Сельскагаспадарчы год падыходзіць да лагічнага завяршэння. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь на пасяджэнні з эканамічным блокам урада і кіраўнікамі рэгіёнаў запатрабаваў завяршыць яго апошнім гектарам уздыму зябліва. Як патрабаванне Кіраўніка дзяржавы выконваецца ў нашым рэгіёне? З гэтым пытаннем мы завіталі ў ААТ «Радзіма».
Уздым зябліва — гэта асенняя апрацоўка глебы, якая дае магчымасць правесці вельмі раннюю веснавую сяўбу і закончыць яе ў найбольш сціслыя тэрміны. Глеба, якая падвяргаецца зяблеваму ўзворванню, пад уздзеяннем нізкіх тэмператур прамярзае, «зябне».
Як расказала выконваючая абавязкі галоўнага агранома таварыства Вера Ярмашук, пры правільным і своечасовым узворванні ўраджай яравых культур павышаецца на чатыры і больш цэнтнера з гектара. Па той прычыне, што ўздым зябліва адыгрывае важную ролю ў барацьбе з хваробамі і шкоднікамі ў глебе, садзейнічае памяншэнню засмечанасці палёў, захаванню вільгаці, атрыманню максімальнай аддачы ад унясення ўгнаенняў.
Сёлета гаспадаркам раёна патрэбна ўзняць 24000 га зябліва, з іх 1000 га — у ААТ «Радзіма». І ў таварыстве добра разумеюць важнасць гэтай работы.
Мы пабывалі ў гаспадарцы якраз напярэдадні снегападу і пахаладання. На ўздыме зябліва тут задзейнічана два механізатары. Васілій Гавейна займаецца падобнымі работамі каля трыццаці гадоў. Побач з вопытным механізатарам першы год працуе Аляксандр Якімец.
Па словах Васілія Аляксандравіча, за дзень удаецца ўзняць каля 25 га зябліва: у лістападзе вечарэе хутка. Па стане на панядзелак работы выкананы больш як на 70% ад запланаваных плошчаў. Што ж, мяркуючы па прагнозе, надвор’е яшчэ дазволіць паспяхова завяршыць восеньскае ворыва.
Вадзім Раўнейка. Фота Алега Сідарэнкі