З нагоды Адзінага дня бяспекі працы, які прайшоў у нашым раёне 28 красавіка, калі адзначаўся Сусветны дзень аховы працы, былі праведзены мерапрыемствы ў пружанскіх арганізацыях. Сустрэчы з працоўнымі калектывамі і маніторынг вытворчасці праводзілі члены раённай камісіі райвыканкама, а таксама спецыялісты абласных наглядных устаноў. У прыватнасці, аўтапарк № 11 наведала начальнік Бярозаўскага міжраённага аддзела абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Ірына Рудзь.
Перад сустрэчай з калектывам прадпрыемства Ірына Сцяпанаўна агледзела вытворчыя аб’екты, дзе захоўваецца тэхніка або вядзецца яе перадрэйсавая падрыхтоўка. Убачаным спецыяліст засталася задаволеная, пра што і паведаміла кіраўніцтву аўтапарка. Асобна госць падкрэсліла, што тут значная ўвага надаецца нават дробязям і гэта можа быць прыкладам для іншых арганізацый.
Падчас тлумачальнай гутаркі начальнік міжраённай інспекцыі працы расказала пра асаблівасці нацыянальнага заканадаўства па ахове працы.
— Значная ўвага надаецца менавіта прадухіленню няшчасных выпадкаў на вытворчасці, — зазначыла Ірына Рудзь. — Вось толькі Брэстчыне ў гэтым плане пакуль няма чым пахваліцца. Летась інспектары нашага аддзела прымалі ўдзел у 20 спецыяльных расследаваннях у дадатак да тых, што праводзілі і самі наймальнікі.
Пераважная большасць трагедый на вытворчасці адбываецца па прычыне алкагольнага ап’янення работнікаў, што з’яўляецца прамым следствам слабага кантролю з боку кіраўніцтва і адказных спецыялістаў. Падобны выпадак сёлета здарыўся і ў нашым раёне, калі ў адным з сельгаставарыстваў загінуў работнік, у крыві якога падчас экспертызы было выяўлена 3,5 праміле алкаголю.
Акрамя таго, выступоўца звярнула ўвагу і на спробы наймальнікаў утойваць няшчасныя выпадкі: як паказвае практыка, 9 з 10 фактаў траўмавання становяцца вядомыя, пры гэтым менавіта па ініцыятыве пацярпелых, якія зацікаўлены ў матэрыяльнай кампенсацыі ўрону здароўю. І спроба ўтойваць нярэдка заканчваецца сур’ёзнымі адміністрацыйнымі, дысцыплінарнымі і нават крымінальнымі пакараннямі.
Таксама падобныя сустрэчы з працоўнымі калектывамі прайшлі ў філіяле райспажыўтаварыства «Камбінат кааператыўнай прамысловасці», КУВП «Камунальнік», кансервавага завода, Пружанскіх электрасетак і льнозавода.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік