Четверг, 16 января 2025

Ушанаванне і малітва за супакой душаў. У Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў у Пружанах адбыліся мітынг і паніхіда па загінулых (+многа фота)

905

У апошняй чвэрці ХХ стагоддзя хлопцы, якія ведалі пра вайну толькі з кніжак і фільмаў, раптам трапілі ў сапраўднае пекла, дзе іх паўсюль падпільноўвала небяспека. Удалечыні ад бацькоўскага дома яны хутка пасталелі, вымушаны былі стаць дарослымі, жыццё вымушала іх глядзець смерці ў твар…

15 лютага ў скверы памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, што па вуліцы Тармасава, прайшоў мітынг, прысвечаны 34-й гадавіне вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Сквер памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў на вул. Тармасава ў г. Пружаны.

Прыйшоўшы ў сквер, мы адразу ўбачылі тут пэўныя змяненні. Справа ў тым, што напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў адбылося частковае добраўпарадкаванне месца памяці. Былі выдалены туі, якія згубілі эстэтычны выгляд, праведзена абрэзка дрэў і абноўлены памятныя пліты, для якіх зрабілі адмысловыя кветачніцы. Навядзенне парадку на гэтай тэрыторыі стала магчымым дзякуючы раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане, «Камунальніку» і Пружанскаму малочнаму камбінату.

Яшчэ задоўга да пачатку мітынгу ў скверы пачалі збірацца мужчыны, сардэчна віталіся адзін з адным, а потым разыходзіліся па групах. Падышлі да адной з іх.

— Мы сабраліся тут, каб ушанаваць памяць загінулых сяброў, успомніць маладыя гады. Я сам быў на афганскай вайне паўтара года і за гэты час пахаваў 15 чалавек са сваёй эскадрыллі, — паведаміў Пётр Жабрун.

ДВоіны-інтэрнацыяналісты Уладзімір Ключанкоў, Юрый Кавальчук, Пётр Жабрун і Мікалай Хамчук (злева направа).

— Я ведаў некаторых хлопцаў, чые выявы зараз можна ўбачыць тут на гранітных плітах. Людзі гінулі кожны дзень, шмат хто вярнуўся дамоў у цынкавай труне, — адзначыў Мікалай Хамчук.

— Многія тэлефануюць, віншуюць са святам, але якое ж гэта свята? Гэта дзень скрухі, памяці і жалобы, — выказаўся Юрый Кавальчук.

Віктар Кубарка, які быў на мітынгу разам з жонкай Людмілай, падзяліўся сваім болем:

Віктар Кубарка разам з жонкай Людмілай прыехалі на мітынг з Ружан, каб ушанаваць памяць свайго блізкага чалавека, які загінуў на вайне ў Афганістане.

— Мітынг наведваю штогод, бо сярод прозвішчаў герояў на гэтых таблічках ёсць і прозвішча майго малодшага брата — Анатолія Кубаркі. 15 лютага традыцыйна прыязджаю з Ружан, каб ушанаваць яго памяць. Толік праслужыў у Афганістане менш за год. Ён са сваім узводам стаяў у гарах, вартаваў важны стратэгічны пункт. Там паўсюль было небяспечна, але смяротная куля, якая трапіла ў спіну, напаткала яго нечакана. Снайпер стрэліў з англійскай вінтоўкі «Бур» — раненне навылет, ніякіх шанцаў не было. Такі лёс…

Звыш 15000 савецкіх воінаў загінулі на чужой зямлі, 311 чалавек зніклі без вестак. З часоў Вялікай Айчыннай вайны гэта былі самыя вялікія страты Савецкай арміі, а ўспаміны аб той жудаснай вайне па-ранейшаму болем адклікаюцца ў людскіх сэрцах.

Першым да прысутных на мітынгу звярнуўся старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. Ён адзначыў, што, знаходзячыся далёка за межамі радзімы, інтэрнацыяналісты ў цяжкіх умовах сумленна выканалі воінскі абавязак, прадэманстравалі мужнасць і моц духу.

Старшыня Пружанскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Грышкевіч.

— Яны першыя ў свеце кінулі выклік міжнароднаму тэрарызму і назаўсёды засталіся вернымі воінскай прысязе, — сказаў Міхаіл Міхайлавіч.

Праз вайну ў Афганістане прайшлі 28 832 грамадзяніны Беларусі, 771 чалавек загінуў, больш за 1500 атрымалі раненні. У Пружанскім раёне сёння пражывае 239 ветэранаў той вайны.

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валерый Гарахавіцкі.

— Сёння мы павінны аналізаваць урокі Афганскай вайны, якая пацвердзіла, што ніхто не мае права ўмешвацца ў жыццё іншай краіны і што ні камунізм, ні капіталізм нельга насаджаць сілавымі метадамі, несці ідэю на броні танка. Ніякімі ідэалагічнымі меркаваннямі нельга апраўдаць развязванне вайны. Гэта сур’ёзны ўрок не толькі звышдзяржавам, але і ўсёй міжнароднай супольнасці, — падзяліўся сваім меркаваннем старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валерый Гарахавіцкі.

Моманты памятнага мітынгу.

Слова ўзяў і ваенны камісар Пружанскага раёна падпалкоўнік Кірыл Шаўчэнка:

— Мы схіляем галовы перад светлай памяццю загінулых землякоў. Вы, паважаныя ветэраны, заўсёды будзеце сімвалам беззапаветнага служэння радзіме, прыкладам воінскай доблесці.

Вучаніца 11 класа гімназіі Дар’я Рэпіха.

А вучаніца 11 класа гімназіі Дар’я Рэпіха ўзяла на сябе адказнасць стаць голасам маладога пакалення, ад імя якога запэўніла, што моладзь ганарыцца мужнасцю беларусаў, якія праявілі гераізм і стойкасць падчас суровага выпрабавання вайной.

Падчас ускладання кветак да помніка.

Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінулых мінутай маўчання і ўсклалі вянкі і кветкі да помніка воінам-інтэрнацыяналістам.

Падчас паніхіды ў храме святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага.

Пасля ўсе жадаючыя накіраваліся ў храм святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага, каб памаліцца за спачын душы памерлых воінаў. З’яўленне сонца менавіта падчас паніхіды падалося вельмі сімвалічным. Быццам бы ў адказ на агульную малітву «афганцаў», сонечны прамень праз вокны храма перадаў прывітанне ад былых таварышаў па службе, ад тых, хто заўчасна пайшоў з жыцця…

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з мітынгу: https://vk.com/album-23306785_291261421 і https://ok.ru/budni/album/955554136712