На цэнтральнай плошчы каля райвыканкама ў мінулую нядзелю было надзвычай шматлюдна. Жыхары горада, прадстаўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый, вучнёўскія калектывы і члены маладзёжных аб’яднанняў сабраліся ў гэты дзень з нагоды святкавання Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь.

Мітынг, прысвечаны адной з галоўных падзей у святочным календары нашай краіны, адкрыў старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч. У сваім выступленні Міхаіл Мікалаевіч звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што 2019 год для рэспублікі надзвычай знамянальны: 100 гадоў утварэння БССР, 75 гадоў вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, 20 год з дня падпісання Саюзнай дамовы паміж Беларуссю і Расіяй.

— Спадзяюся, што новае пакаленне захавае тое пачуццё патрыятызму, якім вызначаюцца вашы старэйшыя сваякі і знаёмыя,— падкрэсліў старшыня.

У адпаведнасці з арт.19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь — сімваламі нашай краіны як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. Эталон герба і Палажэнне аб сцягу зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 1995 годзе па выніках праведзенага напярэдадні рэспубліканскага рэферэндуму. І ўзняць адзін з галоўных сімвалаў — Дзяржаўны сцяг — у святочны дзень было даручана старшыні раённага падраздзялення Камуністычнай партыі Беларусі С.С.Лаўрыновічу і члену дзіцячага парламента Яніне Малышкінай.

Па традыцыі, каб гэты дзень застаўся ў памяці падрастаючага пакалення як адна з самых урачыстых падзей іх жыцця, на цэнтральнай плошчы адбылася ўрачыстая цырымонія прыняцця новых членаў у шэрагі грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя». Сёлета гэтага гонару былі ўдастоены вучні СШ №3, якім пасля прынясення піянерскай клятвы гальштукі ў колерах Дзяржаўнага сцяга завязалі ганаровыя госці мерапрыемства.

З віншавальнымі словамі да прысутных на мітынгу таксама звярнуліся старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Т.К.Кашкан, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №3 І.М.Папко. А напрыканцы ўрачыстасці адбылася цырымонія ўручэння білетаў новым членам БРСМ, якую правёў старшыня райвыканкама М.М. Крэйдзіч.

Асаблівую атмасферу свята ў гэты дзень стваралі самадзейныя артысты Пружаншчыны.
Алег Сідарэнка.
Фота Сяргея Талашкевіча.