Што такое сфера культуры? Для адукаваных, творчых і яркіх асоб яна з’яўляецца сродкам пазбаўлення ад шэрых, аднатыпных будняў, своеасаблівым акном у свет мастацтва і прыгажосці. І пагадзіцеся, што без работнікаў культуры наша жыццё было б прымітыўным і нудным. І каму, як не ім, дзякаваць за наш маляўнічы вольны час.

Сёлета Калядзіцкі сельскі Дом культуры быў узнагароджаны дыпломам абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму за лепшую арганізацыю і правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў для ўдзельнікаў уборачнай кампаніі 2022 года сярод СДК Брэстчыны.
Як адзначае загадчыца СДК Алена Сівачэнка, гэтая перамога —агульная заслуга ўсяго калектыву.
— Наша ўстанова штогод удзельнічае ў «дажыначных» мерапрыемствах. Сёлета творчая муза падштурхнула нас да стварэння вобразу маці-зямлі. Яго мы і выкарысталі, калі прадстаўлялі раён на абласных «Дажынках».
Ідэя касцюма была распрацавана кіраўніком аб’яднання «Тэатр моды» Людмілай Кудрэйка. Варта адзначыць, што ўсе касцюмы, якімі карыстаюцца аб’яднанні і гурткі Калядзіцкага Дома культуры, — аўтарскія. Многія з іх сваімі рукамі стварае культарганізатар Таццяна Кныш. Неверагодныя творчыя задумкі нараджаюцца ў галаве Таццяны Уладзіміраўны. Жанчына жартуе, што яе фантазіі хапіла б, каб апрануць паўсвета. І гэта пры тым, што па спецыяльнасці жанчына… аграном, але прызванне сваё знайшла ў культуры!
Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік