Гукі сірэны, уключаныя маячкі, хуткасць пад 60 кіламетраў у гадзіну ў цэнтры горада, машына хуткай медыцынскай дапамогі, а за ёй — аўтамабіль ДАІ… З боку ўсё гэта, напэўна, нагадвала пагоню. Але пільныя ўдзельнікі дарожнага руху маглі заўважыць, што побач з вадзіцелем «хуткай» таксама сядзеў фотакарэспандэнт «раёнкі». Так у Пружанах прайшла прафілактычная акцыя «Саступі дарогу спецтранспарту».
— Вы рухайцеся як звычайна, а мы ззаду глядзець будзем. Калі што, спынім парушальніка адразу, — наказвалі вадзіцелю аўтамабіля хуткай дапамогі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.
Згодна з Правіламі дарожнага руху, усе яго ўдзельнікі без выключэння, нават пешаходы, павінны забяспечыць бесперашкодны праезд так званаму транспарту аператыўнага прызначэння — хуткай дапамозе, міліцыі, пажарнай або газавай службе, калі спецыяльныя машыны рухаюцца з уключанымі чырвонымі ці сінімі маячкамі (дадаткова можа ўключацца сірэна, але гукавое суправаджэнне практыкуецца больш днём). А вось за парушэнне такога патрабавання прадугледжаны штраф (без варыянтаў), а кіроўцаў могуць нават на год пазбавіць правоў.
Як зазначылі фельчары «хуткай», неабходна хаця б адзін раз на год праводзіць падобную «вучэбную трывогу» з-за таго, што аўтамабілі аператыўнага прызначэння нярэдка сутыкаюцца на дарогах з грэбаваннем правіламі.
— У межах населеных пунктаў мы рухаемся без усялякіх нараканняў, а вось калі выязджаем на трасы… Напэўна, у вёсках ці горадзе людзі ведаюць, што «хуткая» або «пажарка» ляціць на надзвычайнае здарэнне. І, магчыма, бяда адбылася з іх роднымі ці сябрамі. Таму і саступаюць дарогу як мага хутчэй. На трасах нямала «чужынцаў», якіх мясцовая трагедыя зусім не заклапочвае.
У праўдзівасці гэтых слоў (хаця б першай паловы) мы пераканаліся падчас прагону спецтэхнікі па гарадскіх вуліцах. Нават на скрыжаваннях, абсталяваных святлафорамі, «хуткую» без нараканняў прапускалі на чырвонае святло. Спыняліся і саступалі дарогу не толькі аўтамабілісты, але і веласіпедысты. А вось некаторыя пешаходы ўсё-такі лічылі, што яны павінны былі прайсці першымі.
Падчас умоўнага прагону ўсе прытрымліваліся патрабаванняў ДПР. Але, як зазначае старшы дзяржаўтаінспектар Павел Фядун, здараецца, што ёсць і няветлівыя. Пры затрыманні парушальнікі тлумачаць, што «вельмі спяшаліся». Але ж спыніцца і прапусціць «хуткую» — гэта не больш 10 секунд! Для вадзіцеля, які нават спазняецца на цягнік, такі адрэзак часу не мае істотнага значэння. Што нельга сказаць пра чалавечае жыццё…
Акрамя таго, трэба ўлічваць, што колькасць машын у горадзе прыкметна вырасла, складаней усяго, па словах медыкаў, даводзіцца на вуліцах Савецкай, Шырмы, Леніна. А яшчэ істотна змяніўся стыль ваджэння, што пацвярджаюць тлумачэнні некаторых аўтапарушальнікаў. Маўляў, «не бачыў на сонцы ўключаныя маячкі», а з-за музыкі ў салне «не чуў гукі сірэны». На першы погляд, зразумелае апраўданне, калі б не адно «але»: сачыць за дарогай — гэта не значыць глядзець толькі наперад. Кіроўца аўто павінен цалкам валодаць сітуацыяй і бачыць, што адбываецца па баках, у люстэрках задняга агляду. А яшчэ ўважліва слухаць «гукі дарогі», сігналы ад іншых удзельнікаў дарожнага руху. І Правілы ніякіх апраўданняў не прадугледжваюць. Асабліва наконт гучнай музыкі ў салоне падчас руху.
Ёсць яшчэ адно памылковае меркаванне, што вадзіцелі спецаўтамабіля ўключаюць сірэну і маячкі для таго, каб «паспець на піва». Ведайце: выкарыстанне аператыўных сігналаў строга рэгламентуецца, і пры выяўленні парушэнняў вадзіцель страціць не толькі работу, але і вадзіцельскае пасведчанне. Ніхто рызыкаваць не будзе.
Таму лепш зрабіць усё неабходнае і саступіць дарогу экстраным службам, каб яны паспелі аказаць дапамогу. І яшчэ: калі пачулі сірэну, то разумейце, што падчас выканання экстранага задання кіроўцы такіх аўтамабіляў не выконваюць патрабаванні дарожных знакаў, разметкі, абмежаванняў хуткасці. Зразумела, што яны павінны пазбягаць стварэння аварыйных сітуацый, але іх задача па самым кароткім маршруце і за кароткі час даехаць да месца здарэння. А значыць, трэба зрабіць так, каб аварыйная сітуацыя не склалася і па вашай віне.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік