Беларускія вершы і песні, жывая музыка і сапраўдны тэатр… Неверагоднае свята падрыхтавалі сваім адданым чытачам работнікі дзіцячай раённай бібліятэкі. Шчыра, весела і з творчым размахам тут прайшло святкаванне 60-годдзя любімага часопіса беларускай дзятвы – «Вясёлкі».
Спачатку на святочны лад дзяцей настроілі ансамблі дамрачэяў і цымбалістаў з Пружанскай дзіцячай школы мастацтваў. А ўслед за іх выступленнямі разгарнуліся імправізаваныя старонкі часопіса, з якіх сышлі іх героі, а за імі – сама Вясёлка ў прыгожай рознакаляровай сукенцы. Яны і расказалі гасцям пра свае цікавыя прыгоды, якія здарыліся з імі на працягу шасцідзесяці гадоў.
Уявіце сабе, дарагія сябры, што тыя, хто чытаў першыя нумары “Вясёлкі”, даўно ўжо бабулі і дзядулі. Упершыню часопіс пабачыў свет у красавіку 1957 года. «Хроснай мамай» яго стала прыгажуня Вясна, а «хросным татам» – вядомы беларускі пісьменнік, выдатны педагог Васіль Вітка, які быў першым рэдактарам і ўзначальваў часопіс на працягу 17 гадоў. Потым яго змянілі пісьменнікі Еўдакія Лось і Анатоль Грачанікаў, а з 1978 года, вось ужо амаль сорак гадоў, кіруе часопісам і вучыць дзяцей любіць Радзіму, родную мову, гісторыю і культуру Уладзімір Ліпскі.
Хто яшчэ не ведае, то ведайце, што ў часопісе шмат жартаў, гульняў, вершаў, загадак і казак. Яркія тэатральныя сцэнкі з некаторых нумароў былі паказаны публіцы. Не даваў засумаваць гледачам і Вася Вясёлкін, які прадставіў юным чытачам рубрыкі “Жывая класіка”, “Крышку пра кніжку”, “Мой лепшы сябар” і “Музей Вясёлкі”, азнаёміў іх з побытам нашых продкаў, паказаў усялякія рэчы і гаспадарчыя прылады, якімі калісьці карысталіся.
Зацікавілі гасцей і бяспройгрышная латарэя, і пазнавальныя майстар-класы ад мясцовых рукадзельніц на чале з Марыяй Мікалаеўнай Кулецкай, якія разгарнуліся ў чытальнай зале. Ну, як тут пройдзеш міма! Шчаслівыя дзеці выйгравалі маленькія, але вельмі карысныя фішкі і беглі плясці кошычкі і шыць з воўны сувенірныя яйкі – Вялікдзень не за гарамі!
Што тут скажаш! Пасля такога свята можна не сумнявацца, што часопіс “Вясёлка” застанецца жаданым для розных чытачоў: дасціпных і не вельмі, старанных і крышачку лянівых, верных і летуценных. Адным словам, такіх розных і, у той жа час, такіх цудоўных, як колеры вясёлкі.
Алена Зялевіч. Фота аўтара.