Вторник, 8 октября 2024

В канун Дня пожарной службы рассказываем о «внештатных» работниках — женах пружанских спасателей

1 233

Як зазначаюць самі выратавальнікі, многае ў іх службе вызначае тая атмасфера, што пануе ў доме. Пры гэтым жонкі пажарных звычайна застаюцца ў цені, і нават калі выратавальнікі здзяйсняюць гераічныя подзвігі, ніхто не ўспамінае пра жанчын, якія таксама нясуць нялёгкую службу. Але толькі дома, чакаючы сваіх дарагіх з трывожнай работы, разам з імі падымаючыся ўначы, калі паступае чарговы выклік на ліквідацыю надзвычайнага здарэння. З нагоды юбілею пажарнай службы мы вырашылі даць слова тым, хто таксама знаходзіцца на пасту, толькі «па-за штатам».

Выйсці замуж за выратавальніка
Прызнацца, такой мары ў Алесі Куксы не было. З Сяргеем Клімовічам яны па жыцці ішлі рознымі сцежкамі: яна нарадзілася і вырасла ў Івацэвіцкім раёне, ён — на Іванаўшчыне. Алеся ў якасці будучай прафесіі выбрала настаўніцтва, Сяргей вырашыў ратаваць жыцці людзей. Аднак абое былі накіраваны на працу ў Пружанскі раён: Алеся — у Шарашоўскую школу, Сяргей — у часць №1 г.Пружаны. Вось і атрымалася, што наша зямля аб’яднала маладых людзей, якія зусім хутка плануюць згуляць сваё вяселле.
— Ці не страшна будаваць сямейнае гняздо з чалавекам настолькі трывожнай прафесіі? — пытаемся ў Алесі.
— Для мяне гэта гонар, бо, ствараючы ўтульную атмасферу дома, я буду дапамагаць мужу несці яго нялёгкую службу,— зазначае дзяўчына.— А наконт таго, хто ў сям’і будзе галоўны, мы вызначылі аднагалосна — рашэнні прымаем разам.
Ірына Шаршуновіч, жонка вадзіцеля часці №1 г.Пружаны А.А.Шаршуновіча:
— Мы разам 21 год, выгадавалі дачку Яніну і сына Уладзіслава. За гэты час было шмат і радасці, і, прызнацца, слёз. Але расчаравання не было.
Саша не расказвае пра сваю службу ўсяго. Больш даводзіцца здагадвацца, з-за чаго на сэрцы бывае трывожна. Аднак я заўсёды давяраю мужу, адчуваю ў ім надзейную апору. Словам, выратавальнік — і ў сям’і сапраўдны мужчына, які нямала хатніх клопатаў бярэ на сябе.
На жаль, чыста сямейных свят, якія мы традыцыйна адзначаем разам, у нас нямнога, бо татава служба не мае графіка «з 8 да 17», нярэдка бываюць і начныя змены. Але ж дні нараджэнняў дзяцей для яго — асаблівая справа, якой ён усе мінулыя гады стараўся не ахвяраваць.

Аляксандра Стэльмах, жонка вадзіцеля ПАВП №12 аг.Клепачы А.М.Стэльмаха:
— Выходзіла замуж я не за пажарнага і зараз, прызнаюся, была б супраць, каб Саша пайшоў на гэту службу. Спачатку я не да канца ўсведамляла, у чым небяспека такой прафесіі, а муж асабліва нічога не расказваў пра свае дзяжурствы. Але аднойчы я патэлефанавала яму якраз падчас баявога выезду. На тэлефоне мужа выпадкова націснулася патрэбная кнопка, і мне давялося пачуць, што ў іх там адбываецца падчас пажару… Не даслухала і выключыла трубку, а потым сядзела і плакала, чакала, калі ж ён перазвоніць. З таго часу ў нас заведзена правіла — нават уначы тэлефанаваць і паведамляць, што ўсё ў парадку.
Увогуле ж быць жонкай пажарнага — сапраўднае жаночае шчасце: гэтыя мужчыны надзейныя, добрыя, яны — сапраўдная ахоўная сцяна.
Хочацца толькі, каб муж думаў не толькі пра ратаванне людзей, але і пра ўласную бяспеку, каб памятаў, што дома яго чакаюць і я, і двое нашых сыноў — Арсеній і Амвросій.
Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *