Пра свайго дзеда ўспамінае Юрый Зялевіч, дырэктар музея- сядзібы “Пружанскі палацык”:
— Пра баявы шлях майго дзядулі Сцяпана Васільевіча Зялевіча вядома няшмат. Прызваны ён быў у Чырвоную армію Пружанскім райваенкаматам 26 ліпеня 1944 года – праз дзевяць дзён пасля вызвалення Пружан. Бабуля Ганна засталася адна з двума маленькімі сынамі – шасцігадовым Мішам і Паўлам, якому споўнілася толькі чатыры гады.
Служыў дзед Сцяпан санінструктарам 1174 стралковага палка 348 стралковай дывізіі 2-га Беларускага фронту.
Як сведчыць яго ўзнагародны ліст, 28 студзеня 1945 года ён сярод першых увайшоў у горад Вальтэнбург (Усходняя Прусія), упарта змагаўся і быў цяжка паранены ў правую руку аўтаматным агнём. За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, дзед быў узнагароджаны медалём “За адвагу”…
Падчас лячэння ў шпіталі рухальная актыўнасць сустава так і не была адноўлена. Урачэбна-працоўная экспертная камісія прызнала Сцяпана Зялевіча інвалідам II групы. Тым не менш, ён пражыў доўгае жыццё: выхаваў чацвёрых дзяцей, дачакаўся ўнукаў. Па сведчанні таты, дзед быў прыкладам шчырага працаўніка, узорнага сем’яніна і проста годнага чалавека.