Среда, 19 февраля 2025

Утром заявление — вечером жильё. Собрали самую главную информацию о кредитах для многодетных семей

1 064

…Вечарам заява — раніцай жыллё — менавіта так, крыху мяняючы знакамітую фразу з неўміручага бестселера «12 крэслаў», можна назваць тыя магчымасці, якія зараз дадзены беларускім шматдзетным сем’ям. На працягу двух апошніх гадоў наша краіна праводзіць беспрэцэдэнтную палітыку па падтрыманні шматдзетных сем’яў. У прыватнасці, аказваецца істотная дапамога бацькам, якія маюць на ўтрыманні трое і больш дзяцей, у вырашэнні жыллёвага пытання. Трэба сказаць, што, дзякуючы захаванню і стабільнаму развіццю матэрыяльнай базы айчынных будаўнічых кампаній, пытанне забеспячэння «дахам над галавой» нашых грама-дзян стаіць не так востра, як у іншых краінах постсавецкай прасторы. Гэта відавочна і на прыкладзе нашага раёна, дзе штогод у эксплуатацыю ўводзяцца новыя шматпавярхоўкі і прыватныя дамы. А многія арганізацыі, асабліва ў сельскай мясцовасці, даюць сямейным спецыялістам выдатнае, добраўпарадкаванае жыллё.

Гэты працэс з 2012 года паспяхова рэгуляваў Указ №13 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) ці набыцці жылых памяшканняў». Але праз некаторы час было вырашана ўзмацніць менавіта дэмаграфічную падтрымку, што і паслужыла падставай прыняцця ў 2018 годзе Указа №240 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай падтрымцы грамадзян пры будаўніцтве (рэканструкцыі) жылых памяшканняў», асноўная частка якога прадугледжвае істотную дапамогу менавіта шмат-дзетным сем’ям. Варта сказаць, што падобных законаў не мае ні адна краіна свету, у тым ліку і перадавыя дзяржавы.

Даведка «РБ»
Напрыклад, у Францыі і Германіі для падтрымкі шматдзетных сем’яў прадугледжаны дзяржаўныя праграмы, але яны скіраваны ў асноўным на выдачу падатковых ільгот, калі працэнт адлічэнняў зніжаецца з нараджэннем чарговага дзіцяці. У выніку, нямецкія або французскія сем’і, дзе выхоўваюцца чатыры дзіцяці, увогуле не плацяць падаткаў.
У Швецыі замест падатковай палёгкі прадугледжаны дадатковыя выплаты, памер якіх таксама павялічваецца ў залежнасці ад колькасці выхоўваемых дзяцей. У суседняй Фінляндыі замест грошай дзяржава выдае «пакет для немаўля», у які ўваходзяць тавары, запатрабаваныя на першым годзе жыцця нованароджанага. Побач дзейнічаюць скідкі на аплату за жыллё, дзіцячыя дашкольныя ўстановы, некаторым даюць нават талоны на прадукты харчавання. Асобная фінансавая падтрымка прадугледжана ў Польшчы і Чэхіі, вопыт якіх таксама пераймаецца ў Расіі і Украіне. Найбольш сур’ёзны ў параўнанні з Беларуссю крок зрабілі ў Азербайджане, дзе шмат-дзетныя сем’і могуць разлічваць на рознабаковую дапамогу, нават да паступлення дзяцей у ВНУ. Але шматдзетнымі там лічацца тыя бацькі, якія выхоўваюць пяць і больш дзяцей.

У нашай рэспубліцы многае з вопыту іншых дзяржаў таксама бярэцца на ўзбраенне, але падтрымка ў вырашэнні жыллёвага пытання — цалкам беларускае «ноў-хау». Давайце падрабязней разбярэмся, у чым яна заключаецца. Па згаданым вышэй нарматыўным акце будаўніцтва або рэканструкцыя жылых памяшканняў цяпер вядзецца з дапамогай камерцыйных крэдытаў. Пагаджуся, што з першага погляду гучыць гэта не так прыцягальна: банкаўскія пазыкі давядзецца пагашаць з выплатай дадатковых працэнтаў, якія будуць сур’ёзным цяжарам для шматдзетных бацькоў. Але пры больш дакладным разборы відавочна маштабная льгота для падобных сем’яў. Сапраўды, грошы, якія спатрэбяцца на будаўніцтва новай кватэры ў шматпавярхоўцы або ўласнага дома, выдаюць шэсць камерцыйных банкаў рэспублікі. Але задачу іх пагашэння бярэ на сябе дзяржава:
— шматдзетным сем’ям, якія маюць на выхаванні траіх непаўналетніх дзяцей, памер субсідыі на пагашэнне складае 95% ад асноўнай сумы пазыкі;
— тым жа бацькам, якія выхоўваюць чатырох і больш непаўналетніх дзяцей, увогуле не давядзецца пагашаць пазыку.

Нават для тых сем’яў, дзе трое дзяцей, выгада даволі сур’ёзная. Уявіце сабе, што за будаўніцтва жылля, скажам, за 40 тысяч рублёў, ім давядзецца заплаціць толькі 1/20 частку або 2 тысячы рублёў. Магчыма, і гэта сума здаецца вялікай, але меркаванне поўнасцю мяняецца, калі азнаёміцца з палажэннямі нарматыўнага акта далей. У прыватнасці, крэдыт выдаецца на 20 гадоў і нават пры простых матэматычных разліках становіцца відавочна, што кожны год давядзецца выплачваць не больш за 100 рублёў ці менш за 10 рублёў штомесяц. А тым жа, у каго чацвёра непаўналетніх дзяцей, то і пра гэтыя выплаты можна забыцца.
Трэба сказаць, што гэта толькі адна з некаторых пераваг: нельга абысці ўвагай працэнтную стаўку па крэдыце. Яна ўстанаўліваецца ў памеры стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь з павелічэннем у 3 працэнтныя пункты. На сённяшні дзень выплаты за карыстанне пазыкай складаюць 11,75% (8,75% СР +3%).

Даведка «РБ»
Пры падліку сумы пагашэння крэдыту банкаўскія ўстановы прымяняюць розніцу паміж працэнтнай стаўкай і сумай пагашэння дзяржаўнымі субсідыямі. У прыватнасці, шматдзетным сем’ям, дзе выхоўваюць траіх непаўналетніх дзяцей, давядзецца пагашаць на працягу 20 гадоў толькі 1% ад сумы запазычанасці.

Яшчэ неабходна пазначыць і тое, што выплата крэдыта пачынаецца толькі праз паўтара года пасля ўводу ў эксплуатацыю жылля. А па жаданні кліента банка пачатак тэрміну пагашэння можа быць зменшаны.

Магчыма, такія падлікі таксама здаюцца незразумелымі і складанымі. Аднак не для ўсіх: як зазначае намеснік старшыні райвыканкама С.М.Гук, які курыруе сферу будаўніцтва ў нашым раёне, за два мінулыя гады пабудавана некалькі дамоў, дзе шэраг кватэр выдзелены ўжо шматдзетным сем’ям. У першым іх было некалькі, а ў тым, што хутка бу-дзе здадзены ў эксплуатацыю па вул.Кастрычніцкай — усе памяшканні размеркаваны паміж жадаючымі і хутка напоўняцца дзіцячым шматгалоссем. І калі ваша сям’я таксама жадае трапіць у лік падобных шчасліўцаў, то шанцы для гэтага ўсе ёсць.
— У чацвёртым квартале бягучага года запланавана будаўніцтва шматпавярховых дамоў па вул.Майскай у г.Пружаны,— паведамляе Сяргей Міхайлавіч.— Спадзяемся, што шматдзетныя сем’і, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, скарыстаюцца выдатнай магчымасцю займець там кватэры.

Што трэба зрабіць?
Па словах Сяргея Міхайлавіча, работа па выяўленні патэнцыяльных забудоўшчыкаў сярод шматдзетных сем’яў нашага раёна вядзецца мэтана-кіравана на працягу двух апошніх гадоў. Такія грамадзяне запрашаюцца для кансультавання, дзе ім «па паліцах» раскладаюць дзеючыя перавагі. Толькі ж сітуацыя не стаіць на месцы і нярэдка колькасць шматдзетных бацькоў рэгулярна мяняецца: нехта толькі што перасяліўся на Пружаншчыну, хто плануе або чакае трэцяе ці чацвёртае дзіця. І калі вы зразумелі, што маеце права на пералічаныя вышэй льготы, але яшчэ не атрымалі запрашэнне для разгляду пытання ўдзелу ў долевым будаўніцтве, то не варта чакаць, а самастойна звярнуцца ў мясцовыя органы ўлады. Тым больш, што зараз складаецца даволі прыцягальная эканамічная сітуацыя, калі ўкладзены сёння рубель заўтра прынясе вельмі сур’ёзную карысць. А нерухомасць і праз 20 гадоў не згубіць сваю каштоўнасць, хутчэй за ўсё, апошняя толькі ўзрасце. Указ №240, падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, дае выдатную магчымасць загадзя паклапаціцца і пра будучыню сваіх дзяцей, нават калі зараз і няма вострай патрэбы ў вырашэнні жыллёвага пытання.
Пасля кансультавання далейшая працэдура запускаецца толькі пасля атрымання згоды з боку грамадзяніна. Пасля гэтага неабходна прайсці кароткі шлях па падрыхтоўцы адпаведных дакументаў. Напрыклад, заключыць дагавор з будаўнічай арганізацыяй, які ў далейшым стане асноўнай падставай для атрымання крэдытнай лініі.
Дагавор і адпаведная заява разглядаюцца ў райвыканкаме з мэтай прыняцця рашэння аб выдзяленні субсідыі (і яе памеры ў 95 або 100% ад кошту будучага жылля). Варта яшчэ дадаць, што памер субсідзіравання будзе мяняцца пры павелічэнні саставу шматдзетнай сям’і.

Што неабходна для атрымання банкаўскага крэдыту?
Канчатковы крок — прадастаўленне ўсяго пакета дакументаў у банк. У нашым раёне такое крэдытаванне ажыццяўляе «Беларусбанк». Як паведамілі «раёнцы» адказныя спецыялісты гэтай фінансавай установы, тэрмін разгляду заявы-анкеты не перавышае чатырох працоўных дзён, уключаючы той дзень, калі заяўнік звярнуўся ў банк.
У якасці спосабаў забеспячэння выканання абавязацельстваў прымяняюцца:
— іпатэка пабудаванага жылога памяшкання і паручыцельства фізічных асоб.
Зручней займацца афармленнем крэдытнага дагавору тым, у каго ў «Беларусбанку» ёсць разліковы рахунак, тады менш пытанняў узнікне з афармленнем даведкі аб памеры заработнай платы ці іншага грашовага ўтрымання.

На гэтым увесь шлях для шматдзетнай сям’і, якая жадае як мага хутчэй атрымаць новае жыллё, практычна заканчваецца, наступныя дзеянні структуры бяруць на сябе. Банк самастойна накіроўвае копію крэдытнага дагавора ў райвыканкам, які размяркоўвае грашовыя выплаты з дзяржаўнай падтрымкі. А таксама займаецца дакументальным афармленнем задання выбранай будаўнічай арганізацыі на пачатак адпаведных работ. Праз пэўны час шматдзетным бацькам неабходна будзе атрымаць толькі ключы ад новай кватэры, забыцца пра сумеснае жыццё з бацькамі або ў наёмных памяшканнях.


Дзеянне Указа №240 яшчэ працягваецца, а значыць, такі шанец маюць усе шматдзетныя сем’і, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей. Не варта адкладаць вырашэнне гэтага пытання «на потым». Тым больш, што прайсці афіцыйную працэдуру афармлення свайго жадання займець жыллё даволі проста, у наш час зарабіць адзін рубель можа быць складаней. А тут даецца шыкоўная льгота.

На здымку: будуецца дом па вул. Кастрычніцкай.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.