Четверг, 5 декабря 2024

Усе мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі ў 2023 годзе выкананы. Падрабязнасці расказала начальнік інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Дрозд

193

Штогод гаспадарчаму стаўленню да зямлі раённая ўлада надае значную ўвагу. Пацвярджэннем гэтаму з’яўляецца складанне штогадовага плана мерапрыемстваў, які зацвярджае старшыня райвыканкама. Але ж галоўнае не запланаваць, а рэалізаваць задуманае. Ці атрымалася гэта летась? Гэта пытанне мы адрасавалі начальніку раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вользе Дрозд.

— У мінулым 2023 годзе ўсе запланаваныя мерапрыемствы былі рэалізаваны ў поўным аб’ёме, — паведамляе Вольга Міхайлаўна. — Варта адзначыць, што спіс быў сапраўды рэкорднага аб’ёму, і радуе, што нават пры існаванні аб’ектыўных перашкод нявыкананага не засталося.

У прыватнасці, падчас правядзення работ па добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў адрамантавана 12 спартыўных і дзіцячых гульнявых пляцовак, устаноўлена і адрамантавана 8 кантэйнерных пляцовак, а таксама 20 кантэйнераў, у тым ліку 10 — для раздзельнага збору адходаў, рэканструявана каля гектара газонаў, адноўлена амаль 40 тысяч квадратных метраў вулічна-дарожнага пакрыцця. У дадатак знесена 90 пустуючых і трухлявых будынкаў (пры плане 78), пасаджана 1600 дрэў, 1066 кустоў (пры заданні 600 і 400 адпаведна).

На сельскагаспадарчых аб’ектах выкананы тампанаж 17 невыкарыстоўваемых артэзіянскіх свідравін (пры заданні 5), уведзена ў гаспадарчы абарот 11 га пустуючых земляў. Акрамя таго, увага надавалася і стану аўтамабільных дарог на тэрыторыі раёна. Уздоўж трас сабрана бураломная драўніна, спілаваны небяспечныя дрэвы.

З мэтай падтрымання ў належным стане і ўладкавання месцаў масавага збору людзей (зоны адпачынку ля вады і могілкі) адрамантавана 8 малых архітэктурных формаў, зроблены дзве аўтамабільныя і столькі ж веласіпедных стаянак, устаноўлена 6 кантэйнераў для збору адходаў, абсталявана 4 спартыўныя пляцоўкі, 2 грамадскія туалеты, а таксама адрамантавана агароджа на могілках Стараволі, Шарашэва (праваслаўныя), Бакуноў, Параслян, Лыскава.

— Няўжо ўсюды настолькі ідэальная сітуацыя?

— На жаль, поўным парадкам пахваліцца мы не можам. Нягледзячы на прымаемыя меры, нярэдка выяўляюцца парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства, у тым ліку на землях сельгаспрадпрыемстваў, тэрыторыях сельскіх населеных пунктаў.

Падчас ажыццяўлення кантролю за выкананнем плана па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў у мінулым годзе раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя было праведзена 179 абследаванняў, па выніках якіх выяўлена 451 парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства. Часцей за ўсё, гэта несанкцыянаванае размяшчэнне адходаў у ваколіцах вёсак або паблізу ад вытворчых аб’ектаў аграпрамысловага комплексу.

Усяго за 2023 год вынесена 97 пастаноў, з іх папераджальнага характару — 85 і 12 з накладаннем спагнання на агульную суму больш за 23,5 тысячы рублёў. У тым ліку ў стаўленні юрыдычных асоб вынесена 7 пастаноў аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе накладання штрафу на суму 17760 рублёў. Па фактах засмечвання земляў складзена 7 актаў і прад’яўлена столькі ж прэтэнзій на суму 7373 рублёў. Варта дадаць, што ўсе выяўленыя парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства ўхілены, за выключэннем недахопаў, выпраўленне якіх патрабуе фінансавых выдаткаў (знос неэксплуатуемых аб’ектаў, эксплуатацыя гідратэхнічных збудаванняў).

Напрыканцы года спецыялістамі адказных службаў і прадстаўнікамі суб’ектаў гаспадарання раёна праведзены абследаванні тэрыторый (аб’ектаў) і вынесены прапановы для фарміравання раённага плана па навядзенні парадку на зямлі на 2024 год. Спадзяюся, што разам мы зробім наш рэгіён больш прыгожым.

Гутарыў Алег Сідарэнка

Фота Кацярыны Масік