Понедельник, 21 апреля 2025

Успомнім сваіх герояў! Пружанцы далучаюцца да акцыі “Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі”

861
Чарнуха Аляксей Фёдаравіч

Пра свайго прадзеда расказвае Валерыя Кудрэйка, студэнтка Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А.С.Пушкіна:

— Пазнаёміцца са сваім прадзедам мне, на жаль, не пашчасціла: я бачыла яго толькі на фотаздымках і ведаю па расказах бабулі.

Аляксей Фёдаравіч Чарнуха нарадзіўся ў вёсцы Лазоўка. Яму было ўсяго 14 гадоў, калі пачалася вайна і яго адправілі на прымусовыя работы ў Германію. Пра нялёгкія чатыры гады на чужыне я даведалася з пажаўцелых лістоў, якія ён адпраўляў родным з Усходняй Прусіі: іх знайшлі падчас разборкі старой хаты ў Лазоўцы.

Калі быў вызвалены Кёнігсберг, прадзядулю забралі ў армію. Аляксей Чарнуха быў кулямётчыкам, а пасля Перамогі служыў у будаўнічым батальёне. Падымаў з руінаў нашу сталіцу, у тым ліку ўдзельнічаў ва ўзвядзенні знакамітых Мінскіх варотаў. Дамоў ён вярнуўся толькі праз восем гадоў.

У мірным жыцці А.Ф.Чарнуха займаўся адной з самых стваральных спраў — будаўніцтвам: быў брыгадзірам у тагачаснай міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі. Свае працавітыя рукі ён прыклаў да ўзвядзення шэрага  шматпавярховак у Пружанах. І мог бы зрабіць яшчэ нямала добрых спраў, але рана пайшоў з жыцця.

З нашага пакалення — пакалення праўнукаў — мала хто застае ў жывых салдатаў Вялікай Перамогі. Але мы памятаем і свята шануем подзвіг, які яны здзейснілі дзеля шчаслівага жыцця сваіх нашчадкаў.