Пятница, 13 декабря 2024

Сказка, созданная Верой Николаевной Крайней

1 476

Само размяшчэнне сядзібы Веры Мікалаеўны Крайняй у цэнтры Калазубаў абавязвае гаспадыню падтрымліваць падворак ва ўзорным парадку: усё-такі заўсёды навідавоку. Але жанчына дбае не проста пра добраўпарадкаванне…

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што ідэя стварэння «міні-казкі» на падворку належала гаспадару, якога, на жаль, сёлета не стала. Мікалая Андрэевіча ведалі ў Калазубах і навакольных вёсках не проста як працавітага механіка-інжынера мясцовай гаспадаркі, але і як выдатнага гаспадара з залатымі рукамі, які ўмеў і сістэму ацяплення змайстраваць, і з падручных матэрыялаў стварыць арыгінальнае асвятленне ўчастка.
Жаданне зрабіць свой падворак непадобным на іншыя з’явілася ў Крайніх каля пятнаццаці гадоў таму.
— Аўтарам задум і галоўным іх увасабляльнікам заўсёды быў муж, — прызнаецца Вера Мікалаеўна. — Для яго было важна, каб усё выглядала гарманічна, адпавядала агульнай канцэпцыі.
Так у цэнтры Калазубаў пачалі «прапісвацца» казачныя персанажы. Спачатку з’явіўся Змей Гарыныч, пазней — хатка на курыных ножках, дзе гаспадарыць Бабка Ёжка, кветка, у якой жыве Дзюймовачка, «шматкватэрная» шпакоўня… Захапленне Мікалая Андрэевіча раздзялялі і жонка з унукамі: хто дапамагаў расфарбоўваць нарыхтоўкі, хто ўпрыгожваў кампазіцыі рамонкамі, ружамі і іншымі кветкамі.
Вера Мікалаеўна праводзіць экскурсію па падворку і расказвае пра яго жыхароў:
— Калі вы звярнулі ўвагу, гэтая частка падворка аб’яднана курортнай тэматыкай. Вось з таго вакзала цягнік адпраўляецца да мора, дзе ўжо адпачывае Бураціна. А калі падымеце галаву, то ўбачыце верталёты, якія сюды «ляцяць»… Дарэчы, у нашым штучным моры ёсць і рыбкі: карасікаў налічыла ўжо каля сарака штук. 
У выдуманым курортным горадзе для казачных персанажаў ёсць розныя месцы для баўлення часу, дзе на коле агляду катаюцца цацкі, авансцэна, на якой выступае балерына. Агульную карціну дапаўняюць ліхтарыкі-ліліі, пальмы, буслянка і многія іншыя арыгінальныя рэчы. А пры падключэнні да электрычнасці тут пачынае кіпець жыццё: на вакзале мільгацяць пераключальнікі, састаў па чыгунцы імчыць да мора, круцяцца каруселі, на верталётах працуюць вінты, кружыць грацыёзная балерына… Назіраць за дзействам, якое адбываецца ў казачным горадзе, гаспадары і іх госці могуць на лавачках, якія ўстаноўлены пад кустом духмянай ружы і каля елачкі. 
Вера Мікалаеўна зазначае, што практычна ў кожнага персанажа ёсць свая гісторыя.
— Муж чытаў газету, на адной са старонак якой убачыў артыкул пра Валачкову і яе фота на сцэне. З гэтай карцінкі і капіраваў балерыну, якая танцуе на нашай авансцэне. А альтанка — гэта падарунак мужа мне на юбілей: за два месяцы пачаў яе будаваць і не прызнаваўся, чым займаецца, пакуль ужо не стала відавочна. А гэтыя мініяцюрныя крэслы — сумесная справа рук дзеда і ўнукаў: Коля выразаў з драўлянай калодкі мэблю, а дзеці расфарбоўвалі яе на свой густ, прыдумвалі і малявалі на ёй эмблемы. 
Да Веры Мікалаеўны, былой настаўніцы Калазубскай школы, якая больш за сорак гадоў прысвяціла асвеце, і сёння заглядваюць дзеці. Самыя частыя госці — выхаванцы дзіцячага садка, што знаходзіцца праз дарогу: па зразумелай прычыне не адно пакаленне малых пабывала ў Крайніх на экскурсіі.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ,
Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *