Суббота, 14 декабря 2024

Узнали, что изменилось в храмах района в связи с коронавирусом

1 648

Каварны каранавірус — сёння адно з хвалюючых пытанняў. Адна з асноўных мер прафілактыкі заражэння, паводле слоў спецыялістаў, — пазбяганне месцаў масавага збору людзей. Для вернікаў такімі месцамі з’яўляюцца храмы. Ва многіх краінах свету цяпер служэнні ў іх часова прыпынены. Напрыклад, Храм Гроба Гасподня ў Іерусаліме недаступны для наведвання ўжо больш за тыдзень. Нельга трапіць і на тэрыторыю Ватыкана, а ўсе перадвелікодныя службы пройдуць без удзелу прыхаджан. Мы вырашылі высветліць, што сёння робіцца ў храмах нашага горада для таго, каб засцерагчы вернікаў ад інфекцыйных захворванняў.


Трэба сказаць, што храмы ўсіх канфесій, якія прадстаўлены ў Пружанах, сёння працуюць у звычайным рэжыме. Праўда, і святары праваслаўнага, і каталіцкага храмаў, і пастар абшчыны хрысціян веры евангельскай адзначылі, што заўважаецца пэўнае зніжэнне колькасці прыхаджан. Магчыма, яно звязана не толькі з ростам сезонных вірусных захворванняў, але і пачаткам «дачнага» сезона.

Настаяцель Свята-Аляксандра-Неўскага сабора протаіерэй Міхаіл Носка адзначае, што абсалютна ва ўсіх праваслаўных цэрквах раёна выконваюцца санітарныя меры. Храмы, як і раней, прыбіраюцца з выкарыстаннем сродкаў дэзынфекцыі, пасля службы памяшканне абавязкова праветрываецца. Такім чынам, царква стараецца максімальна засцерагчы сваіх прыхаджан.
“Так, важна захоўваць правілы гігіены. Пра гэта нямала ўпамінанняў у Святым Пісанні, дзе сказана пра шматлікія амавенні і ачышчэнні. Але больш важнай з’яўляецца менавіта духоўная дэзынфекцыя, якую чалавек атрымлівае толькі падчас наведвання царквы і дзякуючы шчырай малітве”, — падкрэслівае протаіерэй.
Пры розных эпідэміях у праваслаўных бытаваў звычай кругласутачна біць у званы. Гэта, як высветлілі сучасныя вучоныя, нават ачышчае паветра. Сёння падчас кожнай службы чытаецца спецыяльная малітва аб выратаванні чалавецтва ад эпідэміі. Паводле слоў айца Міхаіла, яго здзіўляе ажыятаж, які ствараецца вакол віруса: “Гэта толькі адна з праблем, якія стаяць на шляху сучаснага чалавецтва. Насамрэч, іх тысячы. Варта проста задумацца, колькі людзей памірае ад алкагалізму, нікаціну, СНІДу. Колькі гіне ў ДТЗ і з-за экалагічных катастроф. Колькі, магчыма, будучых славутых пісьменнікаў, спевакоў і спартсменаў не з’явілася на свет па прычыне абортаў… Аднак людзі проста забываюцца на гэта, бо новы вірус стварыў паніку, псіхалагічны ціск”.
Парада, якую дае протаіерэй: ні ў якім разе не панікаваць, а, наадварот, звярнуцца да Бога. І, зразумела, не забываць пра асабістую гігіену.

Падобнай думкі прытрымліваецца і настаяцель парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ксёндз Павел Ярашэвіч. Як расказаў святар, у касцёле ўзмоцнены меры дэзынфекцыі. Да прыкладу, перад удзяленнем Святой Камуніі ксёндз павінен добра вымыць рукі. Часова адменена цалаванне крыжоў і абразоў, а знак супакою можна перадаваць з дапамогай паклону замест былога рукапаціскання.
Рашэннем Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі некаторым катэгорыям прыхаджан дазволена не ўдзельнічаць у нядзельнай і святочнай імшы. Сюды адносяцца вернікі пажылога ўзросту, людзі з сімптомамі хваробы, дзеці і школьная моладзь, а таксама тыя, хто адчувае страх перад заражэннем. Ксёндз Павел адзначае, што, калі вернік па прычыне дрэннага самаадчування не можа наведваць Святую імшу, ён павінен маліцца дома. Таксама ёсць магчымасць прымаць духоўную Святую Камунію, гэта значыць, быць у еднасці з Богам.
Дарэчы, пасля кожнай імшы ў перыяд Вялікага Посту ў касцёле чытаецца спецыяльная малітва аб пазбаўленні ад каранавіруса. Агульная малітва вернікаў розных канфесій прайшла ў мінскім Чырвоным касцёле, а 25 сакавіка каталікі ўсяго свету ў адзін і той жа час прачыталі малітву “Ойча наш” з просьбай аб спыненні эпідэміі.
Далучыцца да агульнай малітвы сёння дазваляюць СМІ. На хвалях Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё кожную нядзелю ў 8.15 транслюецца імша з мінскага касцёла. Пагля-дзець трансляцыю можна і пры дапамозе сайта catholic.by. “Вялікае значэнне ў жыцці чалавека адыгрывае вера. Адна справа — баяцца віруса, а другая — верыць, што, дзякуючы малітве і Божай дапамозе, ад яго можна абараніцца. У гісторыі было шмат выпадкаў, калі Бог адводзіў эпідэміі. Безумоўна, мы павінны захоўваць меры перасцярогі, каб не распаўсюджваць вірус, але павінны і маліцца. Таму што вірус — чарговае выпрабаванне на моц веры”, — падкрэслівае ксёндз.

У царкве Каўчэг Выратавання па вул. Кірава таксама прыняты неабходныя меры прафілактыкі. Пастар Эдуард Бойка прадэманстраваў наяўнасць антысептычнага сродку на ўваходзе ў храм. Пра неабходнасць яго выкарыстання прыхаджанам рэгулярна нагадваюць. Дзвярныя ручкі тут абмотваюцца марлевымі бінтамі, апрацаванымі антысептыкам, якія мяняюцца пасля кожнага богаслужэння. У санітарным памяшканні храма ёсць вадкае мыла і аднаразовыя ручнікі. Пры неабходнасці гатовы ў царкве і падзяліць вернікаў на больш дробныя групы, рэзервы для гэтага ёсць — памяшканні на 20 і 50 чалавек.
Варта адзначыць, што распаўсюджванне віруса змяніла парадак хлебаламання. У евангельскіх хрысціян яно адбываецца раз на месяц, у яго пачатку. Звычайна перад здзяйсненнем абраду пастар проста мыў рукі, цяпер жа абавязковым атрыбутам сталі аднаразовыя пальчаткі.
Калі раней усе прыхаджане пілі віно з агульнай чашы, то цяпер выкарыстоўваецца аднаразовы посуд — асобны для кожнага верніка.
“Меры прафілактыкі – гэта вельмі важна, але не варта забываць пра малітву, — кажа пастар. — Толькі Бог можа спыніць сітуацыю, якая склалася ў свеце. Таму людзі павінны звярнуцца да яго. Без дапамогі Госпада супрацьстаяць вірусу проста немагчыма”. Хрысціяне веры евангельскай таксама моляцца аб спыненні пандэміі падчас нядзельных богаслужэнняў.

Сапраўды, у справе спынення пандэміі многае залежыць ад чалавека: яго асабістай адказнасці, хуткасці рэагавання на сітуацыю, выканання мер прафілактыкі. Тым не менш, забывацца пра Божую дапамогу і падтрымку не трэба. Думаю, што да прафілактычных мерапрыемстваў абавязкова павінна дадавацца моцная вера і малітва. Яна пазбаўляе чалавека ад засмучэння, дапамагае пераадолець страх і робіць сапраўдныя цуды.
Уладзіслаў Шпарла, студэнт БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.