Сацслужбы працуюць выдатна. У гэтым маглі ўпэўніцца дэпутаты рознага ўзроўню, якія на мінулым тыдні наведалі Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ТЦСАН і раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр.
З калектывамі, выхавальнікамі ўстаноў сустракаліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Юрый Наркевіч, дэпутат абласнога і раённага Саветаў дэпутатаў Дзмітрый Красевіч, дэпутат Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Таццяна Гаманчук.
Арганізуючы сустрэчу з калектывам ТЦСАН, ставілася задача — праінфармаваць аб гістарычных падзеях, якія адбыліся 85 гадоў таму, а гэта — уз’яднанне заходняй часткі Беларусі, якая была акупавана Польшчай, з БССР. У гонар гэтай падзеі ў 2021 годзе было заснавана дзяржаўнае свята — Дзень народнага адзінства. На гэтай тэме падрабязна спыніўся Мікалай Кудравец. Прагледзелі і дакументальны фільм, прысвечаны гістарычным падзеям.
Дзмітрый Красевіч, які зараз узначальвае ААТ «Пружанскі кансервавы завод», расказаў аб ходзе будаўніцтва новых магутнасцей прадпрыемства, аб тым, што працаваць там будзе прыкладна тысяча чалавек. Выпускаць запланавана кансерваваную агародніну, садавіну, тушонку з рознымі расліннымі напаўняльнікамі, фруктова-ягадны дадатак да ёгуртаў. Дарэчы, брэнд «Пружанскі слоік» атрымаў далейшую рэгістрацыю і будзе радаваць пакупнікоў якасцю кансерваванай прадукцыі. На месцы былога кансервавага завода, цэхі якога мы бачым па вуліцы Свабоды, размесціцца культурна-забаўляльны цэнтр.
Звяртаючыся да прысутных, Юрый Наркевіч адзначыў, што такога кшталту інфармацыйныя сустрэчы дэпутацкага корпуса з калектывамі Пружаншчыны вельмі неабходны. На іх можна даведацца аб праблемах, якія хвалююць насельніцтва, паспрабаваць многія вырашыць. Юрый Іосіфавіч падзякаваў за прыём.
Падводзячы вынікі сустрэчы, Мікалай Кудравец зазначыў вялікі ўклад Юрыя Наркевіча як былога старшыні Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, а зараз і дэпутата парламента.
Затым госці наведалі аддзяленне сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў у пасёлку Сонечным. Там расказалі аб дасягненнях выхаванцаў, рабоце з імі. У тым жа будынку знаходзіцца і сацыяльна-педагагічны цэнтр, з работай якога наведвальнікі таксама азнаёміліся.
Віктар Ільюшчанка.
Фота аўтара