Традыцыйная ўрачыстасць па ўзнагароджанні пераможцаў штогадовага раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі за 2023 год прайшла ў мінулую пятніцу ў Ружанах. Адначасова падчас урачыстасці былі адзначаны сельскагаспадарчыя арганізацыі і асобныя работнікі, якія выбіліся ў лідары на абласным узроўні.

У спіс узнагароджаных сёлета трапіла больш за паўсотні работнікаў. Найбольшую колькасць дыпломаў і грамат атрымалі калектывы ААТ «Агра-Калядзічы» (12 чалавек), «Жураўлінае» (11) і ААТ «Шані-аграпрадукт» (8). Свае пераможцы ёсць і ў іншых сельгаспрадпрыемствах — ААТ «Велікасельскае Агра», «Мурава», «Ружаны-Агра», «Пружанскі райаграсэрвіс», «Ліноўскае», «Пружанскае», «Аранчыцкая птушкафабрыка», «Радзіма», «Роў-біцкае», філіяле «Айчына» ААТ «Белавежскі».

Цырымонію адкрыў першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Глушко, які падкрэсліў, што амаль шэсць дзясяткаў пераможцаў раённага ўзроўню — лічба апраўданая тым, што Пружаншчына рэгулярна «гучыць» на абласным узроўні.

— Першае месца па вытворчасці свініны ў Брэсцкай вобласці заняла ААТ «Ружаны-Агра», такі ж дыплом у сваёй катэгорыі заваяваў МТК «Клепачы» ААТ «Жураўлінае», а МТК «Вялікае Сяло-1» ААТ «Велікасельскае Агра» — трэцяе месца, — зазначыў Сяргей Аляксандравіч. — У асобных намінацыях адпаведныя ўзнагароды прысуджаны 10 работнікам аграпрамысловага комплексу нашага раёна.

Першы намеснік старшыні райвыканкама на сцэне канцэртнай залы Ружанскага цэнтра культуры і вольнага часу ўручыў дыпломы аблвыканкама кіраўнікам вышэйназваных гаспадарак, а таксама заслужаным работнікам АПК раёна — галоўным спецыялістам, заатэхнікам, асемянатарам, жывёлаводам, аператарам машыннага даення.

А яшчэ доказам заслуг пружанскіх жывёлаводаў выступае статыстыка, большая частка раздзелаў якой абазначаецца «плюсамі»: +107,3% у вытворчасці малака з павелічэннем таварнасці гэтай прадукцыі да 92%, +113,9% у вытворчасці свініны, штомесячныя «плюсы» і ў прывагах… Для малочных фабрык нашага рэгіёна ўжо даўно планка ў 8 тысяч кг ад каровы на год перастала быць «запаветным жаданнем», шэраг комплексаў перасягнуў мяжу ў 9 тысяч, а некаторыя МТК ААТ «Жураўлінае» і «Велікасельскае Агра» ўжо выйшлі і на 10 тысяч кг ад адной рагулі.

Паказчыкі абсалютна абгрунтаваныя, за чым пільна сочаць на абласным узроўні. Гэта пацвердзілі выканаўчы дырэктар Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза Сяргей Ашмянцаў і старшыня абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Аляксандр Саланевіч. Першы высокі госць зазначыў, што Пружаншчына — адзіны ў вобласці рэгіён, які перасягнуў сярэднераённы паказчык у 7 тысяч кг ад адной каровы (7266). А па словах Аляксандра Паўлавіча, на сённяшні дзень малочнатаварная вытворчасць нашага раёна дае столькі ж прадукцыі, колькі ўся Магілёўская вобласць!

Абласныя кіраўнікі падзякавалі пружанскім жывёлаводам за пачэсную, хаця і нялёгкую, працу, а таксама ўручылі лідарам за дасягненні прывезеныя з сабой узнагароды — граматы і падзячныя пісьмы.

Далей надышла чарга ўручэння адзнак раённага ўзроўню. Гэтую цырымонію правялі Сяргей Глушко і старшыня раённага прафсаюза работнікаў АПК Вольга Зубкова. Зразумела, што ўзнагароды атрымала найбольшая колькасць чалавек, і гэта дае падставу спадзявацца, што па выніках 2024 года на вобласці імёнаў пружанцаў прагучыць ніяк не менш.

Варта дадаць, што ўрачыстасць праходзіла хаця і ў афіцыйнай, але святочнай атмасферы, якую стваралі артысты ружанскай самадзейнасці. Творчыя калектывы і салісты Ружанскага ЦКіВЧ падарылі прысутным у зале цудоўныя музычныя падарункі. А перад пачаткам урачыстасці ўдзельнікі мерапрыемства наведалі Ружанскі палац Сапегаў, дзе агледзелі музейную кампазіцыю і, безумоўна, зрабілі нямала атмасферных фотаздымкаў на фоне гістарычнай забудовы і ў яе залах.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік
Яшчэ больш фота — глядзіце ў альбомах у нашых групах «УКантакце» і на «Аднакласніках».