
Пра бацьку ўспамінае Людміла Макарэвіч, жыхарка г.п.Ружаны.
— Мой тата — Анатоль Фёдаравіч Уроніч — ураджэнец вёскі Кабылаўка. Калі пачалася вайна, яго сям’я апынулася ў акупацыі. У 1944 го-дзе, калі тэрыторыю Пружаншчыны вызвалілі ад захопнікаў, яму якраз споўнілася 18 гадоў. У жніўні ён атрымаў армейскую павестку.
У складзе стралковага палка 3-га Беларускага фронту радавы Уроніч удзельнічаў у баях на тэрыторыі Усходняй Прусіі. У штурмавой роце браў крэпасць Кёнігсберг, мужна змагаўся з ворагам на касе Фрыш-Нерунг… «Выкурваў» праціўніка з крэпасці Пілау, дзе перад ім і яго баявымі таварышамі стаяла задача ўзяць умацаваную кропку праціўніка. І хаця сам у тым баі атрымаў раненне, але заданне выканаў, за што пазней яго знайшла ўзнагарода.
Баявыя дзеянні для радавога Уроніча закончыліся 21 красавіка 1945 года ў шпіталі, дзе яго і застала вестка пра Перамогу. Пасля праходзіў службу ў камендатуры, пакуль у 1946 годзе не быў дэмабілізаваны.
У мірным жыцці адчуў непадробную прагу да ведаў: штодзень на веласіпедзе ездзіў за 25 кіламетраў на заняткі ў Ружанскую вячэрнюю школу, дзе, да слова, сустрэў сваю другую палавінку. Па прыкладзе мамы, настаўніцы, таксама атрымаў педагагічную адукацыю ў Гродзенскім інстытуце.
Пра свае баявыя подзвігі тата расказваў, але ў пінжаку з узнагародамі, якіх у яго было нямала (у прыватнасці, медалі «За баявыя заслугі», «За адвагу» і іншыя) не любіў фарсіць. Заўсёды сціпла гаварыў: «Што я? Я ваяваў мала…»
Таты не стала на 83-м годзе жыцця. Мінула адзінаццаць гадоў, як яго няма сярод ветэранаў, якія ідуць у святочным шэсці па вуліцах пасёлка ў Дзень Перамогі. Але мне заўсёды прыемна, што разам з іншымі салдатамі «Бессмяротнага палка» мясцовыя школьнікі нясуць і яго партрэт. А гэта значыць, што яго памятаюць не толькі родныя, але і вучні школы, дзе ён шмат гадоў вучыў дзяцей. І не толькі матэматыцы, але і расказваў ім пра каштоўнасць міру на зямлі.