Понедельник, 2 декабря 2024

Усе па мяса і каўбасы — у «Новы мясны» ад ААТ «Жураўлінае»! (+многа фота і відэарэпартаж)

562

Як кажа адзін мой знаёмы, у яго любімыя стравы тыя, у якіх ёсць мяса. Цяжка з ім паспрачацца, бо з дзяцінства памятаю матуліны смачныя катлеты, дамашнія каўбасы, мясныя рулеты і паляндвіцы. І ў нашым раёне прыхільнікаў мясной прадукцыі даволі многа. Пацвярджэннем гэтаму можа быць вялікая колькасць пакупнікоў, што сабраліся ў раённым цэнтры на адкрыццё магазіна «Новы мясны» ААТ «Жураўлінае». Адбылася ўрачыстасць у сераду бягучага тыдня.

Новая гандлёвая кропка — шостая па ліку ў сельгаставарыстве, і размясцілася яна ў горадзе па вуліцы Юбілейнай, 2Г. Гаспадарка абнавіла размешчаны тут будынак, цяпер ён выглядае стыльна, прыгожа, прыцягвае вока і як бы запрашае прахожых не праходзіць міма. Забягаючы наперад, скажу, што мясны асартымент парадуе любога гурмана.

Паважаным госцем на ўрачыстым адкрыцці новага магазіна была намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Святлана Ханавец. Яна падкрэсліла, што для работнікаў ААТ «Жураўлінае» гэты дзень святочны, бо паказвае іх карпатлівую працу і жаданне ісці наперад, расці ў плане развіцця гандлю, які прыносіць немалы прыбытак гаспадарцы. Таксама Святлана Мікалаеўна адзначыла, што прадукцыя сельгаставарыства вельмі смачная і карысная, зробленая з душой, і выказала спадзяванне, што пакупнікі будуць з задавальненнем рэкламаваць новы магазін сваім родным і знаёмым.

А намеснік дырэктара ААТ «Жураўлінае» па ідэалагічнай рабоце Зінаіда Усік дадала:

— Цяпер задача гаспадаркі — на пастаяннай аснове забяспечваць новы магазін сваёй мясной прадукцыяй. І задача будзе выканана, прылаўкі пуставаць не будуць, хопіць усім і ўсяго.

Пасля пераразання чырвонай стужкі людзі адразу ж запоўнілі залу магазіна. Яна невялікая, а асартымент сапраўды ўражвае!

Тут вы можаце купіць любую частку ад свіной тушы, унутранасці, а што да паўфабрыкатаў…

Сала, катлеты, фарш, свіныя і курыныя рулеты, каўбасы, наборы для булёну, галубцы, блінчыкі, чабурэкі… Усю гэтую разнастайнасць лепш пабачыць на свае вочы.

Акрамя таго, у магазіне шырока прадстаўлена прадукцыя Пружанскага малочнага камбіната, выкладзены хлебабулачныя вырабы Аранчыцкага ХПП.

Прыгожа выстаўлены розныя напоі, прыправы. ААТ «Жураўлінае» таксама плануе папоўніць асартымент магазіна яблыкамі са свайго саду. Мяркуецца, што ў горадзе з’явіцца яшчэ адна падобная гандлёвая кропка.

Паважаныя пружанцы, ААТ «Жураўлінае» запрашае вас пачаставацца мяснымі далікатэсамі і запэўнівае, што вы застаняцеся задаволенымі і сытымі.

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы з адкрыцця магазіна: https://vk.com/album-23306785_295780831 і https://ok.ru/budni/album/966701738632