Четверг, 5 декабря 2024

Уступная кампанія ў каледжы: лічбы і вынікі

543

Залічэнне абітурыентаў на аснове агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі адбылося ў Пружанскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы.

Як расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі Ірына Бураўкіна, самай запатрабаванай сёлета аказалася спецыяльнасць «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельгасвытворчасці». Пры плане набору на яе 75-ці выпускнікоў 9-х класаў, 45 з якіх — на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, заявы падалі 92 абітурыенты. Па мэтавым накіраванні паступаў 51 абітурыент, яшчэ двое — па-за конкурсам.

Прыкладна такая ж сітуацыя і ў былых адзінаццацікласнікаў. Яны падалі на гэтую ж спецыяльнасць 29 заяў, 16 з якіх — па мэтавым накіраванні (план набору — 25 абітурыентаў, з іх мэтавых 15).

Што да прахаднога бала, то на бюджэтнай форме сярод абітурыентаў з агульнай базавай адукацыяй па спецыяльнасці «Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельгасвытворчасці» ён 6,3 (ажно 7,2 у тых, хто паступаў пасля 11 класа). Крыху менш на «Энергетычнае забеспячэнне сельгасвытворчасці» і новую спецыяльнасць «Кіраванне ў АПК» — 6,0.

Асобна вызначаўся прахадны бал у абітурыентаў, якія ішлі па мэтавым накіраванні. Сярод тых, хто паступаў пасля дзявятага класа, у энергетыкаў ён 5,3. Сярод былых адзінаццацікласнікаў на «Тэхнічным забеспячэнні працэсаў сельгасвытворчасці» — 5,2.

Усяго за час падачы дакументаў у прыёмную камісію паступіла 237 заяў ад абітурыентаў пры тым, што кантрольная лічба прыёму — 200. Не ўсе змаглі прайсці нават па мэтавым накіраванні: пры плане набору 103 чалавекі дакументы падало 119 хлопцаў і дзяўчат з раёнаў Брэсцкай вобласці.

Гэта пацвярджае той факт, што гаспадаркі рэгіёна зацікаўлены ў высокакваліфікаваных спецыялістах і давяраюць пружанскаму каледжу. У сваю чаргу тут зробяць усё для пад-трымання высокага статуса навучальнай установы і падрыхтоўкі аграрных спецыялістаў высокага класа.

Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара