Нягледзячы на няўстойлівасць веснавога надвор’я,
на змену яму абавязкова прыйдзе летняя пара са спякотнымі днямі. Што дазваляе прагназаваць пэўны ажыятаж у зонах адпачынку ля вады.

Нагадаем, што, згодна з рашэннем райвыканкама, сёлета не толькі дазволенымі для купання, але і гарантавана бяспечнымі вызначаны 10 месцаў: два пляжы на возеры Паперня, а таксама вадаёмы каля аграгарадкоў Лінова, Клепачы, Кабылаўка, вёсак Носкі і Магілёўцы, г.п.Шарашэва.
Дзве зоны пляжнага адпачынку створаны для гараджан — на возеры па вул. Пушкіна і на так званым «басейне» па вул.Савецкай.
На астатніх рэчках, азёрах і «лужынах» будзе размешчана інфармацыя аб забароне купання ў неправераных месцах.
У першую чаргу, з мэтай забеспячэння бяспекі адпачываючых. Для тых, хто не разумее слоў, прадугледжаны штрафныя санкцыі.
Да адкрыцця купальнага сезона далекавата, а адказныя арганізацыі і службы рыхтуюць пляжы і акваторыі да «прыёму» адпачываючых. У тым жа рашэнні райвыканкама вызначана, што гатоўнасць павінна дасягнуць ідэалу да 26 красавіка. Інакш кажучы, ужо нават сёння вадаёмы могуць прымаць аматараў адпачыць ля вады.
Словам, мець падрыхтаваную інфраструктуру, якая складаецца са спартыўных і забаўляльных пабудоў, кабінак для пераапранання, месцаў адпачынку, збору смецця і санітарных збудаванняў. А яшчэ патрабуецца вызначыць небяспечную акваторыю, стварыць умовы для захавання бяспекі і аказання першай медыцынскай дапамогі.
Адпаведную работу праводзіць і санэпідслужба. Як расказвае памочнік урача-гігіеніста цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ганна Хмялеўская, у абавязковым парадку даследуецца хімічны састаў вады, прымаюцца меры па знішчэнні дробных грызуноў і кляшчоў. Падобныя мерапрыемствы з вызначанай перыядычнасцю будуць праводзіцца на працягу ўсяго купальнага сезона.
На гэтым тыдні мы наведалі ўсе зоны адпачынку, каб на свае вочы пераканацца ў іх гатоўнасці.
Як расказвае старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Юрый Амельянчук, толькі першы год прызначэння пэўнага вадаёма месцам адпачынку патрабуе сур’ёзных намаганняў. Далей неабходна падтрымліваць зробленае ў парадку, па магчымасці дабаўляць нешта новае ў інфраструктуру або аздабленне пляжаў.

І практычна ўсе арганізацыі паставіліся да даручанай справы адказна. Напрыклад, там, дзе было неабходна, абнавілі падсыпку пляжаў. Гэта зроблена ў аг.Лінова, Кабылаўка, Клепачы, а таксама ў в.Магілёўцы.
Належным чынам падрыхтаваны акваторыі, вызначаныя буйкамі, а таксама купальні для дзяцей.
— На вадаёмах ёсць збудаванні для дзяжурства матросаў-выратавальнікаў, якія павінны быць укамплектаваны сродкамі выратавання, аптэчкамі і іншымі прыладамі,— зазначае Юрый Міхайлавіч.— Акрамя таго, сёлета вырашаецца пытанне для адкрыцця на вадаёме Паперня стацыянарнага выратавальнага паста па прыкладзе станцыі на гарадскім возеры.

Падчас праверкі ў прадстаўнікоў інспектуючай групы ўзнікалі некаторыя заўвагі арганізацыйнага характару. Напрыклад, на кожным пляжы павінны быць інфармацыйныя стэнды, дзе адпачываючыя змогуць знайсці патрэбныя звесткі пра кантакты экстранных служб дапамогі, пашпартныя дадзеныя канкрэтнага вадаёма і санітарныя абмежаванні.
Не менш важным з’яўляецца напамін пра правілы паводзін ля вады. Тым больш, што некаторым нашым грамадзянам нагадваць пра парадак і прыстойнасць трэба рэгулярна.

Як расказвае ляснічы Міхалінскага лясніцтва Сяргей Ляўчук, на працягу кожнага сезона пастаянна даводзіцца аднаўляць інфраструктуру, не гаворачы ўжо пра горы смецця, што пакідаюць пасля сябе адпачываючыя. І не толькі на пляжы, а нават у месцах купання. Яго словы пацвярджаюць і прадстаўнікі арганізацый, што адказваюць за іншыя вадаёмы.
Ці варта чакаць, што сёлетні сезон пройдзе больш цывілізавана? Гэта ўжо залежыць менавіта ад саміх грамадзян, калі яны не будуць раўнадушна ўспрымаць праявы беспарадку і вандалізму, факты злоўжывання спіртнымі напоямі, а таксама засмечвання тэрыторыі.
Алег Сідарэнка.
Фота Кацярыны Масік.