Среда, 15 января 2025

В Беларуси появилась футбольная лига для девочек до 13 лет. Пружанки в теме!

1 006

Настаў час для вялікай будучыні жаночага футбола. Беларуская федэрацыя футбола пры тэхнічнай і фінансавай падтрымцы ФІФА на тэрыторыі Беларусі запусціла футбольную лігу для дзяўчат, узрост якіх не перавышае 13 гадоў. У футбольную лігу дзяўчат заявілася больш за 60 калектываў з усёй Беларусі. Каманды падзелены на 8 зон па тэрытарыяльным прынцыпе. Пры падзеле ўлічваліся два фактары: у кожнай групе павінна быць прыблізна аднолькавая колькасць калектываў і ўсе яны павінны знаходзіцца на зручнай адлегласці адзін ад аднаго.


Наша пружанская каманда трапіла ў сёмы дывізіён разам з камандамі Мінска, Навагрудка, Клецка, Дзяржынска, Івацэвіч, Баранавіч, Моталя.
Сістэма розыгрышу наступная: каманды ў красавіку-маі з’язджаюцца ў адно месца і гуляюць паміж сабой па двухкругавой сістэме. Пераможцы васьмі рэгіянальных зон у пачатку чэрвеня збяруцца ў Мінску, дзе па алімпійскай сістэме вызначаць лепшую каманду краіны.
Неабходна адзначыць, што ліга будзе нацыянальна арыентаванай. Кожны дывізіён названы ў гонар вядомай беларускі. Наш, сёмы, дывізіён атрымаў назву «Соля» — у гонар Саламеі Пільштынавай, першай у Рэчы Паспалітай жанчыны-лекаркі, вандроўніцы, асветніцы.
Таксама неабходна адзначыць дапамогу ФІФА. Усе каманды атрымалі мячы і камплекты гульнёвай формы «Adidas»: майкі, шорты, гетры, буцы і шчыткі. Такому падарунку па-добраму пазайздросцяць шмат якія прафесійныя клубы.
«Такія спаборніцтвы павінны даць штуршок для развіцця ўсяго жаночага футбола Беларусі і дазволяць яшчэ большай колькасці дзяўчынак далучыцца да цудоўнай гульні», — упэўнены Віталь Крупіца, начальнік аддзела масавага футбола АБФФ.
Што ж да нашай каманды, дык яна аказалася самай маладой і, як усміхаецца яе трэнер Алена Фёдараўна Адамчук — самай маленькай і па росце, але, з добрым спартыўным характарам. Трэба адзначыць дзяўчынак, якія гуляюць за пружанскую каманду: Міраслава Сямак, Валерыя Імховік, Анастасія Більдзейка, Марыя Фядун, Лізавета Більдзейка, Анастасія Кунда, Паліна Місюля, Вераніка Калюта, Ксенія Мармач, Анастасія Кавалёва, Вольга Усік, Аліна Сямко, Анастасія Лісіцкая, Багдана Сіўцова, Вераніка Губар.
Першы тур спаборніцтваў адбыўся ў горадзе Івацэвічы. Нашы дзяўчаты смела ўступілі ў бой. Першую гульню з Клецкам пружанскія футбалісткі пачалі асцярожна, хваляваліся, але без праблем перамаглі з лікам 3:0. У другой гульні з Дзяржынскам ужо асвоіліся і разышліся. Лік не заставіў сябе чакаць — 5:0 на карысць пружанак. Малайцы!
Другі тур наша каманда згуляе з камандамі Баранавіч і Івацэвіч. Пажадаем ім поспехаў і ў гэтых сустрэчах!
Валерыя Адамчук, вучаніца СШ №4 г.Пружаны.