Вторник, 14 января 2025

В чем секрет семейного счастья? Об этом спросили мы у пружанцев. И вот, что получили в ответ

1 232

Лічыцца, што кожная няшчасная сям’я нешчаслівая па-свойму, а вось шчаслівыя сем’і падобныя адна на адну. Сапраўды, папрасіце шчаслівых мужа і жонку раскрыць складаную «формулу» сямейнага шчасця, і яны, як правіла, будуць гаварыць аб адным і тым жа.

Сям’я Болван.  Сямейны стаж —40 гадоў.

Іван Навумавіч:

– Мы ва ўсім дапамагаем адзін аднаму, так як у нас няма ніякага падзелу хатняй            працы – гэта, маўляў, мужчынская, а гэта жаночая. Усё робім разам, нават адпачываць стараемся разам, любім прайсціся вечарам на свежым паветры, успомніць маладосць, пагаварыць. Магчыма, камусьці гэта здасца дзіўным, але муж і жонка павінны размаўляць пра ўсё.

Наталля Мікалаеўна:

– Сакрэт сямейнага шчасця – гэта калі мы паважаем адзін аднаго, прыслухоўваемся да меркавання роднага чалавека, да яго парадаў. Дзеля захавання міру і спакою ў сям’і стараемся саступаць адзін аднаму.

Сям’я Цабрук. Сямейны стаж —35 гадоў.

Васіль Андрэевіч:

–Трэба любіць сваю палавінку і дапамагаць ва ўсім. І старацца як мага менш яе хваляваць. Усё трымаецца на разуменні, даверы, пачуцці адказнасці, адчуванні непарыўнай сувязі. Будзе ўсё гэта – нікуды каханне, а за ім і шчасце не знікнуць.

Галіна Зігмунтаўна:

– Усе нашы адносіны будуюцца на павазе і любові, адкрытасці і даверы ў адносінах. У сям’і важна не толькі штосьці разам рабіць, але і разам прымаць рашэнні. Гэта, па-першае, дапамагае пазбегнуць памылак, а па-другое, – дазваляе падзяліць адказнасць. Мы ніколі не звальваем віну адзін на аднаго, а стараемся разам справіцца з непрыемнасцямі. Усведамленне агульнага «мы» цалкам дастаткова для шчаслівага жыцця.

Сям’я Лысевіч. Сямейны стаж — 20 гадоў.

Дзмітрый:

– А што тут гаварыць?! У сям’і ўсё трымаецца на жаночай мудрасці і далікатных жаночых плячах. Без нашых выдатных дам мы б, мужчыны, прапалі. І трэба заўсёды саступаць свайму роднаму чалавеку. Узгадайце прымаўку: «Муж у сям’і – галава, а жонка – шыя, куды шыя захоча, туды галава і паверне». Так і павінна быць.

Аксана:

– Адразу скажу: аднаго кахання недастаткова. У звычайным жыцці, з яго штодзённымі праблемамі і клопатамі абавязкова павінны прысутнічаць разуменне і павага. Трэба прымаць сваю палавінку такой, якая яна ёсць, не пера-кройваць яе пад сябе. Пакідаць ёй уласную прастору, давяраць, дараваць. Думайце разам, прымайце сумесныя рашэнні. І тады ў сям’і стане цёпла, утульна, туды заўсёды захочацца вяртацца.

Сям’я Авярковых. Сямейны стаж —38 гадоў.

Анатоль Сцяпанавіч:

– Сямейнае шчасце трымаецца на памяркоўнасці, уменні дараваць і ў патрэбную хвіліну прыходзіць на дапамогу адзін аднаму. А дзецям сваім я заўсёды казаў: нараджайце пабольш дзяцей, у іх хаваецца самае галоўнае шчасце і сэнс жыцця. Для іх мы і жывём.

Алена Аляксандраўна:

– Сям’я – гэта крыж, дадзены нам Богам, але крыж выратавальны. Таму трэба набрацца цярпення, умення прамаўчаць, здольнасці зразумець і дараваць. Шчаслівыя тыя, хто валодае гэтымі здольнасцямі. А кіраваць у сям’і павінна не жонка, не муж, а каханне.

Цікавілася Алена Зялевіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *