У першую нядзелю жніўня Белавежская пушча сустрэла наведвальнікаў асаблівай цішынёй. У самым яе сэрцы, ва ўрочышчы Перароў, дзе пахаваны расстраляныя фашыстамі беларускія і польскія мірныя жыхары, адбыўся традыцыйны жалобны мітынг.
Роўна 77 гадоў таму на гэтым месцы адбылася страшная трагедыя. У тым далёкім 1941 годзе літаральна за тры дні, з 31 ліпеня па 2 жніўня, фашысты выселілі некалькі тысяч мірных жыхароў, спалілі дзясяткі населеных пунктаў і расстралялі 130 жыхароў з Белавежы, Гайнаўкі, Шарашова, Роўбіцка, Чадзеля, Борак, Малога Красніка і іншых пушчанскіх вёсак. Карная аперацыя па так званай “зачыстцы” пушчы праводзілася паліцэйскім батальёнам і ротай “Штутгарт”.
Доўгі час месца расстрэлу заставалася невядомым. Але няма нічога таемнага, што не стала б вядомым: у 1952 годзе падчас рамонту лясной дарогі пад каўшом экскаватара ў старым кар’еры адкрыліся чалавечыя астанкі. Намаганнямі мясцовых краязнаўцаў 85 загінуўшых было ідэнтыфікавана, а паўсотні, на жаль, так і застаюцца безыменнымі. З цягам часу сталі вядомы імёны нацысцкіх злачынцаў і здраднікаў. Самы галоўны з апошніх – былы солтыс Канстанцін Тэлянкевіч, які вырашыў такім страшным чынам адпомсціць тым, хто калісьці асмеліўся яму пярэчыць, і даў фашыстам спісы так званых камуністаў: Ліцкевічаў, Ліневічаў, Казлоўскіх, Казубаевых, Пекачаў, Сікорскіх, Пацэвічаў і іншых ні ў чым не вінаватых людзей.
У пачатку 1960-х гг. на месцы гібелі беларускіх і польскіх пакутнікаў быў устаноўлены абеліск з чырвонай зоркай, а праз трыццаць гадоў “белавежская галгофа” была пазначана “Падаючымі крыжамі” — менавіта так у народзе ахрысцілі велізарную бетонную стэлу ў выглядзе нахіленых слупоў з перакладзінамі.
Кожны год на месца “барацьбы” дабра і зла, любові і нянавісці, смутку і чалавечай жорсткасці прыходзяць дзясяткі людзей. І на гэты раз у жалобным мітынгу-рэквіеме прынялі ўдзел шматлікія прадстаўнікі раённай і мясцовай уладаў, неабыякавыя жыхары Шарашэўскага і Сухопальскага сельсаветаў, а таксама родныя загінуўшых з Беласточчыны (Польшча).
Намеснік старшыні райвыканкама Р.В.Супрыновіч, які адкрываў мітынг, трапна адзначыў, што падобных месцаў расстрэлу мірнага насельніцтва ў Белавежскай пушчы нямала па абодва бакі мяжы. Таму агульная памяць і агульны боль назаўжды аб’ядналі беларускі і польскі народы.
— За кожным імем, кожным прозвішчам у спісе загінуўшых — простае чалавечае жыццё, у якім былі радасці і засмучэнні, цяжкасці і перамогі. Гэтыя людзі, як і мы, жылі, працавалі, кахалі і верылі ў светлую будучыню. Дык аддамо даніну памяці кожнаму з іх, – заклікаў Руслан Васільевіч. І ў знак яднання суседніх славянскіх народаў у выкананні духавога аркестра Палаца культуры прагучалі беларускі і польскі гімны.
Пра тое, што ў гэты дзень праз адну на ўсіх трагедыю сціраюцца межы паміж рознымі нацыянальнасцямі, і пра святы абавязак кожнага жыхара раёна захоўваць памяць аб гэтай “пушчанскай” гісторыі доблесці, высокага патрыятызму і сілы духу нашых землякоў казаў на мітынгу і старшыня Шарашэўскага сельвыканкама Д.У.Чайкоўскі.
Пасля афіцыйных выступленняў настаяцелем царквы ў гонар іконы Божай Маці “Неспадзяваная радасць” айцом Сергіем Сысаляціным у суправаджэнні вакальнага ансамбля “Амафор” з Навазасімавіцкага СДК была адслужана памінальная ліція. Ва ўнісон з праваслаўнымі песнапеннямі прагучалі і жалобныя спевы ў выкананні маладзёжнага трыа Свята-Троіцкага касцёла г.п.Шарашэва. І як заўсёды неверагодна пранізлівай была прадмова настаяцеля рымска-каталіцкай парафіі ксяндза Яцэка Гжэгаша Дубіцкага.
— Кожны год на гэтым месцы мы пераконваемся, што няма нічога тайнага… Фашысты зрабілі ўсё, здавалася б, магчымае, каб сцерці сляды свайго злачынства, нават машынамі разраўнялі зямлю, якая яшчэ калыхалася ад стогнаў закапаных людзей. Але прыйшоў час — і мы ведаем усё, нават імёны злачынцаў. Многія з іх ужо паўсталі перад тварам Бога і не пазбегнуць яго справядлівага Суда, — падагульніў свяшчэннаслужыцель.
Разам з ім і іншымі вернікамі за упакой закатаваных малілася і выкладчыца Беластоцкага медыцынскага ўніверсітэта пані Эльжбета Чыкер, якая прыехала ў пушчу, каб ушанаваць памяць свайго дваюраднага суродзіча Афанасія Турэка. Яна пажадала ўсім прысутным ніколі не спазнаць той бяды, якая спасцігла нашых няшчасных людзей пад «Падаючымі крыжамі».
Памяць людзей, апошнім прытулкам для якіх стала брацкая магіла пад “падаючымі крыжамі”, удзельнікі мітынгу ўшанавалі мінутай маўчання. Пад гукі духавога аркестра без лішніх слоў яны ўсклалі вянкі да помніка — з надзеяй на тое, што больш ніколі на нашай зямлі не паўстануць новыя “галгофы”.
Алена Зялевіч, фота аўтара.