Урачыстае пасяджэнне і канцэрт, прысвечаныя абаронцам Айчыны, прайшлі ў гарадскім Палацы культуры Пружан у дзень свята, 23 лютага.

Са мной пагодзяцца многія, што абаронцамі Айчыны ў наш час можна лічыць не толькі мужчын, але і нашых выдатнейшых жанчын. Прайшоў той час, калі служба ў радах Узброенных Сіл была прэрагатывай моцнай паловы чалавецтва. Нялёгкую армейскую службу нясуць і жанчыны. Няма сумненняў, што і ў наш час, той, хто па розных прычынах не праходзіў тэрміновую службу, пры ўзнікненні цяжкіх абставін, калі таго запатрабуе Радзіма, стане на яе абарону. Спадзяюся, што не дапусцім мы вайны, але мірнае жыццё цяпер вельмі нетрывалае. На яго замахваюцца многія. Карціць ім, што ёсць яшчэ мірныя краіны. Аб гэтым, а яшчэ аб гераізме нашых продкаў, сучаснікаў, патрыятычным выхаванні гаварыў у сваім звароце да сабраўшыхся старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч.
Затым пачаўся канцэрт майстроў мастацтваў Пружаншчыны. Былі вельмі цікавыя нумары, якія адпавядалі ўрачыстасці моманту. Як заўсёды, сваё майстэрства паказалі нашы вядомыя ўзорныя «Круцёлачкі». Трэба аддаць належнае іх мастацкаму кіраўніку Аксане Ільюшонак, што змагла стварыць такі шэдэўр мастацтва. Зразумела, трэба аддаць даніну і юным талентам. У ансамблі кожнага можна назваць салістам.
Уразіла майстэрства ўзорнага хору «Вітанак», мастацкі кіраўнік Ірына Буланькова.

Радаваў слых сваім віртуозным выкананнем народны эстрадны аркестр «Біг-Бэнд» пад кіраўніцтвам Сяргея Більшэвіча.
Апагеем урачыстага мерапрыемтсва стала ўзнагароджанне воінаў-інтэрнацыяналістаў юбілейнымі медалямі з нагоды 35-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Гэтую ганаровую місію выканаў ваенны камісар Пружанскага раёна Кірыл Шаўчэнка. Віншуем нашых гераічных людзей!
Віктар Ільюшчанка.
Фота Кацярыны Масік
Фотаальбомы з канцэрта: https://vk.com/album-23306785_301698742 і https://ok.ru/budni/album/975566916488