Спачатку, калі ўбачыла, што разметку на стаянцы ў цэнтры горада памянялі, абрадавалася: падалося, што так будзе зручней. Але радасць аказалася кароткай. Да той стаянкі, што знаходзіцца бліжэй да Палаца культуры, прэтэнзій няма, а вось да другой, каля Белых лавак, — ёсць. Незразумела, чым кіраваліся работнікі, якія наносілі разметку. Калі паставіць аўтамабіль паміж двума іншымі, прыпаркаванымі строга ў межах свайго «кармана», выйсці з машыны не атрымаецца: добра калі ўдасца прыадчыніць дзверку, не пашкодзіўшы транспарт, які стаіць па-суседству, не кажучы ўжо пра тое, каб выйсці.
Няўжо гэта нікога не бянтэжыць? Столькі часу прайшло, а ніхто не выпраўляе гэтую недарэчнасць…
Ірына Іванаўна.
У Дзяржаўтаінспекцыі зазначылі, што чытачка мае рацыю.
— Праблема з нанясеннем разметкі на гэтай паркоўцы сапраўды існуе, — згадзіўся старшы інспектар ДПС Сяргей Мышкевіч. — І ў бліжэйшыя дні яна будзе вырашана. Але на абмеркаванне камісіі па бяспецы дарожнага руху, якая функцыянуе пры Пружанскім райвыканкаме, будуць вынесены і іншыя праблемы парковак у горадзе.
У прыватнасці, як удакладнілі ў ДАІ, ужо літаральна ў верасні камісія разгледзіць пытанне павелічэння колькасці парковачных месцаў у цэнтры Пружан.
— У буднія дні недахоп парковачных месцаў так востра не адчуваецца, чаго нельга сказаць пра выхадныя. У прыватнасці, Дзяржаўтаінспекцыя прапануе абсталяваць пляцоўку паміж Белымі лаўкамі і саборам Аляксандра Неў-скага: там дастаткова нанесці адпаведную разметку. Дарожны знак, які забараняў уезд туды з боку вуліцы Р.Шырмы, нядаўна быў зняты. Разам з тым, плануецца дадаткова ўстанавіць дзве бетонныя клумбы, якія будуць служыць абмежаваннем для аўтамабілістаў, якія імкнуцца пад’ехаць на машыне да самага ўвахода ва «Універсам».
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.