Суббота, 18 мая 2024

Усе чатыры гаспадаркі раёна, дзе вырошчваюцца цукровыя буракі, прыступілі да іх уборкі. Рэпартаж з ААТ «Шані-аграпрадукт»

488

З палеткаў – прама на завод у Жабінцы. Такі маршрут праходзіць самая салодкая культура – цукровыя буракі. На Пружаншчыне яе вырошчваннем займаецца ўсяго чатыры гаспадаркі. Хтосьці прыступіў да ўборкі на мінулым тыдні, хтосьці пачаў літаральна пару дзён таму. Але ўсе ўжо ўключыліся ў работу. Вядзецца яна і ў ААТ «Шані-аграпрадукт».

Калі глядзіш здалёк, здаецца, што на палях таварыства склалі камяні. Насамрэч, з такіх «валуноў» праз нейкі час атрымліваюць горы салодкія – цукар.

Вырошчваннем цукровых буракоў у Шанях займаюцца не першы год. Галоўны аграном Таццяна Ігараўна Наджафава расказвае, што сёлета пасеялі сем гібрыдаў нямецкай і польскай селекцыі. У параўнанні з мінулым годам, гатункі крыху абнавілі. Каб ураджай у выніку парадаваў, з красавіка да часу ўборкі правялі тры апрацоўкі.

— І, трэба сказаць, буракамі мы пакуль што задаволеныя. Уборку пачалі 25 верасня. Спачатку тэхніка выйшла на цяжкадаступныя палі. Але пры гэтым з 325 га на раніцу 1 кастрычніка мы ўбралі 58 га і атрымалі 2900 тон. Сярэдняя ўраджайнасць цукровых буракоў пакуль што складае 500 ц/га, — адзначыла Таццяна Ігараўна.

Механізатара Эдуарда Аляксеевіча Вярэніча.

На полі, якое знаходзіцца ў нізіне, мы і заспелі механізатара Эдуарда Аляксеевіча Вярэніча. Сёння мужчына працуе ў першую змену. Кажа, што на поле выйшаў у сем раніцы. Пасля 15 гадзін яго змяняе Аляксандр Васільевіч Бяляеў, які звычайна працуе вадзіцелем, але на час уборкі буракоў перасаджваецца на камбайн.

Дарэчы, тэхніка ў гаспадарцы не новая. Нямецкі камбайн KLEINE, на якім шчыруе Эдуард Аляксеевіч, задзейнічаны на ўборцы буракоў ажно шаснаццаты сезон, але не падводзіць. Сам механізатар, для якога «Шані-аградукт» сталі роднымі больш за 30 гадоў таму, на такіх работах працуе другі год запар.

— Працаваць зараз камфортна: не спякотна, не пыльна, не тое, што летам, — усміхаецца механізатар. — У сярэднім за змену мы з напарнікам праходзім па 10 га. Спачатку камбайн зразае бацвінне, затым караняплоды трапляюць у бункер. Ну, а калі той запаўняецца, выгружаем буракі на ўжо ўбраны ўчастак, – расказвае пра тэхналогію Эдуард Аляксеевіч.

Механізатар Мікалай Міхайлавіч Бабрук

Наступны этап – пагрузка буракоў у «МАЗ». З гэтай задачай выдатна спраўляецца механізатар Мікалай Міхайлавіч Бабрук. Пагрузчык, на якім працуе мужчына, таксама фірмы KLEINE. За змену ён дазваляе перагрузіць да 1000 тон, а аўтамабіль «МАЗ» здольны за раз забраць з поля да 25 тон ураджаю.

Каб не марнаваць час, цукровыя буракі адразу вязуць у Жабінку. Увесь ураджай – гэта дзяржзаказ. Але, па словах Таццяны Ігараўны, закупачны кошт на буракі, у параўнанні з мінулым годам, упаў. Ён таксама залежыць і ад цукрыстасці караняплодаў. Цяпер яна складае 15,71%. З улікам таго, што наперадзе – уборка лепшых палёў, ёсць усе шанцы дасягнуць базіснай цукрыстасці ў 16%. Да таго ж, з Жабінкаўскага завода прадпрыемства атрымлівае жамерыны і патаку, якія ідуць на корм жывёле. Галоўны аграном адзначае, што пакуль ёсць попыт на культуру, у гаспадарцы яе гатовы вырошчваць і далей.

Усяго салодкія плошчы ў ААТ «Агра-Калядзічы», «Шані-аграпрадукт», «Мурава» і «Велікасельскае Агра», па дадзеных райсельгасхарчу, сёлета займаюць 1100 гектараў. Найбольшыя – у апошняй гаспадарцы – 350 га. Там жа адзначаецца найлепшы валавы збор культуры — 4970 т. А вось самая высокая ўраджайнасць – у «Агра-Калядзічах» — 700 ц/га.

Механізатар Эдуард Аляксеевіча Вярэніч і галоўны аграном Таццяна Ігараўна Наджафава.

«Шані-аграпрадукт» займае другое месца па плошчы. Як адзначае Т.І.Наджафава, калі надвор’е не падвядзе, цукровыя буракі будуць убраны з палёў прыкладна за месяц.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік