Воскресенье, 13 октября 2024

Усё жыццё – з «Радзімай»! Вадзіцель гаспадаркі Васіль Фунт сёлета занесены на раённую Дошку гонару

1 523

Вадзіцеля Васіля Фунта з ААТ «Радзіма» заспець на адным месцы даволі цяжка. Але гэта і зразумела: летам — зерне, а зараз — травы і кармы чакаць не могуць. Нам шанцуе, бо сёння Васіль Пятровіч на мехдвары гаспадаркі. «Машына, як чалавек. Часам ламаецца ці натыкаецца на перашкоды. Вось я зараз і «падлечваю» свой МАЗ», — усміхаецца мужчына.

Аўтамабілю, які з’яўляецца надзейным сябрам і памочнікам вадзіцеля, ужо 12 гадоў. «МАЗ» дастаўся бацьку пасля… старэйшага сына Паўла. Ён адпрацаваў у «Радзіме» два гады, а затым пайшоў у дальнайбойшчыкі. А вось Васіль Пятровіч застаецца верным гаспадарцы з 1983 года. Прыйшоў у «Радзіму» пасля заканчэння івацэвіцкага прафтэхвучылішча і спачатку працаваў механізатарам.

— Колькі сябе памятаю, столькі маё жыццё звязана з гаспадаркай. Прыбягаў сюды яшчэ школьнікам, пасля, будучы падлеткам, падпрацоўваў. Тут, у «Радзіме», заўсёды сустракаў бацька Пётр Пятровіч. Сваю работу ён вельмі любіў, яго таксама паважалі. А яшчэ менавіта бацька расказваў і паказваў асаблівасці «начыння» аўтамабіляў. Можа, таму з ранняга дзяцінства мяне цягнула да тэхнікі? – разважае Васіль Фунт.

Гэтую самую цягу Пётр Пятровіч перадаў яшчэ аднаму сыну – Міхаілу, які зараз працуе вадзіцелем у Брэсце, і ў свой час вазіў нават першага сакратара абкама.

Сам жа Васіль Пятровіч сеў за баранку «ГАЗ-52» у 1988 годзе, адразу пасля арміі. За больш чым 30 гадоў вазіў работнікаў на працу, дастаўляў гарачае харчаванне. Вядома, былі камандзіроўкі па Беларусі і нават ва Украіну… Але ж хапае работы і ў сельгасарганізацыі. Сапраўды горача становіцца падчас жніва, але вадзіцель не дазваляе сабе даць слабінку. Сёлета перавёз больш за 1100 тон збожжа і заняў першае месца на адвозцы ўраджаю. Галоўны інжынер Аляксандр Данілік расказаў, што добрых вынікаў Васіль Пятровіч дасягае часта, а таму шмат гадоў яго імя заносілі на Дошку гонару прадпрыемства. Сёлета ж Васіль Фунт быў удастоены яшчэ большай пашаны: трапіў на раённую Дошку гонару.

— Прызнацца, гэтая навіна вельмі ўразіла. Спачатку падумаў, што калегі проста жартуюць. Але неўзабаве запрасілі на ўшанаванне ў райвыканкам. Было вельмі прыемна, і я ўдзячны за такую высокую ацэнку маёй вадзіцельскай работы, — дзеліцца Васіль Пятровіч.

Зусім хутка сезон завершыцца, а значыць, вадзіцелі гаспадаркі пачнуць рыхтаваць тэхніку да новага. Па словах галоўнага інжынера, сёння парк прадпрыемства налічвае 14 грузавікоў, 26 трактараў, з іх 5 — энерганасычаных, 3 адзінкі кормаўборачнай і 7 — зернеўборачнай тэхнікі. Пры гэтым толькі адзін кормаўборачны камбайн — замежнай вытворчасці, усе астатнія машыны зроблены ў Беларусі.

На пытанне, ці хапае часу на нейкае захапленне, Васіль Пятровіч адказвае, што не заўсёды. У той жа час зазначае, што ва ўсім любіць парадак. У ім стараецца трымаць і рабочы аўтамабіль, і прыдамавую тэрыторыю. Каля доміка Фунтаў у Лыскаве, які ў свой час разам з жонкай Аленай Канстанцінаўнай выкупілі ў гаспадаркі, ёсць, на што паглядзець. Вадзіцель адзначае, што калі вакол сябе парадак, то і ў справах усё ладзіцца, і працаваць куды лягчэй.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік