Воскресенье, 19 января 2025

Успамінайце настаўнікаў вашых…

1 000

Калі прачытаў у пружанскай “раёнцы” артыкул пра Міхаіла Лукіча Кулешу, надрукаваны ў 2018 годзе, захацелася і мне, яго былому вучню, у выкананне вядомай запаведзі апостальскай: “Успамінайце настаўнікаў вашых…”, падзяліцца сваімі ўспамінамі пра гэтага выдатнага чалавека.

Гэта было ў 1961 годзе, 1 верасня. Да заняткаў у сёмым класе мы прыступілі ў новым будынку СШ №2, пабудаваным на вуліцы, якая ў той час называлася Камуністычнай, а зараз носіць імя Рыгора Шырмы. Я адразу ж выехаў на лячэнне ў рэўматалагічны санаторый «Друскінінкай», прабыў там усю першую чвэрць і, вядома, ніякіх падручнікаў нават не адкрываў. Прыехаў дадому напачатку другой чвэрці і на першым жа ўроку хіміі быў выкліканы да дошкі. Міхаіл Лукіч пачаў задаваць пытанні, якія гучалі для мяне, як кітайская грамата. Я маўчаў. З кожным пытаннем твар педагога рабіўся ўсё больш сумным, пакуль нарэшце не быў вымаўлены суровы прысуд: «Ну і баран!».


Калі я вярнуўся за парту, то зразумеў, што зусім не пакрыўдзіўся. Наадварот, здавалася, што з самых глыбінь душы зыходзяць невядомыя мне дагэтуль струмені цеплыні, нечага дзіўна мірнага, добрага і чыстага. Я спакойна і ўпэўнена сказаў сабе: «Ну што ж, паглядзім, які я баран».


Праз месяц падручнік хіміі быў вывучаны напамяць. Такая ж доля спасцігла і падручнік неарганічнай хіміі для першага курса тэхнічных ВНУ. А калі напачатку трэцяй чвэрці Міхаіл Лукіч абвясціў вынікі чарговай кантрольнай работы і з задавальненнем прамовіў: «А Кранштадт атрымаў «пяцёрку», — радасці маёй, здавалася, не было канца. І, што самае галоўнае, радасць гэта была не ад ганарлівасці: я быў рады, што Міхаіл Лукіч застаўся мною задаволены.


З гэтага часу ва мне абудзілася цікавасць не толькі да хіміі, але і іншых школьных прадметаў. І да жыцця наогул. Раней я займаўся абы як, трапляліся і «тройкі». І вось стаў неаднаразовым пераможцам гарадскіх, раённых, абласных і нават рэспубліканскіх алімпіяд па хіміі, а школу-адзінаццацігодку скончыў у 1966 годзе з сярэбраным медалём.


Пяць гадоў я прабыў побач з Міхаілам Лукічом і зараз, праз 50 гадоў, магу сумленна прызнацца: гэта былі лепшыя гады майго жыцця ажно да майго хрышчэння ў праваслаўнай царкве. Дый хрысціўся я, як зараз разумею, пад уплывам і гэтага педагога.

Вы назвалі артыкул у газеце пра майго настаўніка «Чалавек-легенда». Слова “легенда” ўспрымаю, перш за ўсё, як “выдумка”, “фантазія”. Але ж, сапраўды, чаго толькі пра Кулешу не казалі. Адны сцвярджалі, нібыта ён перажыў нешчаслівае, неўзаемнае каханне. Іншыя спрачаліся: «Не, яно было ўзаемнае, вялікае, светлае і чыстае, але яго каханая загінула ў гады вайны, вось чаму ён застаўся адзінокім». На жаль, чуў і такое: «У партыю не ўступае, у вайну знаходзіўся на акупаванай тэрыторыі, яшчэ невядома, чым ён там займаўся, бо ў партызанах не быў. З чаго гэта ён пасля дырэктарства ў гарадскіх БСШ №1 і РСШ №2 раптам апынуўся ў Хараве?» Так, думаю, сапраўды гэта была свайго роду «высылка»: хадзілі чуткі, што нехта на Кулешу данёс. І дзякуй Богу, што адправілі ў Хараву, а маглі б і сапраўды выслаць куды далей…


Былі, вядома, і іншыя думкі. Напрыклад, што гэта выдатны педагог, які ўмее даваць школьнікам веды, рыхтаваць да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, валодае энцыклапедычнымі ведамі, бліскучы арганізатар, чалавек высокай культуры… Аднак многае так і засталося не зусім зразумелым, а то і проста нам не вядомым. Напрыклад, у асабістай справе Міхаіла Лукіча сказана, што ён скончыў натуральна-матэматычны факультэт Вільнюскага ўніверсітэта. А я на свае вочы бачыў і іншы яго дыплом, пра заканчэнне магістратуры ў Варшаўскім універсітэце. Там было напісана на польскай мове: «Магістр філасофіі ў вобласці хіміі». Натуральна, магістратуру ён скончыў ужо пасля навучання ў Вільнюсе.

Што адназначна — Міхаіл Лукіч Кулеша быў незвычайным чалавекам. Такіх, як ён, свет мала разумее. Іх могуць ушаноўваць, але разумець – на жаль, не! Словы Бога: «Няма прарока ў сваёй Бацькаўшчыне», — цалкам падыходзяць і да Міхаіла Лукіча. Так, ён быў вялікім настаўнікам, але хіба толькі гэта? Яго таленты былі незлічонымі, ён быў нястомным: апроч планавых урокаў, абавязкаў класнага кіраўніка, кожны тыдзень — пасяджэнні хімічнага гуртка, факультатыўныя заняткі па вышэйшай матэматыцы для жадаючых. Не радзей, чым раз на месяц, мы выязджалі ў сельскія школы, дзе Міхаіл Лукіч праводзіў гутаркі, а я дапамагаў яму дэманстраваць доследы па тэме «Хімія — навука цудаў».


Міхаіл Лукіч рэгулярна праводзіў семінары для настаўнікаў горада і раёна. А неяк ён вырашыў заняцца гідрапонікай. Усе вокны хімічнага кабінета былі застаўлены 20-літровымі шклянымі пасудзінамі, у якіх раслі агуркі. У гэтым дапамагаў яму я. Усё было разлічана так, каб ураджай паспеў да канца снежня. Шмат гадоў запар святочны навагодні стол нашых настаўнікаў, тэхнічак, а таксама некаторых вучняў упрыгожвалі свежыя агурочкі – па тых часах рэдкі далікатэс.
У той час недалёка ад нашага горада былі дыслакаваны шматлікія вайсковыя часці, у Пружанах размяшчаўся штаб дывізіі. Неяк вайсковае кіраўніцтва прыняло рашэнне арганізаваць на возеры Паперня летні піянерскі лагер для дзяцей вайскоўцаў. Кіраваць гэтым лагерам было даручана Міхаілу Лукічу. Давялося і мне папрацаваць там пасля дзявятага і дзясятага класаў баяністам.
Міхаіл Лукіч, апроч хіміі, у розны час выкладаў фізіку, матэматыку, геаметрыю, астраномію, біялогію. Ён быў і таленавітым музыкантам. Выдатна дырыжыраваў, бліскуча граў на фартэпіяна. Мне давялося аднойчы чуць яго ігру на раялі. Здаецца, гэта быў Брамс. А здарылася гэта так. У мяне быў позні ўрок у музычнай школе. Раптам дзверы класа расчыніліся і ўвайшоў (не проста ўвайшоў, а ўварваўся, уляцеў) Міхал Лукіч, імкліва ўсеўся за раяль, што стаяў у куце, і зазвінелі першыя акорды. Пазней я даведаўся, што такія «набегі» здзяйсняліся рэгулярна, хоць і не часта. Справа ў тым што піяніна, якое знаходзілася ў педагога дома, гучала непараўнальна горш, чым раяль.
Стройны, падцягнуты, велічны, заўсёды бадзёры, сабраны, незвычайна акуратны і вельмі пунктуальны настаўнік. Пасяджэнні нашага хімічнага гуртка пачына-ліся заўсёды ў шэсць гадзін вечара. Як толькі куранты пачыналі свой бой, у калідоры раздаваліся выразныя, цвёрдыя крокі нашага настаўніка. Вось ужо сапраўды, па ім можна было звяраць гадзінннікі.

Многіх добрых і мудрых настаўнікаў паслаў нам Бог у тыя гады: Аляксандру Міхайлаўну Несцярук – па рускай мове і літаратуры, Леаніда Іванавіча Кудрэйку – па матэматыцы і геаметрыі, Міхаіла Аркадзьевіча Шульмана – па гісторыі, Фіру Ісаакаўну Шульман – па геаграфіі. Але сярод усёй гэтай пляяды зоркай першай велічыні нязменна ззяла асоба Міхаіла Лукіча Кулешы.


У чым жа таямніца гэтай выдатнай асобы? Адкуль у яго такія дзіўныя здольнасці і таленты? Таямніца гэта была ў ВЕРЫ. Міхал Лукіч быў глыбока і свядома веруючым чалавекам. У чырвоным куце яго пакоя-кельі знаходзіўся не партрэт чарговага правадыра, і нават не выява якога-небудзь выбітнага навукоўца, а струменіўся неверагодным святлом абразок Багародзіцы з немаўлём Іісусам на руках. Гэты абраз быў даўняй сямейнай рэліквіяй (усе Кулешы былі шчырымі вернікамі) і перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Само па сабе захоўванне настаўнікам абраза ў гады хрушчоўскіх пераследаў ужо было прыкметай веры.


Калі Міхаіл Лукіч ішоў сваім велічным крокам па горадзе, ён, здавалася, не звяртаў ніякай увагі на тое, што адбываецца вакол. Давялося і мне некалькі разоў сутыкацца з ім, падчас яго штовячэрніх шпацыраў да брата. І кожны раз, калі падыходзіў павітацца, то заўважаў, што спачатку Міхаіл Лукіч нібы мяне не чуў, быў глыбока засяроджаным у сябе. Толькі пазней до мяне дайшло, што ён маліўся, штохвілінна гатовы быў прадстаць перад Богам.

Разумею цяпер, што гэта быў чалавек Божы. Пра такіх святыя айцы кажуць: «дзіця абракання». Гэта падарунак Божы роду, абяцанне яго выратавання.


Але Міхаіл Лукіч быў не проста вернікам, ён быў «навуковым манахам».
Усе добра ведаюць, што навука вывучае бачны свет, прыроду, космас, сусвет, жыццё чалавека, раслін і жывёл. Пры гэтым шмат хто лічыць, што прырода цалкам самадастатковая і існуе сама па сабе па законах, што дзейнічаюць па прынцыпе самарэгуляцыі. Такі пункт гледжання маюць людзі, якія абагаўляюць прыроду. Гэта так званы пантэізм: маўляў, прырода і ёсць Бог. Насамрэч уся прырода, космас і сусвет ёсць толькі твор Божы, Яго стварэнне, а не Ён сам. Усім і заўсёды ў кожнае імгненне кіруе Бог. І прырода дадзена нам Богам, каб праз яе дзіўныя законы і прыгажосці мы спазнавалі яе Творцу, прыходзілі ад прыроды да Бога.


Адным з важных бакоў такой выдатнай з’явы, як «навуковае манаства», апроч абавязковага малітоўнага подзвігу, якраз і з’яўляецца заданне прыводзіць чалавека да Яго Нябеснага Айца і Апекуна, да Пачатку ўсяго. Гэта і было найважнейшай справай Міхаіла Лукіча. І рабіў ён гэта вельмі мудра, крайне далікатна, неназойліва, у меру духоўнай сталасці кожнага вучня. Прытым, не так словамі, як справай, усім сваім ладам жыцця. Нястомна, бесперапынна, маючы прыкладам Сейбіта Хрыста, ён сеяў зерне добрага, разумнага і вечнага, зерне веры і жыцця. І гэтае зерне давала плён, часам праз многія гады (як было, напрыклад, са мной — праз чвэрць стагоддзя).

І заўсёды, дзякуючы Богу, я дзякую Яму і за тыя святыя прылады Яго, людзей, праз якія Бог заклікаў мяне да сябе.

На жаль, да пачуцця нязменнай падзякі да Міхаіла Лукіча ў мяне заўсёды далучаецца пачуццё глыбокай віны перад ім. У тым, што я яго рэдка наведваў пасля заканчэння школы, у тым, што кінуў яго аднаго ў старасці і хваробах, калі яму асабліва патрэбна была дапамога. Прабач мяне, дарагі мой настаўнік і брат у Хрысце, за гэтыя мае грахі. І, вядома ж, як іераманах заўсёды ўспамінаю цябе на Праскамідыі і ў чарговы раз на Радаўніцу ў малітвах папрашу Бога: «Упокой Господи душу усопшего раба Твоего Михаила в месте светле, в месте злачне, в месте покойне со святыми Твоими, сотвори Ему вечную память и Его молитвами всех нас и меня окаянного смилуйся и помилуй».
Амінь.
Іерасхіманах Рафаіл (Кранштадт), настаяцель парафіі св. блажэннай Ксеніі Пецярбургскай у г. Ростак, абшчын св. блажэннай Матроны Маскоўскай у г. Грайфсвальд, св. роўнаапостальнага Мікалая Японскага ў г. Дэмін, св. вялікамучаніка Георгія Пабеданосца ў г.Штральзунд (Германія).