У «раёнцы» за сераду мы паведамлялі пра перамогі механізатараў з ААТ «Ружаны-Агра» на конкурсе «Лепшы араты», які праходзіў падчас правядзення выставы «Белагра-2022». Захацелася больш падрабязна спыніцца на тых момантах, якія спадарожнічалі падрыхтоўцы і перамозе нашых хлопцаў. Дарэчы, калі хто-небудзь думае, што падобны конкурс — гэта зусім няцяжкая справа для прафесійнага механізатара, то ён глыбока памыляецца.

Максім Быкоўскі родам з г.п. Поразава Свіслацкага раёна, у свой час атрымаў у прафтэхвучылішчы спецыяльнасць «Аўтаслесар-вадзіцель». Па словах Максіма, любоў да тэхнікі ў яго з юнацкіх гадоў. Найлепшым заняткам у вольны час было нешта адрамантаваць, скласці сваімі рукамі. Таму і прафесію абраў свядома. Працоўную дзейнасць пачынаў на малой радзіме, а ў 2012 годзе пераехаў у г.п. Ружаны і з таго часу працуе трактарыстам-машыністам у ААТ «Ружаны-Агра». Апошні год — на «Джон Дзіры». Гаспадарка выдзеліла кватэру.
Кіраўніцтва ААТ прапанавала адказнаму работніку, якому можна даверыць любую складаную справу, паспрабаваць свае сілы і ў названым конкурсе.
І вось вынік! Механізатар заняў першае месца ў конкурсе «Лепшы араты» ў сваёй намінацыі (гэта тры этапы — тэорыя, узворванне, трактар-шоу), быў узнагароджаны кубкам і дыпломам, да якіх прыкладаўся сертыфікат на 50 базавых велічынь.
Па словах Максіма, хваляванне на спаборніцтвах прысутнічала, без яго ў такой справе нікуды, проста яму ўдалося сабрацца і паказаць тое, чым ён, па сутнасці, займаецца ў роднай гаспадарцы. Ды і сям’я (жонка і трое дзетак) дадавала ўпэўненасці: як кажуць, добра прыкрыты тыл — гэта ўжо палова справы.
Не менш за Максіма стараўся паказаць сваё ўмельства і спрыт Міхаіл Казлюк. Родам ён з Ружан, таксама працуе ў ААТ «Ружаны-Агра»: як кажуць, дзе нарадзіўся — там і спатрэбіўся. Святыя словы, калі гаварыць пра згаданага трактарыста-машыніста. Бо тут яны не разыходзяцца са справай.
У свой час скончыў Івацэвіцкі ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці па спецыяльнасці «Трактарыст-вадзіцель». На дадзены момант працуе на трактары «МТЗ-3522». Яму, як і Максіму Быкоўскаму, было прапанавана паўдзельнічаць у конкурсе, як кажуць, паказаць сябе і на людзей паглядзець. А чаму б і не? Міхаіл мэтанакіраваны, працавіты, старанны. Такім і прадстаўляць родную гаспадарку і вобласць увогуле на спаборніцтвах рознага ўзроўню.

Першае месца ў камандным заліку Брэсцкай вобласці — заслуга Міхаіла і Максіма. І гэта дарагога каштуе, бо на конкурсе рэспубліканскага маштабу і сапернікі былі дастойныя. За перамогу трактарысты-машыністы атрымалі кубак і дыплом І ступені ў камандным першынстве.
Прыемна, што ёсць сярод нас людзі, якія на справе даказваюць: галоўнае — быць адданым сваёй прафесіі, старацца дзеля сябе і іншых і проста заставацца чалавекам.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік