Пружанцы адлічваюць дні да «Сонцастаяння». І хоць астрана-мічную з’яву пад такой назвай мы сустрэлі некалькі дзён таму, музычная — яшчэ толькі наперадзе! Маштабны рок-фестываль ужо на гэтым тыдні збярэ ў нашым горадзе гасцей з Беларусі і замежжа. На сцэне, устаноўленай на стадыёне «Мухавец», выступяць добра знаёмыя і нават легендарныя рок-выканаўцы. Спойлер ад арганізатараў: такога Пружаны яшчэ не бачылі.
Чаму для правядзення фестывалю абраны менавіта наш горад? Усё проста: летась рок-канцэрт у рамках «Пружаны Фэст» сабраў на гарадскім стадыёне больш за 18 тысяч гледачоў. Добрае пачынанне вырашылі развіць і маштабаваць. Так і нарадзілася ідэя з рок-фестывалем «Сонцастаянне». Нагадаем, што праходзіць ён будзе з 28 па 30 чэрвеня.
Падрыхтоўка да падзеі вядзецца грунтоўная. Так, на ўваходах у парк з’явіліся вялікія тумбы з лагатыпамі «Сонцастаяння», інфармацыяй пра партнёраў і карыснымі QR-кодамі. Апошнія перавядуць вас на карту рок-фестывалю і фотаздымкі з яго. А вось у мінулую нядзелю пачаўся мантаж сцэны. Як расказалі арганізатары, для гэтай мэты на стадыёне «Мухавец» выгрузілі ажно чатыры (!) тоны абсталявання. Паназіраць за працэсам збору галоўнай пляцоўкі фестывалю, як і летась, перад «Пружаны Фэст», прыходзяць шматлікія гараджане.
Яшчэ больш гасцей будзе ў нашым горадзе ўжо непасрэдна ў пятніцу. Прыкладна з 12 гадзін пачне разгортвацца палатачны гарадок. Ён размесціцца на беразе гарадскога басейна па вул. Савецкай і, як мяркуецца, стане часовым домам для больш як 3000 аматараў року. Для тых, хто жадае трапіць на фестываль у Пружаны, арганізуюць нават аўтобусны тур з Мінска. Самае галоўнае: білеты на рок-фестываль яшчэ можна набыць на сайце kvitki.by і ў касах Брэсцкай абласной філармоніі.
Цяпер жа звернемся да праграмы «Сонцастаяння». У пятніцу, 28 чэрвеня, у 18.30 адкрые фестываль сусветна вядомы гітарыст і наш зямляк May Lian (Юрый Маілян). Следам за ім з гадзіннымі праграмамі адзін за адным на сцэну ў Пружанах выйдуць прадстаўнікі гуртоў «Браты Грым», «Маральны Кодэкс», «Чёрный Кофе», саліст гурта «Агата Крысці» Вадзім Самойлаў.
Сапраўдным сюрпрызам першага дня рок-фестывалю стане вяртанне рок-гурта «Парк Горкага». У сваім залатым складзе легендарны калектыў выступіць упершыню за 9 гадоў. У рамках «Сонцастаяння» 28 чэрвеня ў 23.00 на адну сцэну выйдуць Аляксандр Маршал, Аляксей Бялоў, Ян Яненкоў і Аляксандр Львоў.
— У 2019-ым годзе мы выпусцілі сінгл «Hello My Friend», які трапіў у плэйліст радыёстанцый свету, праз год выйшаў відэакліп на гэтую песню. Потым пачаўся COVID-19, і нашы жаданыя выступленні зноў прыйшлося адкласці. І вось цяпер, нягледзячы ні на што, мы вырашылі сабрацца, таму што назапасілася шмат новых ідэй і новай музыкі! — расказаў Аляксей Бялоў.
Завершыць першы канцэртны дзень гурт «Sun Road-21», іх выхад — у 00.00 гадзін ужо 29 чэрвеня. Дарыць жа свае хіты выканаўцы будуць да трох ночы!
Да гэтага ж часу будзе гучаць канцэрт «Сонцастаяння» ў яго другі дзень. У суботу, 29 чэрвеня, з 18 гадзін парадуе гасцей рок-фестывалю гурт «Goffman». У 19.00 выйдзе на сцэну саліст «Смысловых галлюцинаций» Сяргей Бабунец. Таксама з гадзіннымі праграмамі выступяць гурты «Серьга» і «Чиж & Со». Пасля іх, у 22.00, будзем падпяваць самому Джо Лін Цёрнэру.
Далей на сцэну павінен быў выйсці легендарны гурт «Кіно», але, як паведамілі артысты ў сваім Instagram, выступіць у Пружанах яны не змогуць па форс-мажорных абставінах. Парадаваць беларускіх аматараў паабяцалі ў іншы раз. Між тым, з 23-х гадзін у суботу гасцям «Сонцастаяння» сумаваць не давядзецца. Хто заменіць «Кіно», пакуль пакінем у тайне. Зафіналяць жа другі дзень маштабнага рок-фестывалю «Bandиты». Дарэчы, усе выканаўцы запрашалі на фестываль асабіста. Знайсці відэазапрашэнні можна ў нашых Viber-, Telegram-каналах і ў TikTok.
Такую падзею проста нельга прапусціць! Набывайце білеты, калі яшчэ не зрабілі гэтага, і сустракаем музычнае, рокавае «Сонцастаянне» ў Пружанах разам!
Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік