Воскресенье, 19 января 2025

В честь 125-летия в Пружанах погасили марку с изображением Григория Ширмы

1 222

У мінулую пятніцу ў Пружанскай дзіцячай школе мастацтваў адбылася падзея рэспубліканскага маштабу. У рамках адкрыцця тыдня, прысвечанага 125-годдзю з дня нараджэння Р.Р.Шырмы, была праведзена ўрачыстая цырымонія гашэння маркі з выявай гэтага вялікага дзеяча культуры і мастацтва. IMG_9790

– Здавалася б, адна маленькая марка, а якая на яе ўскладзена вялікая місія!  Мініяцюрны ілюстраваны кавалачак паперы стане яскравай кветкай, якую мы ўпляцем у вянок памяці Рыгора Раманавіча, – адзначыла на адкрыцці дырэктар Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Вялянціна Мікалаеўна Пух.IMG_9810 IMG_9812

Яна расказала гасцям мерапрыемства, якім чынам, увогуле, паштовы канверт стане яшчэ адной крыніцай памяці таленавітага сына пружанскай зямлі. Сапраўды, не ўсе ведаюць, што разам з асноўнымі паслугамі, якія аказваюцца поштай, яе работнікі займаюцца выданнем арыгінальных знакаў паштовай аплаты — марак. На працягу многіх гадоў іх была выдадзена велізарная колькасць. Канверты з маркамі падарожнічаюць па свеце і даносяць сусветнай супольнасці лепшую інфармацыю пра нашу краіну: усё тое цудоўнае і прыгожае, што ў нас ёсць.IMG_3163

Вось і  тыя пяцьдзясят тысяч канвертаў, якія былі выпушчаны да юбілею Рыгора Шырмы і пазначаны юбілейнай маркай, разляцяцца ва ўсе куткі зямнога шара і разнясуць вестку пра нашага земляка. Узяўшы канверт у рукі, адрасат абавязкова зверне ўвагу на каляровы вугалок і бу-дзе імкнуцца больш даведацца пра адлюстраванага на марцы ўраджэнца той краіны, адкуль прыляцела пісьмо. Такім чынам, “шырмаўская” марка з’яўляецца своеасаблівай гістарычнай нітачкай, якая звяжа нашу Пружаншчыну з іншымі краінамі і народамі.IMG_9784

Больш таго, як вы разумееце, далёка не ўсе падзеі і вялікія асобы знахо-дзяць сваё адлюстраванне на знаку паштовай аплаты. У цэлым, канверт, марка або паштовая картка праходзяць вельмі нялёгкі шлях – ад узгаднення з мастацкім саветам Міністэрства сувязі  і інфарматызацыі  да выпуску. І нам, пружанцам, вельмі пашанцавала, што брэсцкім паштавікам неабыякавы лёс нашага земляка, што яны ідуць у нагу з часам і прадугледжваюць тыя напрамкі ў выбары знакаў, якія сёння каштоўныя і для нашай дзяржавы, і для нашага народа, і для асаблівых знаўцаў творчасці вялікіх людзей.IMG_9808

І вельмі важна, што гашэнне, так сказаць,  урачысты выхад у свет першай юбілейнай маркі, прайшло менавіта ў нашым горадзе – у музеі Р.Р.Шырмы, у дзіцячай школе мастацтваў, якая не толькі носіць яго імя, але і знаходзіцца на вуліцы, названай у яго гонар. Ды яшчэ і ў прысутнасці людзей, якія мелі прамое дачыненне да асобы нашага  вялікага земляка.

Права  пагасіць марку прадаставілі дырэктару Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Валянціне Мікалаеўне Пух і намесніку старшыні Пружанскага райвыканкама Мікалаю Пятровічу Кудраўцу.  Яны паставілі свае подпісы ў спецыяльных альбомах, дзе і будуць захоўвацца  адбіткі гашэння: адзін – у паштовым музеі г.Брэста, а другі застанецца  на памяць у музеі ДШМ г.Пружаны.IMG_3174

– Які хвалюючы момант!.. – зазначыў Мікалай Пятровіч, трымаючы ў руках арыгінальны юбілейны штэмпель. – 1892 год, пазамінулае стагоддзе!  Калі перагартаць старонкі гісторыі, здаецца, што гэта было так даўно. Але мне гэта дата вельмі памятная па той прычыне, што якраз у той жа год нарадзілася і мая прабабуля, равесніца Рыгора Раманавіча. Часта думаю пра яго: чалавек, які нара-дзіўся ў вясковай сям‘і, змог атрымаць адукацыю, развіць свае здольнасці і праславіць не толькі нашу Пружаншчыну, але і ўсю Беларусь. Вось адкуль гэты талент? Відаць, усё гэта ад нашай пружанскай пявучай зямлі, ад  тых шчырых землякоў, з якімі вырас, ад бацькоў, бо гэта былі па-свойму творчыя і цікавыя людзі… Час бяжыць вельмі хутка, і наша задача зрабіць усё магчымае, каб Рыгора Шырму памяталі. І не толькі тая аўдыторыя, якая прысутнічае сёння ў зале, але і наша моладзь…

Гасілі марку адзіным і непаўторным штэмпелем, які ніколі і нідзе не будзе больш выкарыстоўвацца. Нездарма на мерапрыемстве былі заўважаны не толькі пружанскія калекцыянеры, але і прадстаўнікі абласнога грамадскага аб’яднання філатэлістаў, якія ў свае калекцыі ў абавязковым парадку пакладуць канверцік з “шырмаўскай” маркай і штэмпелем з датай “20.01.2017”. І пройдуць многія гады, дзясяткі, а магчыма, і сотні гадоў, калі іх нашчадкі адкрыюць калекцыі і знойдуць наш пружанскі святочны канверт…IMG_3160

На мерапрыемстве прысутнічаў (разам са сваім унукам) і прафесар кафедры харавога дырыжыравання, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва Аляксандр Васільевіч Жураў, які добра ведаў Р.Р.Шырму і спяваў у яго капэле. Ён расказаў пра першую сваю сустрэчу з маэстра, якая адбылася ў далёкім 1955-м годзе, а таксама раскрыў апошнія і мала каму вядомыя сумныя старонкі жыцця Рыгора Раманавіча:

– Ён мяне праслухаў і сказаў: “Добра, Шура (так проста мяне заўсёды і называў), пайшлі ў аўдыторыю”… А там чалавек семдзясят. І як заспяваюць! Гэта было нешта чароўнае… І пасадзіў мяне Рыгор Раманавіч у першыя басы-барытоны. На некаторых здымках я тут у вашым музеі ёсць (стаю ў чацвёртым радзе). Вось так увесь час і працаваў у Шырмы. І якія добрыя ў нас былі адносіны! Мне здаецца, я  быў, мабыць,  адзіны, з кім ён мог у любы час звязацца і пагаварыць. Можа, людзі саромеліся да яго падысці, маўляў, зорка, велічыня? А ён жа быў вельмі просты і шчыры чалавек…

У апошнія гады ён быў нечым усхваляваны. Яму прыйшлося вельмі цяжка             з-за нагавораў. Хтосьці наверх напісаў паклёп, пайшлі-закруціліся  размовы. Ён усё ведаў, ва ўсякім разе, адчуваў.  Рыгор Раманавіч не даказваў праўду, а моўчкі сышоў. Рэпетыцыя прайшла, ён пакланіўся на тры бакі, паклаў сваю дырыжорскую палачку і пайшоў не аглядаючыся. І больш не вярнуўся…

Час расставіў усё на свае месцы. Той, хто яго апаганіў, так і застаўся нікому невядомым подлым ананімам. А мы нясем кветкі да магілы і помнікаў “дзядзькі Рыгора”. І жыццё яго спасцігаем, як славутую кнігу: старонка за старонкай, з кожным годам паглыбляючы ўсведамленне  яго сапраўднай гістарычнай значнасці.

Ён жыў і працаваў, не шкадуючы сябе, каб зберагчы душу народную – песню. Дзякуючы яго нястомнай працы не зніклі ў нябыт бясцэнныя скарбы народнай творчасці, з якімі госці мерапрыемства змаглі пазнаёміцца праз выступленні выхаванцаў ДШМ і народнага фальклорнага калектыву “Бабіна лета” Аранчыцкага Дома фальклору. Жыццё будзе мяняцца, а гэтыя беларускія песні будуць гучаць з новай сілай і ніколі не страцяць сваёй папулярнасці.

Алена Зялевіч. Фота аўтара.

На здымку:  дырэктар Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” В.М.Пух і намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама М.П.Кудравец падчас працэдуры гашэння маркі.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *