Сярэдзіна восені, а гэта значыць, што набліжаецца пара вызначыцца старшакласнікам з выбарам будучай прафесіі. Каб дапамагчы ім у вырашэнні гэтага жыццёва важнага пытання, у пачатку кастрычніка выкладчыкі факультэта бухгалтарскага ўліку Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі правялі мерапрыемствы па прафарыентацыі.
Сяргей Гудкоў, Ала Рубанік і Таццяна Гусарава сустрэліся з выпускнікамі ўсіх гарадскіх і некаторых буйных сельскіх школ, такіх як Шарашоўская, Параслянская, Хараўская, Ліноўская, Кляпацкая, Мураўская, Слабудская сярэднія школы і Мокраўскі ВПК.
Вучням была прапанавана карысная інфармацыя пра навучальную ўстанову, прадэманстраваны слайды, рэкламныя буклеты са звесткамі пра ўмовы прыёму на дзённую і завочную формы атрымання адукацыі. Асаблівая ўвага была звернута на тое, што абітурыентам, якія паступаюць на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, не трэба будзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай (рускай) мове.
Абітурыенты, якія жадаюць стаць аграномамі, заатэхнікамі, меліяратарамі, а таксама інжынерамі і эканамістамі ў галінах АПК, будуць здаваць толькі два профільныя экзамены. Гэтыя выпрабаванні абітурыенты маюць права прайсці ў форме цэнтралiзаванага тэсцiравання альбо здачы ўнутраных іспытаў у ВНУ, калі вынікі атрыманых сертыфікатаў іх не задаволяць. Такім чынам, у абітурыентаў з’явіўся яшчэ адзін дадатковы шанец стаць студэнтам па запатрабаваных на рынку працы спецыяльнасцях.
Перспектыва паступлення ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію прывабіла некаторых будучых выпускнікоў пружанскіх школ. Вынікі анкетавання, праведзенага сярод старшакласнікаў, паказалі, што сямнаццаць з іх вырашылі паступаць у гэтую ВНУ, у прыватнасці на факультэты біялагічнага, інжынернага, юрыдычнага і эканамічнага профіляў. Выкладчыкам застаецца толькі спадзявацца, што да канца года вучні сваё рашэнне не зменяць.
Алена Зялевіч