Суббота, 12 октября 2024

Увага, новы від махлярства! Злачынцы дзейнічаюць ад імя прадстаўнікоў «Белпошты»

650

Мы заўсёды імкнемся папярэдзіць нашых чытачоў пра розныя спосабы махлярства па выманьванні грошай і патлумачыць, што зламыснікі не спыняюцца на адных схемах, а пастаянна прыдумваюць новыя. Апошняе пацвярджае крымінальная статыстыка.

У Беларусі з’явіўся новы від махлярства. На гэты раз падманшчыкі вырашылі «пераапрануцца» ў прадстаўнікоў «Белпошты». Гэтага можна было чакаць, бо махляры часцяком падладжваюцца пад тыя службы або арганізацыі, якія часта кантактуюць з людзьмі і карыстаюцца пэўным даверам. Неаднаразова грамадзяне станавіліся ахвярамі лжэгазавікоў, лжэмедыкаў, лжэработнікаў сацыяльнай сферы або банкаўскіх структур.

Цяпер жа злачынцы тэлефануюць грамадзянам па мабільным тэлефоне і прапануюць удзельнічаць у акцыі або розыгрышы прызоў ад імя РУП «Белпошта». Для гэтага неабходна адказаць на некалькі пытанняў віктарыны. Варыянты адказаў можна даць па прапанаваным нумары тэлефона або размясціць на пазначаным сайце. Адной з умоў атрымання прыза з’яўляецца перадача анкетных дадзеных… у тым ліку і рэквізітаў плацёжнай карткі.

Акрамя таго, па-ранейшаму выкарыстоўваецца так званы «фармінг», калі карыстальнік перанакіроўваецца на фальшывы (падроблены) сайт. У прыватнасці, ашуканцы падманным шляхам выкрадаюць грошы і дадзеныя банкаўскіх картак з дапамогай фальшывага сайта РУП «Белпошта». Да прыкладу, на папулярных бясплатных інтэрнэт-пляцоўках зламыснікі размяшчаюць аб’явы аб продажы розных тавараў і прапануюць аплачваць пакупку праз сэрвіс нацыянальнага аператара паштовай сувязі. Далей, пасля ўдакладнення асабістых дадзеных, нібыта неабходных для афармлення дастаўкі, пакупніку адпраўляюць спасылку на лжэ-сайт, дзе трэба рабіць віртуальную аплату тавару. Знешнія атрыбуты сайта могуць цалкам імітаваць дызайн партала РУП «Белпошта» і ўтрымліваць адпаведнае даменнае імя. Але адрозніваюцца нацыянальным абазначэннем. Напрыклад, замест «.by» будзе прапісана «.cc», «.site», «.one», «.fun» і іншыя.

Паштовы аператар звяртае ўвагу на тое, што падобныя рэсурсы не маюць дачынення да рэальнага сайта прадпрыемства. Перад уводам асабістых дадзеных варта пераканацца ў яго сапраўднасці і праверыць правільнасць напісання даменнага імя сайта — belpost.by.

Ад рэдакцыі
Каб не стаць ахвярай інтэрнэт-махляроў, трэба пільна сачыць за бяспекай рэквізітаў карткі. І спыняць любую спробу атрымання доступу да карт-рахунку. Ні адна служба не будзе пытаць пра сакрэтную інфармацыю — падобныя пытанні могуць паступіць толькі ад падманшчыкаў.

Алег Сідарэнка