Воскресенье, 13 октября 2024

Усё пра працу пружанскіх электраманцёраў

351

З улікам тэхнічнага прагрэсу і яго запатрабаванняў электраэнергію можна смела параўноўваць з кіслародам, маючы на ўвазе неабходнасць і аднаго, і другога для выжывання чалавецтва. Больш за тое, справа не толькі ў наяўнасці паветра для дыхання і напружання для сілкавання прыбораў, што бесперапынна выкарыстоўваюцца, але і ў стабільным забеспячэнні патрэбнымі рэсурсамі. Вось толькі кісларод нам, можна сказаць, даецца самой прыродай, а для здабычы электраэнергіі патрэбна праца многіх людзей, якіх аб’ядноўвае адна з самых галоўных галін народнай гаспадаркі — энергетыка.

Спектр задач гэтай службы даволі шырокі, пачынаючы ад генерацыі электрычнасці, яе распаўсюджання і заканчваючы кантролем за станам электрасетак для безаварыйнага забеспячэння абанентаў. Кароткачасовае знікненне току ў правадах можа аднаму сапсаваць настрой, іншаму прынесці страты, а трэцяму — стварыць пагрозу для жыцця. Каб засцерагчы ад падобнай рызыкі выключна ўсіх, у энергетычнай галіне створаны электраманцёрскія брыгады. У прыватнасці, у службе энергазбыту філіяла РУП «Брэстэнерга» «Пружанскія электрасеткі» дзейнічаюць тры такія падраздзяленні.

«Ваша светласць»


У той час, калі грамадствам кіравалі саслоўі, так звярталіся да герцагаў або князёў. Гэтыя тытулы зараз гучаць вельмі рэдка, падобны зварот даўно знік з нашага лексікону. Хаця, на маю думку, яго можна смела выкарыстоўваць у нашы дні ў дачыненні да тых, хто штодня забяспечвае нас святлом. Менавіта такая думка ўзнікла, калі больш дакладна пазнаёміўся з працай гэтых спецыялістаў.

На працягу аднаго працоўнага дня давялося вывучаць асаблівасці работы і абавязкі электраманцёраў групы збыту ПЭС. Здаецца, пражыў на свеце ўжо нямала, а некаторыя рэчы даведаўся толькі цяпер, з іх вуснаў. Напрыклад, раней не бачыў розніцы паміж прафесіямі «электрамантажнік» і «электраманцёр». А яна даволі адчувальная. Першыя ствараюць тыя магістралі, праз якія праводзіцца да спажыўца электрычнасць. А вось другія абслугоўваюць створаныя лініі, займаюцца іх рамонтам і абслугоўваннем.

Калі глядзець прасцей, то электрамантажнік пракладвае праводку, рамантаваць якую прыедзе электраманцёр. І калі з першымі ў быце мы сустракаемся зрэдку, толькі калі бачым брыгаду энергетыкаў, якія цягнуць правады па вясковай ці гарадской вуліцы, то другіх, можна сказаць, «ведаем у твар». Гэтыя людзі ў прамым сэнсе адказныя за святло ў жылых дамах, дзіцячых садках і школах, магазінах і бальніцах…

Прафесія электраманцёра з тых, што запатрабаваны штодзённа, асабліва пра іх успамінаюць у выпадку аварыі на лініі: яны разам з дыспетчарамі першымі прымаюць на сябе шквал эмоцый з боку спажыўцоў. На самай справе, каб лямпачкі свяцілі, пліты гатавалі, электракатлы грэлі і іншыя прыборы стабільна сілкаваліся ад сетак, дзейнічаюць гэтыя падраздзяленні з дзясяткаў супрацоўнікаў.

У тым ліку кожны дзень на лініі працуе брыгада электраманцёраў па эксплуатацыі электралічыльнікаў бытавых абанентаў у складзе Сяргея Дземасюка і Віктара Ката. Змена спецыялістаў пачынаецца з інструктажу. Электрычнасць — самая запатрабаваная, але і самая небяспечная рэч. Яна не мае паху, колеру, бачных праяў. Любая памылка з электратокам можа закончыцца трагічна. Таму і пастаянна нагадваецца пра правілы тэхнікі бяспекі. І тым, хто працуе першы год, і тым, хто мае шматгадовы стаж. Дзівуюся тым, што самі электраманцёры адабраюць такую штодзённую «муштру».

— Гэта, у першую чаргу, клопат пра нас, а таксама пра тых людзей, якія потым будуць карыстацца электраэнергіяй, — зазначае Сяргей Іванавіч. — Што важна, у дадатак падчас інструктажаў разглядаем умоўныя няштатныя сітуацыі, якія могуць здарыцца ў рабоце, завучваючы меры аператыўнай ліквідацыі наступстваў аварыі і аказання дапамогі пацярпелым.

Пасля гэтага брыгады атрымліваюць дзённыя разнарадкі, згодна з якімі яны павінны адпрацаваць бягучую змену. Зразумела, што «мая» брыгада асноўны час выдаткуе на работу з электралічыльнікамі.


Даведка «РБ»:

Аснашчэнне брыгады электраманцёраў строга рэгламентавана. Акрамя таго, што супрацоўнікам выдаецца ўсё неабходнае, увесь інструментарый рэгулярна правяраецца на спраўнасць, дакладнасць і бяспеку.


«Вы паклікалі, мы — прыехалі»


Здараецца, што рамонтная брыгада прыязджае па выкліках грамадзян. У адных чамусьці не працуе прыбор уліку, другія пажадалі перанесці кантрольную групу ў іншае месца, трэція толькі-толькі пабудавалі дом, і ім патрэбна падключыць электралічыльнік. Хаця такія выклікі займаюць не больш дзясятай часткі ад агульнага часу змены. У асноўным адрасы наведвання складаюцца планава. У прыватнасці, сучасныя прыборы ўліку трэба кожныя восем гадоў адпраўляць на паверку, каб гарантаваць дакладнасць функцыянавання. А яшчэ ідзе паступовая замена старых лічыльнікаў на новыя апараты, якія па сістэме АСКУЭ дазваляюць кантраляваць работу і аб’ёмы спажывання дыстанцыйна. У дадатак такая магчымасць дапамагае энергетыкам сачыць за «вузкімі месцамі», бо спажыванне электраэнергіі не бывае аднолькавым. І неабходна ведаць, дзе трэба падтрымаць, а дзе аслабіць аб’ёмы падачы. А дзе патрабуецца і мадэрнізацыя электрасетак, каб гарантаваць спажыўцам бяспеку.

Шмат адпаведнай інфармацыі цяпер дае сучасны электралічыльнік. Вось толькі мяняць яго спецыялістам бывае складана. І не толькі ў тэхнічным плане. Як зазначаюць мае «экскурсаводы», прыбор спачатку трэба абясточыць, а значыць, электрычнасць знікне ў доме.

— А зараз вельмі многа бытавой тэхнікі, якая пастаянна ўключана ў сетку, нават калі гаспадароў няма дома, — тлумачаць спецыялісты. — І раптоўнае адключэнне можа збіць настройкі або нават сапсаваць электроніку.

Таму аб сваім візіце электраманцёры папярэджваюць загадзя. Абавязкова на пад’ездах ці брамках з’яўляюцца пісьмовыя паведамленні. Апрача таго, спецыялісты тэлефануюць абанентам, просяць, каб у момант візіту тыя былі дома. Зразумела, што час такіх сустрэч агаворваецца, з-за чаго змена доўжыцца няроўна. Часам на абслугоўванне аднаго адраса траціцца не адна гадзіна, хаця на замену лічыльніка выдаткоўваецца не больш за 10 мінут.

Здараецца, што людзі імкнуцца пагаварыць са спецыялістам, расказаць пра свае праблемы, якія, бывае, зусім не звязаны з электрычнасцю. Таму ўсе электраманцёры павінны вызначацца камунікабельнасцю, уменнем слухаць і падтрымліваць размову. А здараюцца і такія выпадкі, калі спецыяліст вымушаны абследаваць стан электраўстановак у домаўладанні, каб папярэдзіць бяду. Сам ён не мае права займацца заменай зношанай электраправодкі, небяспечных разетак ці выключальнікаў. Але абавязкова фіксуе выяўленыя парушэнні, каб перадаць інфармацыю ў кантралюючую інспекцыю.

На жаль, штогод колькасць такіх выпадкаў у рабоце электраманцёраў павялічваецца. У тым ліку і ў цяперашнюю змену брыгада павінна абавязкова наведаць адрасы, дзе жывуць нядобранадзейныя сем’і…


Даведка «РБ»:

Апошнія гады электраманцёры таксама бяруць на выезды выдадзеныя відэарэгістратары. Аператыўная здымка дазваляе справядліва вырашаць спрэчныя сітуацыі і нярэдка выручае супрацоўнікаў падчас узнікнення канфліктаў.


Як стаць электраманцёрам?


На гэта пытанне мне адказаў Віктар Кот. Пасля заканчэння СШ № 3 юнак паступіў у Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж на спецыяльнасць «Энергетыка». Два гады адпрацаваў электраманцёрам у калгасе, а потым вырашыў пайсці ў Пружанскія электрасеткі. У многім працаўладкаванню паспрыяў набыты практычны вопыт, бо без стажу работы трапіць на працу ў арганізацыю немагчыма. Як і без спецыяльнай адукацыі. Яшчэ адной абавязковай умовай прыёму на вакансію стаў іспыт, падчас якога кандыдат павінен пацвердзіць свае веды і кваліфікацыю. Пры гэтым падобнае выпрабаванне праводзіцца кожныя пяць гадоў, для чаго спецыялісты едуць у Брэст. Там яны здаюць экзамен або праходзяць вучобу на атрыманне наступнага разраду і… зноў здаюць экзамен. Практыка паўтараецца кожную пяцігодку, і на апошнім іспыце, які Віктар Уладзіміравіч прайшоў некалькі дзён таму, ён пацвердзіў сваю заяўку на павышэнне разраднасці. Цяпер мае вышэйшы 5 разрад. Такіх спецыялістаў у ПЭС нямала, практычна ўсе ведаюць сур’ёзнасць выпрабаванняў, рыхтуюцца загадзя. Як у тэорыі, так і на практыцы. Бо у выпадку няўдачы ніхто не жадае стаць першым, чый разрад будзе паніжаны.

Адзначу, што ні адзін мой суразмоўца не палічыў такі падыход непатрэбным. Як кажуць, акалічнасць прафесіі прымушае адпавядаць.

Напэўна, таму пры размове са спажыўцамі я не пачуў ад іх ніякай крытыкі.

Яўген Пузанаў:

— Прызнаюся, што аварыі ў нашых сетках усё-такі здараюцца. Разумею, што абсталяванне не можа быць вечным, ды яшчэ прыродныя катаклізмы негатыўна ўплываюць. Але трэба энергетыкам аддаць належнае, ніколі святло не знікала на цэлы дзень: максімальна — на некалькі гадзін. Вельмі аператыўна працуюць пружанскія энергетыкі.

Марыя Кавалевіч:

— Ветліва працуюць электраманцёры ПЭС, нават могуць павучыць іншыя службы. Загадзя папярэдзілі аб’явай на пад’ездзе, а потым яшчэ і патэлефанавалі, каб вызначыць час сустрэчы. У мяне замянілі стары лічыльнік, зрабілі ўсё вельмі хутка і, галоўнае, акуратна: не засталося ні разбітых сцен, ні смецця. І ніякіх нараканняў да якасці.

Алег Сідарэнка. Фота аўтара

На здымках: вось так працуюць электраманцёры.