна сама кіруе райаддзелам, дзе амаль чвэрць супрацоўнікаў належыць прыгожай палове чалавецтва, і лічыць тэндэнцыю гендарнай раўнавагі станоўчай. Чаму?
На думку Н.У.Гурскай, ніхто не зможа параўнацца з жанчынай па ўседлівасці, адносінах да дробязяў. Нярэдка яна сама была сведкай сітуацый, калі менавіта супрацоўніца даводзіла справу да лагічнага завяршэння, вызначаючы ўсе невялікія дэталі.
Але Наталія Уладзіміраўна абсалютна не згодная з меркаваннем, што жанчына замяняе мужчыну.
— У любой рабоце, а на нашай службе тым больш, нельга шукаць перавагі па палавой прыналежнасці,— лічыць начальнік аддзела.— Якая розніца, хто займаецца справай? Галоўнае, каб да выканання сваіх абавязкаў супрацоўнік ці супрацоўніца ставіліся з адказнасцю, каб людзі верылі табе і нават абвінавачваемыя ці парушальнікі адносіліся да цябе з павагай.
На думку Наталіі Уладзіміраўны, толькі ў супрацоўніцтве можна дасягнуць чаго-небудзь, бо мы разам — на рабоце, дома, ва ўзаемных адносінах — гэта проста дзве палавінкі аднаго цэлага, як і задумана прыродай або вышэйшай сілай.
Вольга Барадоўская пачынала службу ў крыху іншых абставінах: у 2003 годзе, калі прыйшла ў райаддзел, была там не адзінай жанчынай і мела магчымасць падзяліцца сваімі «жаночымі» думкамі з напарніцамі. У Акадэміі МУС, як успамінае Вольга Іванаўна, таксама вучыліся дзяўчаты-курсанты, хаця іх было і не вельмі многа. Яна тлумачыць такую сітуацыю тым, што жанчыне ўсё-такі складана асвойваць гэтую прафесію.
— Сапраўды, жанчына створана прыродай як захавальніца сямейнага дабрабыту, таму многія мастакі малююць яе ў вобразе маці, якая схілілася над калыскай дзіцяці. Тут жа нам нярэдка даводзіцца быць сведкай чалавечай жорсткасці, пераадольваць яе і пры гэтым не даваць свайму сэрцу закамянець.
Вольга мае дваіх дзяцей і для сябе знайшла асаблівую формулу поспеху: на службе яна — строгі следчы, а дома — пяшчотная маці. І такі кампраміс істотна дапамагае ўвесь убачаны негатыў пакідаць перад парогам дома і дарыць сваім блізкім толькі сапраўдную жаночую пяшчотнасць.
Аднак і на рабоце жанчына-следчы павінна пастаянна трымаць сябе ў руках. Сапраўды, прыгожая палова чалавецтва больш эмацыянальная, у жанчын, як кажуць, «вельмі блізка слёзы».
— Безумоўна, нялёгка служыць следчым і захоўваць у сабе прыродныя жаночыя якасці,— зазначае Святлана Мікус.— Аднак пры разглядзе спраў мы ніколі не абапіраемся на палавую прыналежнасць парушальніка, хаця, магчыма, некаторыя і спадзяюцца, што да жанчыны-злачынцы жанчына-следчы будзе ставіцца больш памяркоўна.
У практыцы Святланы Ігнатаўны была справа, калі менавіта прадстаўніца «слабой паловы» была ініцыятарам злачынства і следчы аднеслася да яе з усёй законнай строгасцю. І гэты выпадак яна запомніла на ўсё жыццё. Па словах следчага, у працы яна найперш кіруецца правілам: да ўсіх ставіцца аднолькава ветліва і ўважліва, кантралюючы свае эмоцыі.
Дыяну Кныш сапраўдная служба следчага яшчэ чакае наперадзе: пакуль яна вучыцца на апошнім курсе міліцэйскай Акадэміі. У групе дзяўчыны аднакурсніц не так ужо і мала, хаця ўсё ж яны застаюцца ў меншасці. Звязана гэта з тым, як лічыць Дыяна Пятроўна, што дзяўчатам складаней паступаць на праваахоўныя спецыяльнасці з-за вялікага конкурсу — амаль 4 чалавекі на месца. Не заўсёды такі выбар падтрымліваюць і родныя, хаця самой дзяўчыне ў гэтым плане пашанцавала.
— Тата, Пётр Паўлавіч, які ў дзяцінстве купляў мне лялькі і калыскі, быў спачатку ўзрушаны, калі пачуў, куды я планую паступаць,— успамінае курсантка.— А потым сказаў: «Малайчына, дачка, зараз ёсць хлопцы, якія нават у армію ісці не жадаюць, дык ты пакажаш ім прыклад».
Дзяўчына-практыкантка прыслухоўваецца да парад сваіх настаўніц і гэту навуку вельмі цэніць, бо ўжо восенню стане для іх паўнацэннай напарніцай. Спакойна Дыяна ставіцца і да таго, што побач у асноўным будуць мужчыны-калегі. Яна спадзяецца, што таксама дакажа сваёй службай права быць нароўні з больш вопытнымі следчымі.
Дарэчы, усе цяперашнія супрацоўніцы райаддзела свае дасягненні і вопыт звязваюць з падтрымкай, якую ім аказваюць афіцэры-калегі. Практычна ва ўсіх сітуацыях, службовых і бытавых, яны могуць разлічваць на дапамогу напарнікаў. І гэтыя спадзяванні заўсёды апраўдваюцца.
— І калі на святочным шэсці мы ідзём у акружэнні мужчын у пагонах, адчуваем толькі пачуццё гонару за свой калектыў,— аднагалосна зазначаюць следчыя.
Алег СІДАРЭНКА, фота аўтара.