Спортам захапляюцца многія. Але нехта займаецца на аматарскім узроўні, а нехта імкнецца ў прафесіяналы, трэніруецца штодзень для дасягнення запаветнай мэты. Такія ёсць і сярод выхадцаў Пружанскай школы хакея. Адзін з іх — Алег Панамарэнка. Ён цяпер выступае за каманду «Собаль» з горада Бярозы, якая гуляе ў Вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па хакеі.
— Алег, калі ты пачаў займацца хакеем і па якой прычыне выбраў менавіта гэты від спорту, а не той жа, да прыкладу, футбол, які заўсёды быў больш папулярны і даступны для дзяцей?
— Хакеем пачаў займацца з пяці гадоў. А прычына выбару была вельмі простая: мой старэйшы брат займаўся ў хакейнай секцыі ў ДЮСШ № 2 у Лядовым палацы. Ён мяне туды і адвёў, хаця мама больш хацела, каб я займаўся плаваннем. Але выйшла, як выйшла. Праз гады можна сказаць, што гэта было правільнае рашэнне.
— Ты пачынаў сваю хакейную кар’еру ў нашым горадзе і, можа, назавеш якім асноўным хакейным якасцям тут цябе навучылі?
— У Пружанах мне далi аснову. Навучылі спартыўнай дысцыпліне, якая вельмі дапамагла ў далейшым. Таксама тут я набыў такую якасць, як працавiтасць. Заўсёды на трэніроўках ішла гаворка аб тым, што цяжка ў вучэнні, лёгка ў баі…
— Табе не так даўно споўнілася 17 гадоў, і ты ўжо гуляеш у Вышэйшай хакейнай лізе Беларусі. Гэта вельмі сур’ёзны вынік. Дзякуючы чаму, на тваю думку, ты дабіўся яго?
— Мабыць, вылучу тры асноўныя прычыны, чаму я зараз гуляю ў камандзе Вышэйшай лігі. Па-першае, я заўсёды стараўся сачыць за сваёй дысцыплінай як на лёдзе, так і па-за ім. Па-другое, заўсёды прыкладаў максімум намаганняў для дасягнення пастаўленых мэт. Ну і па-трэцяе, стараўся і стараюся цяпер слухаць карысныя парады трэнераў і выкарыстоўваць іх падказкі на практыцы.
— Як ацэніш атмасферу ў тваёй цяперашняй камандзе?
— Яна вельмі прыязная. Трэнеры — сапраўдныя прафесіяналы, якія падыходзяць да трэніровак з поўнай адказнасцю. Мы ж у сваю чаргу выконваем усе заданні, якія перад намі ставяць.
— Пружанцы таксама назіраюць за тваёй спартыўнай кар’ерай. Не магу прайсці міма такой падзеі, як твой першы асістэнцкі бал у афіцыйнай гульні на турніры паміж камандамі Вышэйшай лігі, які праводзіцца ў гонар знакамітага ў мінулым хакеіста зборнай Беларусі Уладзіміра Цыплакова. Якія пачуцці?
— Насамрэч, ведаеш, не зведаў ніякіх эмоцый. Я заўжды быў камандным гульцом, і маёй галоўнай мэтай з’яўляецца здабыча перамогі для сваёй каманды. Таму больш эмоцый атрымліваю ад перамогі каманды, чым ад сваіх галявых дзеянняў.
— Як ты лічыш, да чаго табе трэба імкнуцца, каб у далейшым згуляць у Экстралізе — мацнейшым дывізіёне беларускага хакея?
— Лічу, што неабходна набірацца вопыту, гуляючы ў Вышэйшай лізе. Таксама хацелася б дадаць упэўненасці сваёй гульні.
— У спартсменаў часам цяжка ідуць справы з вучобай. Сёлета ты скончыў 11 класаў сярэдняй школы. Ці робіш далейшыя крокі ў га-ліне адукацыі?
— Я вырашыў, што атрыманне вышэйшай адукацыі з’яўляецца неабходным. Таму сёлета паспрабаваў паступіць у Палескі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт арганізацыі здаровага ладу жыцця. І ў мяне гэта атрымалася! Цяпер я — студэнт-першакурснік.
— І апошняе пытанне: якая твая самая галоўная хакейная мара?
— Я не люблю загадваць наперад. Іду крок за крокам. На гэты момант хацелася б стаць чэмпіёнам Вышэйшай лігі. А так усе жадаюць стаць чэмпіёнамі свету…
Гутарыў Руслан БАСАК. Фота з архіва Алега ПАНАМАРЭНКІ