Ісці ў нагу з прагрэсам. Выраз для ўсіх нас вядомы. За гэтымі звыклымі словамі стаіць не толькі ўкараненне тэхнічных навінак, але і паляпшэнне ўмоў працы для людзей розных прафесій. Не застаецца ўбаку ад іх і сельская гаспадарка.
Дастаткова ўспомніць тыя часы, калі даводзілася ўручную праводзіць праполку тых жа буракоў, ды і іншых сельгаскультур. Праца не самая лёгкая. Цяпер усё кардынальна памянялася, для праполкі выкарыстоўваюцца хімічныя прэпараты, якія эфектыўна знішчаюць пустазелле. Але правесці хімпраполку трэба ў вызначаныя тэрміны і… з розумам.
Як расказвае галоўны аграном ААТ «Радзіма» Мікалай Калагрыў, у сельгаставарыстве на азімых пасевах (пад імі занята 850 га) пачалі хімпраполку восенню, а заканчвалі вясной. Для гэтага прымянялі гербіцыд «Балерына Супер» і прэпарат «Сенізан».
Для праполкі яравых на 450 га таксама выкарыстоўвалі «Балерыну Супер», для зернебабовых культур — глебавы гербіцыд «Гамбіт», для кукурузы — селектыўны сістэмны гербіцыд «Касіус».
Як зазначае галоўны аграном, абавязковым крытэрыем у дадзенай рабоце з’яўляюцца пагодныя ўмовы і перыяды росту сельгаскультур. Напрыклад, праполку кукурузы рэкамендуецца рабіць, калі царыца палёў знаходзіцца ў фазе ад 3 да 6 лістоў. Гэтым і займаўся на момант прыезду карэспандэнтаў Аляксандр Маргун на самаходным апырсквальніку «Berthoud». Механізатар расказаў, што за дзень удаецца апрацаваць 120-160 гектараў, а пры спрыяльным надвор’і — і 250 га.
Калі гаварыць пра надвор’е, то, па словах Мікалая Калагрыва, тыя ж яравыя стараюцца апрацоўваць ад пустазелля раніцай, бо ўжо пры тэмпературы паветра +25 градусаў гэтая работа не прынясе патрэбнага эфекту. Наогул хімпраполка гербіцыдамі праводзіцца, калі культура знаходзіцца ва ўстойлівых, а пустазелле, наадварот, адчувальных для гэтых прэпаратаў фазах.
Нельга пакінуць без увагі і рапс, бо дадзеная сельгаскультура з кожным годам набывае большае значэнне для гаспадарак нашага рэгіёна ў плане прамога прыбытку. У ААТ «Радзіма» ён пасеяны на плошчы 250 га, і апрацоўка пачалася яшчэ восенню. Важна, што азімы рапс патрэбна апрацаваць да фазы бутанізацыі. А калі гаварыць пра час яго цвіцення (калі ідзе збор мёду пчоламі), то пчалаводам загадзя паведамляецца пра хімпраполку і сама яна праводзіцца ў вячэрні час, калі пчолы ўжо ў вуллях.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік.